Колькі прыватных школаў засталося ў Беларусі?


«Школы для сваіх» – так аўтары новага расследавання «Бюро Медыя» акрэслілі прыватныя школы, што існуюць сёння ў Беларусі. Расследаванне апублікавалі на старонцы праекту.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Частка прыватных школаў, што засталіся ў Беларусі, наўпрост звязаныя або з уладамі Лукашэнкі, з набліжанымі чыноўнікамі ці буйным бізнесам, або там вучацца дзеці набліжаных», – кажа адзін з аўтараў расследавання, журналіст «Бюро Медыя» Аляксей Карпека.

Яшчэ два гады таму ў Беларусі дзеялі 35 прыватных школаў. Увосень 2022-га ўлады скарысталіся інцыдэнтам са стралянінай у прыватнай школе «Смарт Скул» і зладзілі татальную зачыстку недзяржаўнай адукацыі.

«Я даручыў неадкладна ўвесці ліцэнзаванне ад учорашняга дня. Народная адукацыя, школы, ВНУ – гэта не тая сфера, дзе мы маем жартаваць», – казаў тады Лукашэнка.

Атрымаць ліцэнзію змаглі толькі шэсць прыватных навучальных установаў. Адна з іх – Менская міжнародная гімназія са штомесячнай платай за навучанне 1100 рублёў. Заснавала гімназію маці Мікалая Лукашэнкі Ірына Абельская.

Прайшла ліцэнзаванне і адна з найстарэйшых у Беларусі, прыватная школа «Эка-Эл» у Ждановічах, дзе вучацца між іншага ўнук Віктара Шэймана, дзеці і ўнукі іншых блізкіх паплечнікаў Лукашэнкі і шэрагу буйных бізнесоўцаў. Кошт навучання ў ёй больш за 2 тысячы рублёў штомесяц.

Адзіная прыватная школа па-за сталіцай і Менскім раёнам месціцца ў Магілёве. Належыць «Канкорд» бізнесоўцу Яўгену Баскіну, кошт навучання – 2 тысячы рублёў на месяц.

«Тут не столькі гісторыя пра тое, што ён неяк выслужыўся перад уладай, колькі гісторыя пра тое, як чалавек быў гатовы затраціць гіганцкія, найверагодней, грошы на самое стварэнне гэтага праекту. А калі ўлада вырашыла гэта ўсё знішчыць, ён патраціў яшчэ шмат сілаў, часу і грошай на тое, каб проста захаваць гэты праект, даволі ўнікальны для беларускіх рэгіёнаў», – кажа Аляксей Карпека.

Каб захаваць школу, якая адкрылася ў 2021-м, на час, патрэбны для атрымання ліцэнзіі, яе далучылі да дзяржаўнай школы нумар 12 у Магілёве. Яўген Баскін не толькі дамовіўся, каб туды часова прынялі дзяцей, настаўнікаў і будынак прыватнай школы, але і даплачваў дзяржаўнай установе.

настаўнік
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Школа.
Фота: pexels.com

«Улічваючы патрэбу ў дадатковым фінансаванні сярэдняй школы № 12 г. Магілёва ў сувязі з тым, што колькасць педагогаў і вучняў павялічылася, значныя сродкі накіроўваліся заснавальнікам у гэты перыяд на аказанне бязвыплатнай спонсарскай дапамогі гэтай адукацыйнай установе», – адказала расследавальнікам юрыстка школы «Канкорд».

Змагла атрымаць ліцэнзію і менская прыватная школа «Альтэрнатыва», дзе за навучанне трэба аддаць 1,5 тысячы рублёў штомесяц. Менавіта тут доўгі час працаваў Міхаіл Мірончык, які курыраваў ліцэнзаванне і акрэдытацыю школаў у краіне.

Прыватная школа Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра «Іхвіс» таксама працуе. За месяц тут давядзецца заплаціць тысячу рублёў. Як і манастыр, кіраўніцтва школы падзяляе пралукашэнкаўскую палітыку і падтрымлівае так званы «русский мир».

Чаму атрымалі дазвол на працу прыватныя дзіцячы садок і пачатковая школа «Елісеевы палі» ў сталіцы, расследавальнікі высветліць не змаглі. Тут месяц навучання абыдзецца больш за 2 тысячы рублёў.

Але прыватныя школы не азначае – незалежныя.

«Калі змяняюцца патрабаванні і стандарты, прыватныя школы змушаныя падпарадкавацца гэтым патрабаванням і стандартам, то найверагодней змяняецца змест адукацыі. І ключавы момант, які будзе змяняцца ці ўжо змяняецца, – гэта ідэалогія, гуманітарная адукацыя, гэта захаванне ўстановак лаяльнасці і адданасці дзейнай уладзе», – кажа незалежны эксперт у галіне адукацыі Святлана Мацкевіч.

Трапіць у сённяшнія прыватныя школы з вуліцы, без сувязяў ці рэкамендацыяў, найчасцей немагчыма, падкрэсліваецца ў расследаванні «Бюро Медыя».

Ірына Дарафейчук, «Белсат»