Дзень грамадзянскай авіяцыі адзначаецца на фоне санкцыяў


Падарунак, у двукоссі, атрымала «Белавія» да міжнароднага дня грамадзянскай авіяцыі ад Злучаных Штатаў. Вашынгтон чарговы раз падоўжыў экспартныя абмежаванні ў дачыненні беларускай авіякампаніі – на паўгода.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта прамыя наступствы дыктатуры рэжыму Лукашэнкі, таго рэжыму ўзаемадзеяння са светам, які ён выбраў. І калі не зменіцца гэты рэжым, “Белавія” не мае шанцаў стаць паўнавартаснай кампаніяй, якая будзе зарабляць грошы», – лічыць галоўны эканаміст Офісу простых рашэнняў і вынікаў у Кіеве Яраслаў Раманчук.

Міжнародныя санкцыі ў дачыненні «Белавія» ўвялі ў 2021-м, пасля таго, як улады Беларусі гвалтоўна пасадзілі ў Менску самалёт кампаніі «Ryanair» Афіны-Вільня. З таго рэйсу знялі журналістаў Рамана Пратасевіча і Соф’ю Сапегу. Тады ўлады скардзіліся, што страты складаюць больш за 10 мільёнаў долараў штомесяц. Пазней да санкцыяў дадаліся абмежаванні за суагрэсію рэжыму ва Украіне.

«Ніякіх перадумоваў да адмены санкцыяў у бліжэйшы час няма. Самалёты “Белавія” з чорнага спісу працягваюць лятаць за мяжу і тым самым наклікаюць на сябе падаўжэнне заходніх санкцыяў», – патлумачыў нам эксперт у галіне авіяцыі на ўмовах ананімнасці.

У Беларусі няма магчымасці набываць новыя самалёты, а тыя, якія былі ў лізінгу, давялося вярнуць. Таму ў параўнанні з дасанкцыйным перыядам паветраны парк «Белавія» зменшыўся больш чым удвая: з 29-ці самалётаў да 13-ці. Няма таксама магчымасці абслугоўваць «Боінгі» і «Эмбраеры» ў афіцыйных дылераў.

«Патрэбныя беларусам запчасткі здымаюць з авіяпарку, які не лётае ў цяперашні час, або замаўляюць з трэціх краінаў. То бок не на заводах-вытворцах або дапушчаных да абслугоўвання фірмах. Як гэта праварочваюць – вялікая таямніца», – гаворыць Аляксандр Азараў у расследаванні «BYPOL».

Цягам апошніх месяцаў стала вядома прынамсі пра чатыры інцыдэнты з самалётамі «Белавія». Ад разгерметызацыі да няспраўнасці шасі. Але беларускія пілоты скрайне рэдка ідуць на запасныя аэрадромы, падкрэслівае Аляксандр Азараў:

«У большасці выпадкаў, калі правільней ісці на запасны аэрадром, пілоты ідуць на рызыку і шляхам некалькіх заходаў стараюцца пасадзіць самалёт у прызначаным пункце. Чаму так адбываецца? На пілотаў аказваюць маральны ціск, хоць, паводле ўсіх правілаў, такое недапушчальна».

Развязаць праблему змяншэння авіяпарку і адсутнасці дэталяў у кампаніі плануюць, набываючы самалёты расейскай вытворчасці. Але гэта справа не хуткая, кажа эксперт у галіне авіяцыі:

«У сярэдзіне лістапада стала вядома пра перанос на 2024 год пастаўкі расейскім авіякампаніям першых імпартазамешчаных суперджэтаў. Зразумела, што ў прыярытэце будуць пастаўкі сваім перавозчыкам, але і «Белавія» можа штосьці перапасці. Атрыманне расейскіх самалётаў прынясе яшчэ масу праблемаў і выдаткаў. Такіх, як перападрыхтоўка пілотаў, тэхнікаў, базы тэхабслугоўвання. На гэта ўсё таксама патрэбны час».

Boeing 737-800 беларускай авіякампаніі «Белавія».
Фота: belavia.by

Кіраўнік «Белавія» Ігар Чаргінец прызнаўся, што чатыры гады таму рэкорднай колькасці перавезеных пасажыраў – чатыры мільёны – удалося дасягнуць дзякуючы транзітным рэгулярным рэйсам. Транзітныя тады былі больш за палову пасажыраў авіякампаніі. Сёння беларусы лётаюць мала. Большасць апытаных намі ў сацсетках наракаюць на дарагоўлю квіткоў. Кожны пяты скардзіцца на адсутнасць патрэбных кірункаў.

Для Беларусі закрытая еўрапейская паветраная прастора. Сёння наўпроставыя рэйсы «Белавія» робіць у 21 аэрапорт у дзесяці краінах. Гэта Турцыя, Індыя, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і некалькі постсавецкіх краінаў улучна з Расеяй. Пры гэтым шэраг краінаў не прымае падсанкцыйных «Боінгаў», а рэйсы, да прыкладу, у Індыю само кіраўніцтва кампаніі прызнае стратнымі, хоць і перспектыўнымі.

«У Савецкім Саюзе, нагадаю, ляталі з Менску ў Горадню, з Менску ў Віцебск, з Берасця ў Віцебск. Гэта была рэальнасць. Чаму сёння гэтага не робім? Таму што ёсць манаполія “Белавіі”. Таму што ёсць чыноўнікі, якія не думаюць, як зрабіць, каб ператварыць Беларусь у хаб», – кажа Яраслаў Раманчук.

У планах «Белавія» – палёты ў Венесуэлу з пасадкай на Кубе. Рэйс плануюць адкрыць напрыканцы года. Але «Белавія» будзе выступаць толькі як каса «Аэрафлоту», адзначаюць эксперты ў галіне авіяперавозак. Беларускія ж самалёты не здольныя выконваць такіх далёкіх рэйсаў, ды і ахвотных ляцець у гэтым кірунку ў нашай краіне не шмат.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»