Слуцкае выданне «Інфа-Кур'ер» спыняе працу


Зачышчэнне медыяпрасторы Беларусі працягваецца. Гэтым разам пад рэпрэсіўную машыну трапіла слуцкае выданне «Інфа-Курʼер». «Дзякуем! За пражытыя 23 гады нам не сорамна!» – гэтак развітваецца рэдакцыя «Інфа-Курʼера» са сваймі чытачамі. Слуцкае выданне вымушанае спыніць працу пасля таго, як 5 красавіка суд Партызанскага раёну прызнаў яго матэрыялы экстрэмісцкімі.

«Пра гэта балюча казаць. Пра гэта можна казаць толькі са слязьмі на вачах, суцяшаючы адно аднаго тым, што мы стараліся працаваць, як казалі і самі чыноўнікі (асабліва пасля пакідання сваіх пасадаў), прафесійна». – піша сваім чытачам рэдакцыя.

Раней суд прызнаў экстрэмісцкімі толькі 6 матэрыялаў выдання пра падзеі 2020 года. Цяпер жа гэта ўся прадукцыя «Інфа-Курʼера» – у тым ліку сацыяльныя сеткі.

Пераслед выдання ўзмацніўся 15 сакавіка, калі ў рэдакцыі правялі ператрус. Тады затрымалі галоўнага рэдактара Сяргея Станкевіча і ягонага намесніка Алега Рубчэню. Журналісты атрымалі 15 содняў арышту. 30 сакавіка яны выйшлі на волю.

«Гэта болей чым выданне. Гэта нейкі камʼюніці-цэнтр для случан. У Курʼер ішлі людзі з праблемамі, якія мы дапамагалі вырашаць – падказкамі ці справамі. Пасля нашых публікацыяў, дзе мы асвятлялі гарадскія праблемы, спрацоўвалі розныя службы: ад камунальшчыкаў да медыкаў і іншых структур», – распавядае рэдактар-выпускальнік друкаванай версіі «Інфа-кур’ер» Жанна Аўдзеева.

Рэдактар-выпускальнік Жанна Аўдзеева распавяла, што нават у школах дзеці вывучалі гісторыю раёну з дапамогаю артыкулаў газеты – за 23 гады працы «Інфа-Курʼер» падняў вялікі пласт краязнаўства Случчыны. Гэта была адзіная незалежная рэгіянальная газета, якая яшчэ выходзіла на паперы, а таксама адна з нешматлікіх крыніцаў для СМІ ў выгнанні. Блізкасць да сваёй аўдыторыі – галоўны плюс гэткіх рэгіянальных выданняў, упэўнены намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі:

«Гэта іх гісторыя поспеху, бо мясцовыя раёнкі заўсёды працуюць кандова – друкуюць гэтыя развароты белтаўскія, дасланыя з Менску, а рэгіянальныя медыя пішуць пра тое, што рэальна хвалюе людзей. Гэта крыніца інфармацыя і для вялікіх выданняў, і магчымасць для дыскусіі людзей з супольнасці на месцах».

Выданні ў Беларусі спрабуюць балансаваць, не закранаючы вострых палітычных тэмаў, аднак і гэта ратуе не заўжды.

Гэтак, кожны нумар газеты «Беларусы і рынак» вычытвалі некалькі разоў, адпраўлялі ў ведамствы для правярання. Але пазаўчора дырэктару выдання Канстанціну Залатых прысудзілі 4 гады калоніі.

«Увесь час унутры сябе праводзіць вельмі сурʼёзныя абмежаванні, увесь час думаць пра тое, што б не зашкодзіла ім выжыць – але і гэта не дае ніякай стоадсоткавай гарантыі. Бо як толькі ў нейкага мясцовага ці рэспубліканскага чыноўніка раптам вока трапіць на той ці іншы сайт – гэты сайт імгненна знішчаецца, імгненна прызнаецца экстрэмісцкім», – тлумачыць Барыс Гарэцкі.

Гэтак, летась 9 незалежных медыяў прызнаныя экстрэмісцкімі фармаваннямі. А таксама за мінулы год паспелі аформіць 17 крымінальных прысудаў журналістам і 20 адміністратыўных арыштаў, правесці 55 ператрусаў і 43 затрыманні. За кратамі застаюцца 35 працаўнікоў медыяў.

Яна Шэк, «Белсат»