Беларуская эканоміка «прытарможвае»?


Беларускія кампаніі сталі менш пазычаць грошаў. І гэта асноўная прычына замаруджвання тэмпаў крэдытавання ў краіне, адзначылі аналітыкі Еўразійскага банку развіцця. Прынамсі, крэдытны партфель банкаў, то бок усе даўгі пазычальнікаў, летась у лістападзе вырас на паўтара адсотка ў параўнанні з кастрычнікам. Хаця дагэтуль месячныя тэмпы росту былі большымі ўдвая.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Ужо адбылася такое насычванне беларускага рынку крэдытамі. Калі б прадпрыемствы працягвалі браць крэдыты, то гэта ўжо б не мела сэнсу. Бо ў іх ёсць пэўная колькасць працаўнікоў, пэўныя магутнасці, якія яны могуць размяшчаць і дзеля якіх браліся крэдыты для нарошчвання вытворчасці», – патлумачыла экспертка Цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC» Настасся Лузгіна.

На адрозненне ад кааператыўнага сектару, насельніцтва працягвае пазычаць грошы ў банкаў на былым узроўні: павелічэнне запазычанасці ў лістападзе склала два адсоткі. Агулам жа тэндэнцыі ў галіне крэдытавання могуць сведчыць, што перыяд высокіх тэмпаў аднаўленчага росту эканомікі скончыўся, зазначылі ў ЕАБР.

«На нізкай базе 2022 года, плюс – стымулюючая палітыка дзяржавы правакавала тое, што прадпрыемствы актыўна бралі крэдыты, крэдыты рабіліся таннейшымі. Шэраг прадпрыемстваў мелі патрэбу ў гэтых крэдытах, у тым ліку за кошт рэалізацыі пэўных інвестыцыйных праектаў і якіх-небудзь іншых сваіх патрэбаў. І мы назіралі досыць актыўную дынаміку», – дадала Настасся Лузгіна.

Станоўчыя працэсы адбываліся не толькі ў асобных галінах, але і агулам у эканоміцы, адзначыла экспертка. Гэтак, за 11 месяцаў 2023 года ВУП Беларусі вырас на 3,8 адсотка. Пазітыўны настрой рэжым захоўвае і на 2024-ы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Нацыянальны банк Беларусі.
Фота: sb.by

«Асноўная мэта – рост эканомікі на ўзроўні 103,8 адсотка, гэта значыць, вышэй за сярэднесусветныя тэмпы. Упор робім на вонкавы попыт і нарошчванне экспарту, які, паводле нашых прагнозаў, павінен павялічыцца на 7,6 адсотка», – заявіў намеснік міністра эканомікі Андрэй Картун у інтэрв’ю выданню «СБ. Беларусь сегодня».

Пры гэтым чаканні ЕАБР больш стрыманыя: ВУП Беларусі за 2024 год павысіцца ўсяго на 2 адсоткі. Адрозніваюцца і прагнозы, датычныя інфляцыі. Пры афіцыйных 6 адсотках у Еўрапейскім банку развіцця кажуць пра магчымыя 8 адсоткаў. Прычынамі гэткага росту называюць высокі попыт ды паслабленне беларускага рубля адносна расейскага на фоне чаканага паскарэння інфляцыі ў Расеі.

«Усё, што цяпер адбываецца… Беларусь сваю эканоміку завязвае на Расею, якая цяпер самая падсанкцыйная краіна ў свеце», – адзначыў дарадца Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжою Яраслаў Кот.

Дый сам рэжым Лукашэнкі застаецца пад міжнароднымі санкцыямі і працягвае выступаць суагрэсарам у вайне Расеі супраць Украіны. У такіх умовах, мяркуюць эксперты, глабальных пазітыўных зменаў для эканомікі Беларусі сёлета чакаць не выпадае.

Ірына Юрʼева, «Белсат»