40 гадоў таму не стала Ларысы Геніюш


40 гадоў таму не стала Ларысы Геніюш – легенды беларускай паэзіі, грамадзянкі Беларускай народнай рэспублікі і генеральнай сакратаркі ўраду БНР. Ларыса Геніюш прайшла праз высылку, сталінскія лагеры, забарону творчасці і знявагу ад камуністычных уладаў. Да гэтага часу яна не рэабілітаваная.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Упэўнена, цвёрда стаю на нагах

У сваёй адзіноце сягоння.

Можа, знізіўся крылляў няспынны размах,

Але сэрца маё не ў палоне».

Гэта словы з вершу Ларысы Геніюш, падобны да крылаў, і помнік паэтцы на падворку царквы ў Зэльве, прынамсі так ён выглядаў зусім нядаўна.

«Знеслі гэты помнік, які быў пастаўлены 20 гадоў таму на добраславенне мітрапаліта Філарэта яшчэ, таму што гэта абсалютна ім… гэта не савецкая рэч, гэта сапраўднае», – кажа арганізатарка вандровак, прысвечаных Ларысе Геніюш, былая палітзняволеная Валерыя Чарнаморцава.

Абсалютна не савецкаю была і сама Ларыса Геніюш, паэтка, якая пражыла складанае жыццё, пачынаючы ад расстрэлу бацькі і высылкі сям’і ў Казахстан. Пазней – эміграцыя з мужам у Чэхаславаччыну, дзе Ларыса Геніюш апекавалася беларускімі эмігрантамі і займалася ўпарадкаваннем архіву Беларускай Народнай Рэспублікі, была генеральным сакратаром Рады БНР.

«Калі яна была ў Празе – прыйшла нямецкая акупацыя, нацысты не змаглі прымусіць яе супрацоўнічаць і далучыцца да ўсіх тых злачынстваў нацысцкіх», – нагадвае былы настаўнік Алесь Мінаў.

У сакавіку 1948 года Ларысу і Янку Геніюшаў арыштавалі ды асудзілі на 25 гадоў лагераў кожнага. А пасля смерці Сталіна – рэабілітавалі толькі часткова.

«То бок прызналі вінаватай настолькі, наколькі яна ўжо адсядзела і наколькі ейны муж адсядзеў у сталінскіх лагерах. За гэта ніхто перад ёю не выбачыўся, проста як бы літасціва “праявілі міласэрнасць” і скарацілі гэты нялюдскі 25-гадовы тэрмін», – кажа паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч.

Лагерная роба паэткі разам з іншымі экспанатамі, датычнымі жыцця Ларысы Геніюш, сёння захоўваецца ў Скарынаўскай бібліятэцы ў Лондане.

«Маем ейны рукапісны зборнік: кніжачка, якую яна сама зрабіла, склеіла, і ейны сын Юрка пазней перадаў сюды, у Скарынаўскую бібліятэку, разам з лагернай кашуляй», – распавядае працаўніца Скарынаўскай бібліятэкі ў Лондане Караліна Мацкевіч.

Большасць творчай спадчыны паэткі пабачыла свет пасля ейнае смерці. Але вершы Ларысы Геніюш былі падтрыманнем і беларускім ваеннапалонным у часы Другой сусветнай, і вязням Гулагу. Іх перадавалі паміж жаночай і мужчынскай зонамі ў таемных цыдулках – ксівах.

«Вершы, асабліва лагерныя, гулагаўскія, якія вязні называлі глюкозай і прасілі ў ксівах незабыўных: маці, дашлі нам глюкозы», – кажа Валерыя Чарнаморцава.

Калі ў лагерах Ларысу Геніюш называлі «маці», то ў часы ейнага дысідэнцтва ў Зэльве беларуская інтэлігенцыя, што адведвала паэтку, называла яе «бабуляй». Гэта дапамагло перадаць фотаздымак паэткі і ў сённяшнюю Валадарку.

«Ведаючы гэтую мянушку своеасаблівую, мая сяброўка напісала: “дасылаю здымак бабулі” – і гэты здымак трапіў да мяне ў камеру», – згадвае Валерыя Чарнаморцава.

Ахвярная праваслаўная верніца, цэльная асоба, якую не зламала сістэма, эмігрантка і палітычная зняволеная, шчырая беларуска – Ларыса Геніюш служыць і сёння маральным аўтарытэтам, моцным яднальным сімвалам, а таксама крыніцаю натхнення ды сілкавання для беларусаў, кажа Андрэй Хадановіч:

«Менавіта з усёй нашай спадчыны XX стагоддзя, мне здаецца, словы Ларысы Геніюш максімальна пасуюць для цёмных часоў, яны выпраменьваюць не толькі святло, але і трываласць, стойкасць, мужнасць».

І менавіта словы Ларысы Геніюш ёсць сапраўдным помнікам паэтцы, кажа Андрэй Хадановіч. Да прыкладу гэтыя:

«Адзінай мэты не зракуся,

і сэрца мне не задрыжыць:

як жыць – дык жыць для Беларусі.

А без яе – зусім не жыць».

Ірына Дарафейчук, «Белсат»