Вярхоўны суд распачаў першы суд над нябожчыкам


Вярхоўны суд распачаў першы ў Беларусі працэс над нябожчыкам. Памерлага дзевяць гадоў таму грамадзяніна Канады ўкраінскага паходжання Уладзіміра Катрука, аднаго з імаверных катаў Хатыні, вінавацяць у генацыдзе. У справе – трыццаць пяць тамоў і каля сарака сведкаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Катрук служыў у сфармаваным з палонных чырвонаармейцаў 118 батальёне ахоўнай паліцыі, які лічыцца адказным за знішчэнне жыхароў Хатыні. У савецкі час на смяротную кару асудзілі саслужыўцаў Катрука, таксама ўкраінскага паходжання: Васіля Мялешку і Рыгора Васюру. Крымінальную справу тады засакрэцілі.

«Савецкім уладам было вельмі невыгодна паказваць тое, што ў гэтых рэпрэсіях удзельнічалі калабарацыяністы: украінцы, расейцы, беларусы. Тыя, хто супрацоўнічаў з акупацыйнымі менскімі ўладамі», – распавёў гісторык Сяргей Кедышка.

Сёння ж рэжым не прыхоўвае ўкраінскага паходжання Катрука.

«Гэта сімвалічная расправа над украінцамі, якія змагаюцца за сваю свабоду, а па-другое – над беларускай апазіцыяй, якая падтрымлівае іх», – лічыць палітолаг, філосаф Пётр Рудкоўскі.

Справу ў «генацыдзе беларускага народу» ініцыяваў у 2021 годзе генпракурор Андрэй Швед. Пад ягонай рэдакцыяй выдалі кнігу, дзе поруч з фота нямецкіх нацыстаў і калабарантаў – пратэстоўцы 2020-га. Пракуроры напісалі і адпаведныя падручнікі для школаў. Чаму пра генацыд узгадалі толькі цяпер?

«Гэта паралель паміж калабарантамі Другой сусветнай вайны і сённяшнімі апазіцыянерамі, прыхільнікамі дэмакратыі, сярод якіх шмат прыхільнікаў беларускага адраджэння», – дадаў Пётр Рудкоўскі.

«Улада Лукашэнкі хоча сказаць, што гэта не яны чыняць генацыд беларускага народу, а нехта іншы – тыя людзі, якія асацыявалі сябе з пагоняй і нацыянальным сцягам. Нібыта вось яны адказныя за генацыд беларускага народу», – заявіў юрыст НАУ Міхаіл Кірылюк.

Уладзімір Катрук, якога пачалі судзіць у Вярхоўным судзе Беларусі. Крыніца: shliah.by

Паводле гісторыка Леаніда Смалявіцкага, тэрмін «генацыд» азначае татальнае вынішчэнне на падставе пэўнай прыкметы. Да дзеянняў нацыстаў супраць беларусаў больш пасуе азначэнне «ваенныя злачынствы».

«Ваенныя злачынствы – гэта акцыі адплаты, пакаранні за тое, што народ супраціўляўся. Гэта значыць, ставілася пытанне так: калі ты супраціўляешся – мы цябе знішчым», – лічыць доктар гістарычных навук з Ізраілю Леанід Смілавіцкі.

Пры гэтым улады ігнаруюць злачынствы савецкіх партызанаў і дзейнасць арміі Уласава супраць мірнага беларускага насельніцтва.

«На жаль, не шмат партызанскіх атрадаў насамрэч вялі актыўныя баявыя дзеянні. Збольшага савецкая партызанка – гэта атрады, якія папросту не хацелі ўдзельнічаць у вайсковых дзеяннях, хаваліся ў лесе і вось такім чынам зафіксаваліся ў памяці народу як нейкая бандыцкая сіла, якая сядзела ў лесе», – паведаміў гісторык Сяржук Кедышка.

Паводле генпракурора Шведа, расследаванне генацыду зойме 5-7 гадоў. Сёлета ў суд накіруюць яшчэ да пятнаццаці справаў супраць нябожчыкаў. Яшчэ каля чатырохсот асобаў, датычных нібыта генацыду, жывыя, але застаюцца за межамі Беларусі. Аднак краіны Захаду адмаўляюцца ад супрацы ў расследаванні, наракаюць лукашэнкаўскія пракуроры.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»