У Беларусі закрываюцца міні-палігоны, куды вывозяць смецце з гарадоў


Здымкі поўных кантэйнераў ля жылых будынкаў у розных гарадах Беларусі ўсё часцей з’яўляюцца ў сацсетках. Паведамляюць таксама пра закрыццё міні-палігонаў, куды вывозяць смецце з гарадоў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У Гомлі сітуацыя асабліва складаная, кажа эканаміст і гамяльчук Аляксей Харкевіч:

«Тут палігон, што існуе пад горадам, перапоўнены. Ён даўно перапоўнены. І ўжо шмат гадоў стаіць пытанне пра тое, каб яго замяніць».

Згодна з Канцэпцыяй стварэння абʼектаў для сартавання і выкарыстання цвёрдых камунальных адкідаў і палігонаў для іх захавання, прынятай тры гады таму, усе міні-палігоны мелі пазакрывацца яшчэ летась. А замест іх мелі паўстаць буйныя міжрэгіянальныя смеццеперапрацоўчыя комплексы з абсталяванай тэрыторыяй для захавання неперапрацаваных адкідаў.

«Канцэпцыя дастаткова граматная – замяняем шмат дробных палігонаў на некалькі буйных. Гэтыя буйныя палігоны тэхналагічна развітыя, яны перапрацоўваюць смецце, і гэта ўсё на паперы выглядае дастаткова лагічна», – кажа Аляксей Харкевіч.

Паводле сёлетняй інфармацыі Міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяроддзя, завод для сартавання смецця ўжо ўвялі ў эксплуатацыю ў Віцебску, а ў Горадні будуюць другую чаргу такога прадпрыемства. Тры рэгіянальныя абʼекты будуюцца для Баранавіцкага, Аршанскага і Бабруйскага раёнаў. Агулам жа да 2025-га года запланавана 16 прадпрыемстваў для сартавання смецця.

Прычынаю масавага закрыцця міні-палігонаў улады называюць эканомію на ўтрыманні і шкоду, якую такія сметнішчы наносяць навакольнаму асяроддзю. Эколагі з ацэнкаю шкоды згодныя.

«Міні-палігоны маюць вельмі састарэлыя стандарты, якія былі створаныя яшчэ ў савецкія часы, і цяпер яны ўжо не адпавядаюць рэальнасці», – кажа менеджарка і аператарка «Зялёнага тэлефону» Паліна Бурко.

Сума выдаткаў на абслугоўванне некалькіх міні-палігонаў большая, чымся аднаго вялікага палігону, да таго ж абсталяванага для перапрацоўвання смецця. Але каштуе будоўля такога сучаснага комплексу нятанна.

«Дапусцім, пад Менскам ёсць ужо комплекс, будоўля якога каштавала 8,5 млн долараў. У Гомлі першапачаткова быў выстаўлены дастаткова буйны праект, сума не называлася. Але ў выніку, я так разумею, грошай не знайшлі, паколькі праект значна спрасцілі», – кажа Аляксей Харкевіч.

Цяпер праект у Гомлі каштуе крыху больш за мільён долараў, але грошай на яго няма. І камунальнікі маюць спраўляцца з адкідамі ў новай сітуацыі, а жыхары раёну самастойна складаць дамовы на цэнтралізаваны вываз смецця. Асабліва незадаволеныя сітуацыяй уладальнікі лецішчаў, бо дамова прадугледжвае абслугоўванне ўвесь год, у тым ліку ў час, калі лецішчамі не карыстаюцца.

«Гэта не праблема закрыцця маленькіх палігонаў і існавання вялікіх, гэта праблема ў тым, як арганізаваць больш якасны вываз гэтага смецця. Трэба ўладам ці адказным арганізацыям дамаўляцца з жыхарамі», – раіць Паліна Бурко.

А жыхарам – адстойваць свае інтарэсы, звяртаючыся да мясцовых уладаў. А яшчэ – дбаць пра навакольнае асяроддзе, падкрэсліваюць эколагі, не выкідаць смецця ў не прызначаных для гэтага месцах.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»