Звароты да Лукашэнкі як спосаб вырашаць праблемы


«Мой сын паступіў у расейскую ВНУ і паводле новага закону не мае права на адтэрміноўку ад арміі», – гэта чарговы зварот да Лукашэнкі. Маці просіць даць магчымасць студэнтам перад арміяй скончыць першы курс, каб аднавіцца на другі пасля службы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Напісана шмат калектыўных і асабістых лістоў, якія, верагодна, да вас не дайшлі».

«Вы нашая апошняя інстанцыя. Мясцовыя ўлады не дзеюць, дапамажыце нам, калі ласка», – гавораць людзі ў іншым звароце.

І падобныя словы гучаць у большасці просьбаў да Лукашэнкі.

«Людзі, не заангажаваныя ў палітычнае жыццё, могуць думаць, што гэта самы просты спосаб вырашыць пытанне, якое лічаць невырашальным. Бо Лукашэнка паводзіцца такім чынам, каб паказаць, што трымае ў руцэ ўсю краіну», – кажа сацыёлаг Філіп Біканаў.

Яшчэ адзін часты складнік відэазваротаў да Лукашэнкі – падкрэсліванне лаяльнасці да ўладаў.

«Вашая ўвага да нашай праблемы будзе высока ацэненая і мы спадзяемся на вашае падтрыманне», – так у звароце казалі дольнікі дому, што будуецца ў менскім раёне Лошыца-7. Яны звярнуліся да Лукашэнкі, калі пасля перадачы будоўлі Менскаму гарвыканкаму істотна выраслі кошты. Праблему Лукашэнка маланкава развязаў, абвінаваціўшы кіраўніка сталіцы:

«Ну вы ж разумееце – інфляцыя, падаражалі матэрыялы. Вы, кажу, у дамове гэта прапісалі? Не. Тады ідзіце і пабудуйце як у дамове».

І хоць сам Лукашэнка адзначыў, што такія пытанні маюць развязвацца на ніжэйшых узроўнях…

«Пабудаваная цалкам цэнтралізаваная ўлада, вертыкаль улады, калі ўсё залежыць ад аднаго чалавека. Прычым, як мы ведаем, гэты чалавек любіць, калі здараюцца сітуацыі, што цар добры, а баяры – кепскія», – падкрэслівае працаўнік інстытуту палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» Яўген Каравулаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка. Менск, Беларусь. 26 кастрычніка 2023 года.
Фота: Szijjártó Péter / Facebook

Станоўчым вынікам заканчваецца не кожная такая чалабітная. Да прыкладу, «Флагшток» паведамляў пра жлобінскую пенсіянерку, якая ўвесну атрымала вялізны штраф пасля таго, як у звароце паскардзілася Лукашэнку на міліцыю. У канцы кастрычніка 70-цігадовую жанчыну судзілі зноў – гэтым разам ужо за распаўсюд гэтак званых экстрэмісцкіх матэрыялаў.

«Я шмат зваротаў атрымліваю. Некаторыя мы легалізуем, што прэзідэнт разбярэцца. Некаторыя ціха глядзім. 99 адсоткаў хлусні. Асабліва апазіцыйных, як іх называюць, беглых рэсурсаў», – падкрэсліваў Лукашэнка ў размове з журналістамі.

Такія просьбы дыктатар атрымлівае не толькі з Беларусі. Улетку, пасля заяваў Лукашэнкі пра ролю, якую ён адыграў у залагоджванні сітуацыі з Прыгожыным, да яго звярнуліся жыхары расейскай Кубані:

«Мы два гады пішам звароты, звароты не даходзяць ні ў якія інстанцыі, ні да прэзідэнта. Мы звяртаемся да Аляксандра Рыгоравіча з просьбаю данесці да прэзідэнта Расеі нашую праблему».

Ля станіцы Палтаўская месціцца смеццевы палігон, на якім, са словаў жыхароў, выяўленыя парушэнні.

«Трэба прызнаць, што ў Лукашэнкі атрымалася пабудаваць у замежжы, асабліва ў Расеі, вобраз крэпкага гаспадарніка», – кажа Яўген Каравулаў.

На зварот кубанцаў Лукашэнка не адрэагаваў. Але дзякуючы пратэстам і розгаласу мясцовыя ўлады паабяцалі праз некалькі гадоў закрыць палігон. У пачатку кастрычніка смецце загарэлася, і трохдзённы пажар стаўся экалагічнаю катастрофаю для рэгіёну.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»