Калі ў Беларусі стала не да літаратуры


Упершыню антыўтопія Энімал фарм (то бок «Ферма жывёлаў») ДжОрджа Оруэла выйшла ў 1945 годзе. А роўна праз семдзесят сем гадоў беларусы могуць пачытаць яе на роднай мове дзякуючы пражскаму выдавецтву «Вэсна Буксs».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Ферма», напісаная ў форме алегорыі, сталася сапраўднаю пародыяй на камунізм. У творы Оруэл паказаў пераход ад ідэяў усеагульнай роўнасці, на якіх базавалася савецкая ідэалогія, да дыктатуры і таталітарызму. Сваёй актуальнасці твор не траціць і цяпер.

«”Ферма” – гэта ўжо другі твор Оруэла, выдадзены па-беларуску. У 2020-ым, за тыдзень да выбараў, у Менску выйшаў пераклад раману «1984». Сёлета ўвесну ўзнікла навіна пра магчымую забарону твору, якая на справе аказалася фэйкам. Аднак менавіта гэтая сітуацыя паўплывала на продажы выдання», – кажа філолаг і журналіст, перакладчык абодвух раманаў Сяргей Шупа.

Цяпер «1984» альбо «Ферму» Оруэла па-беларуску цяжка знайсці на палічках кнігарняў. Вядома, калі гаворка пра беларускія дзяржаўныя крамы. Не знайшлі яе ў папулярным «OZ.BY».

Прасцей знайсці кнігі беларускіх выдавецтваў за мяжою. Замовіць выданні можна онлайн праз сайт «Алегро», альбо «Алфавіт.eu». У наяўнасці, акрамя Оруэла, апошнія паэтычныя зборнікі Юліі Цімафеевай, Альгерда Бахарэвіча. Палічка з кнігамі з‘явілася і ў Беларускім моладзевым хабе ў Варшаве. Аднак продаж яшчэ афіцыйна не пачаўся – трываюць юрыдычныя працэдуры.

У асартыменце Беларускага хабу каля дваццаці твораў. Гэта пераклады замежнікаў, сярод якіх – Курт Вонэгут і Чарльз Букоўскі, а таксама проза і вершы нашых сучасных аўтараў: Марыі Мартысевіч, Кірыла Стаселькі, Ганны Комар ды іншых. Цэны на кнігі вельмі дэмакратычныя.

Набыць кнігі неўзабаве можна будзе беспасярэдне ў хабе, а таксам праз сайт «Krama.hab».

Пра аднаўленне сваёй працы ў Варшаве паведаміў і выдавец Андрэй Янушкевіч.

«У цяперашні момант вядзецца руплівая праца па выданні перакладных кніг. Калі ў каго ёсць якія ідэі і рашэнні, дзяліцеся, калі ласка. Вельмі хочацца, каб кнігі з‘явіліся на свет як мага хутчэй», – кажа выдавец Андрэй Янушкевіч.

Ён з’ехаў з Беларусі пасля затрымання, якое адбылося ў дзень адкрыцця кнігарні «Кнігаўка». За кратамі Янушкевіч правёў 28 содняў.

Апошнім часам улады Беларусі прыпынілі дзейнасць адразу некалькіх незалежных выдавецтваў, акрамя «Янушкевіча», гэта «Лімарыус», «Кнігазбор», «Галіяфы». Такім чынам рэжым вядзе барацьбу з беларускаю мовай і нацыянальнаю літаратураю.

Перспектываў для развіцця кніжнай прасторы ў Беларусі робіцца ўсё менш. Ва ўмовах рэпрэсіяў і ґвалту, што пануюць у нашай краіне ўжо два гады, відавочна, не да літаратуры. Напрошваецца выснова: адраджэнне культурніцкай і, у прыватнасці, кніжнай прасторы непасрэдна ў Беларусі магчымае толькі тады, калі абрынецца рэжым.

Наста Печанькова, «Белсат»