Эксклюзіўнае расследаванне пра беларуса, які пагадзіўся на супрацу з ГУБАЗіКам і быў схоплены на марадзёрстве


Беларус пагадзіўся на супрацу з ГУБАЗіКам – самым рэпрэсіўным органам сярод лукашэнкаўскіх сілавікоў. Потым трапіў ва Украіну, дзе быў схоплены на марадзёрстве. А цяпер жыве ў Польшчы. Праграма «Тыдзень» на Белсаце правяла сваё расследаванне пра Сяргея Лук’янава, які даў паказанні на Мікалая Статкевіча і іншых палітвязняў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Эксклюзіўнае расследаванне. У праграме «Тыдзень» белсатаўцы распавялі гісторыю актывіста, які пайшоў на супрацу з сілавікамі Лукашэнкі – Галоўным упраўленнем барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй. Але цяпер Сяргей Лукʼянаў спакойна жыве ў Варшаве.

«Я пайшоў на супрацу. Мне далі паперы падпісаць, пагадненне аб супрацы, аб неразгалошванні і нявыездзе. І далі слова, што калі я буду даваць паказанні, то мяне выпусцяць», – кажа Лук’янаў.

Сяргей Лукʼянаў пачаў цікавіцца палітыкай у 2019-м годзе. Уступіў у Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю «Народная Грамада», якую ўзначальвае Мікалай Статкевіч. А ў часе выбараў быў удзельнікам тэлеграм-чату «Армія з народам». Яшчэ да дня галасавання ў яго правялі ператрусы, Сяргея затрымаў ГУБАЗіК.

«За пару дзён да гэтага я даведаўся, што мы цяжарныя трэцім дзіцёнкам. І я пераасэнсаваў сваю пазіцыю і свой удзел», – тлумачыць былы актывіст.

У Следчым ізалятары на Акрэсціна Лукʼянаў даў паказанні, у тым ліку на камеру, каб самому не сесці ў турму.

«2 эпізоды, якія яны патрабавалі: нашая сустрэча актывам “Армія з народам” на возеры, а другі эпізод – гэта Статкевіч. Я фактычна сказаў тое, што ведаў на той момант», – распавёў «Белсату» Лук’янаў.

Мікола Статкевіч быў асуджаны на 14 гадоў у калоніі строгага рэжыму за нібыта арганізацыю масавых беспарадкаў.

А сустрэча з актывам на возеры, апісаная Лукʼянавым, стала падставай для крымінальнай справы супраць Сяргея Ярашэвіча і ягонай жонкі Антаніны Канавалавай.

«Мая дачка выехала з мужам і ягонай кампаніяй на прыроду, нанізала шашлыкі, парэзала гуркі, і за гэта ёй далі 5 з паловай гадоў», – кажа маці палітзняволенай Ганна Канавалава.

Антаніна Канавалава была даверанай асобай Святланы Ціханоўскай на выбарах – яе асудзілі на 5 з паловай гадоў калоніі агульнага рэжыму, а мужа – на такі ж тэрмін узмоцненага рэжыму. Абодвух КДБ унёс у спіс тэрарыстаў.

Маці Антаніны з двума малымі ўнукамі ўцякла ва Украіну, а потым – у Польшчу.

Сяргей Лукʼянаў таксама спачатку зʼехаў ва Украіну, дзе стаў актыўна ўдзельнічаць у палітычным жыцці дыяспары.

«Шмат хто павёўся на ягоную харызму. Чалавек Сяргей Лукʼянаў умее добра маніпуляваць. У яго шмат ідэяў заўжды. Хтосьці лічыў яго прасунутым у грамадзянскім пратэсце чалавекам», – распавёў «Белсату» былы прадстаўнік Беларускага дому ва Украіне Юры Шчурко.

Лукʼянаў завёў кантакты з Сяргеем Кароткіх. Былы неанацыст таксама вядомы як Малюта, або Боцман. Кароткіх цяпер служыць у Збройных сілах Украіны, але журналісты неафіцыйна падазраюць яго ў сувязях з КДБ і магчымай датычнасці да забойства журналіста Паўла Шарамета.

Сяргей Лукʼянаў пасяліўся пад Кіевам, у Бучы. Калі туды ўвайшлі расейскія войскі, Лукʼянаў быў там разам з сямʼёй.

«Тлумачыў, што ўцякач з Беларусі. У яго жонка Лена і трое дзяцей. Уначы ён абыходзіў дамы, дзе не было гаспадароў. У адным з дамоў гаспадар паставіў рэгістратар у гаражы. Там яны пазналі свайго суседа», – распавёў Алег сусед Лук’янава па Бучы.

Суседзі распавядаюць пра скрадзеныя 7 ровараў, 7 ноўтбукаў, інструменты, алкаголь.

«Ён залазіў і ў пуні, і ў хаты, браў бытавую тэхніку, браў золата і грошы. Ежа яго не цікавіла», – кажа іншы сусед.

Пасля вызвалення Бучы паліцыя затрымала Лукʼянава. Ён прызнаўся ў марадзёрстве.

«Падчас ваенных дзеянняў я хадзіў па хатах, браў харчы і некаторыя каштоўныя рэчы. Узяў вось 2 ровары, ноўтбук і інструменты. Усім, хто прыехаў, я вярнуў рэчы. Віну ўсведамляю. Буду супрацоўнічаць», – казаў Лук’янаў на камеру паліцыянта.

На той момант беспрацоўны Лукʼянаў выйшаў з ізалятару пад заклад у 50 тысячаў грыўняў – гэта 1360 долараў. Кажа, сябры дапамаглі. І ўцёк у Польшчу.

«Я спытала ўкраінцаў, што адбываецца. І яны распавялі, што Лук’янаў закопваў золата. І ягоная жонка таксама пра гэта сказала – Сяргей закопвае золата», – распавяла знаёмая Лук’янавых Алена Жаркевіч. Калі Алена даведалася, што Лук’янаў займаецца марадзёрствам, яна адмовілася дапамагаць ім у выездзе з Украіны.

Поўную версію расследавання пра Сяргея Лукʼянава глядзіце на нашым Ютуб-канале «Belsat-News».

Яраслаў Сцешык, «Белсат»