Пад Менскам хочуць павялічыць палігон для збору адкідаў


Пластык у жоўты кантэйнер, шкло – у зялёны, паперу – у сіні. Найпрасцейшае правіла сартавання, якое, падавалася б, беларусы добра засвоілі і выконваюць. Аднак палігоны вакол гарадоў працягваюць расці.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Гэтак, на палігоне для збору цвёрдых камунальных адкідаў «Трасцянецкі» пад Менскам плануюць пашырыць пляцоўку для захавання смецця на пачатку 2024 года.

«Ён цалкам новы палігон, адкрыўся практычна гадоў пяць. І гэта быў дастаткова вялікі катлаван. У той жа час, калі цяпер заехаць у “Трасцянец”, фактычна там гара адкідаў, параўнальная з трохпавярховымі будынкамі», – распавядае пра цяперашні стан палігону Дзмітрый Кучук, дырэктар смеццесартавальнай станцыі «Заходняя».

Праблема ў больш хуткім утварэнні адкідаў, чым разлічвалі.

«У 2021 годзе 25 % усяго сабранага смецця ішлі на перапрацоўванне, але праблема ў тым, што колькасць адкідаў у цэлым расце і расце колькасць адкідаў, якія нельга перапрацаваць», – тлумачыць эколаг і спецыяліст па адкідах.

Каб спраўляцца з аб’ёмамі адкідаў, у планах камунальнікаў была пабудова заводу для спальванні смецця да 2023 года на базе менскай ЦЭЦ-4.

«Думаю, што ва ўладаў няма магчымасцяў фінансаваць гэты праект, бо гэта дастаткова сурʼёзныя грошы, каля 200–300 млн. І ён фактычна непатрэбны для Менску, прасцей укласціся ў аўтаматычныя сучасныя сартавальнікі», – мяркуе Дзмітрый Кучук.

У Беларусі прадугледжаны штраф за няправільнае сартаванне – да 960 рублёў. Аднак нашыя суразмоўцы называюць гэта неэфектыўнай захадай. Найлепей было б мадэрнізаваць інфраструктуру збору і павялічыць магутнасці перапрацоўвання. Мы ж запыталіся ў нашых гледачоў, ці сартуюць яны смецце і што найболей засмучае ў гэтай добрай справе:

«Раздзяляю пабытовыя, шкло і пластык плюс папера – тры катэгорыі. Здаецца, што шкло, пластык, папера ідуць у выніку ў адзін смеццявоз, таму моцна пераймацца і аддзяляць паперу ад пластыку я ўжо не стаў».

«Сартую. Няхай і маленькі, але ўнёсак у экалогію».

«Зусім не сартую, усё ў адно вядро, а сэнс гэта рабіць, калі пасля ў адзін смеццявоз усё ссыпаюць?».

Як бачым, людзі можа б і сартавалі, але іх абурае, што ўсе намаганні марныя, калі адкіды забіраюць у адзін смеццявоз. І гэта самы распаўсюджаны міф аб зборы другасных рэсурсаў. Бо паперу, шкло і пластык сапраўды могуць забіраць адначасова і ў адну машыну. Дасартаванне адбудзецца на лініі перапрацоўчага прадпрыемства. А вось калі разам з другаснымі рэсурсамі выкідаюць пабытовыя адкіды – гэта ўжо парушэнне.

Яшчэ адно парушэнне – перапоўненыя кантэйнерныя пляцоўкі. Якраз з такою праблемаю звярнуліся да нас жыхары вуліцы Лазо ў Віцебску. Адкіды адсюль не вывозіліся ўжо чатыры дні.

У выпадках, калі адкіды не вывозяцца з кантэйнерных пляцовак, варта звяртацца ў кампанію, з якой заключаная дамова, або ў жыллёва-камунальную гаспадарку і разбірацца ў прычынах. І найперш у гэтым зацікаўленыя самі жыхары, бо гэта не толькі стварэнне антысанітарных умоваў, але і вашыя грошы.

Марыля Дакуцька, «Белсат»