Вялікая субота. Вернікі рыхтуюцца да Вялікадня


Сёння ў католікаў, пратэстантаў і ўніятаў Вялікая субота. Гэтым днём завяршаецца Перадвелікодны тыдзень, а вернікаў чакаюць прыемныя клопаты, звязаныя з гатаваннем страваў да велікоднага святкавання. Аднак святкаваць можна не паўсюль: менскія ўлады забаранілі праводзіць велікодныя службы каля закрытага Чырвонага касцёлу ў Менску, бо лічаць іх, цытата, масавым мерапрыемствам. Адпаведны ліст атрымалі вернікі за подпісам намесніка старшыні Менгарвыканкаму Арцёма Цурана.

Вялікая субота – дзень напярэдадні Вялікадня – свята ўваскрашэння Хрыста. Вернікі па традыцыі прыходзяць у храмы асвяціць ежу і ваду, памаліцца, паразважаць пра таямніцы збаўлення і адчуць набліжэнне самага светлага хрысціянскага свята.

Вялікую суботу яшчэ называюць ціхаю, бо гэта не час для шумнай весялосці і гучных гулянняў. У гэты дзень заканчваецца Перадвелікодны тыдзень, падчас якога згадваюць пакуты і смерць Хрыста.

«Свята ўваскрашэння Хрыста – гэта найважнейшае свята для нашай хрысціянскай веры. Калі б Хрыстос не ўваскрэс, як кажа святы Павел, дарэмнаю была б нашая вера. Не было б сэнсу верыць у Бога. Хрыстос уваскрэс, перамог смерць, жыве, ёсць з намі. Мы гэта адчуваем падчас кожнай святочнай імшы, калі прыходзім у касцёл на нядзельную еўхарыстыю», – сказаў пробашч парафіі Маці Божай Анёльскай а. Герард Калатэк.

Не першы год пасля вымушанага пераезду некаторыя беларусы сустракаюць свята за мяжой, удалечыні ад дому. Некаторыя касцёлы ладзяць адмысловыя набажэнствы па-беларуску. У Вільні імша прайшла ў касцёле Святога Барталамея.

«Гэта такое пачуццё, якое патрэбна многім беларусам, таму што людзі праходзяць пустыню, выпрабаванні, пераезды. І свята Уваскрашення нагадвае ім, што зло будзе пераможанае», – сказаў вернік Алесь Красоўскі.

У Вялікую суботу ў бажніцах асвячаюць велікодныя стравы. Паводле традыцыі, у святочным кошыку абавязкова мусяць быць хлеб, які прыпамінае «хлеб жывы, які сышоў з нябёсаў», вяндліна як напамін пра велікоднага баранка і соль, якая ахоўвае нас ад сапсаванасці. І, вядома ж, галоўны атрыбут велікоднага стала – яйкі, пафарбаваныя ў чырвоны колер. Багаты велікодны стол – прыемная і доўгачаканая частка традыцыі для тых, хто рыхтаваўся да святкавання, строга прытрымліваючыся Вялікага паста.

«У гэты перыяд ідзе шчыльная праца над самім сабою, і гэта вельмі вялікая падрыхтоўка. А так, ну што, купілі каўбасы, мяса, яйкі пафарбавалі, а да гэтага добра памаліліся – вось такая падрыхтоўка», – дадаў Алесь Красоўскі.

Велікодная вігілія лічыцца найважнейшым богаслужэннем цягам усяго касцельнага года. У ноч з суботы на нядзелю ва ўсіх парафіях адбудуцца ўсяночныя набажэнствы, пасля чаго ўжо можна будзе абвесціць сваіх родных і блізкіх, што Хрыстос уваскрэс.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»