ФСБ забіла ў Карэліі грамадзяніна Беларусі


У інтэрнэце расейскія СМІ апублікавалі кадры, на якіх спецпадраздзяленне Федэральнай службы бяспекі Расеі штурмуе ангар у Карэліі. У поўным баявым экіпаванні спецназаўцы ўрываюцца ў памяшканне, уключаюць падствольныя страбаскопы і адкрываюць агонь. Штурм здымаецца не толькі на экшан-камеры, але яшчэ і на квадракоптар. Пазней Цэнтр грамадскіх сувязяў ФСБ выпусціць заяву, у якой адрапартуе пра ліквідацыю грамадзяніна Беларусі, нібыта завербаванага ўкраінскімі спецслужбамі для «здзяйснення падрыву аднаго з адміністрацыйных будынкаў у горадзе Алонец».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«На месцы здарэння канфіскаванае гатовае да выкарыстання самаробнае выбуховае прыстасаванне, вырабленае на аснове пластычнага выбуховага рэчыва РЕ-8 (вытворчасць Вялікая Брытанія), электрадэтанатара М-6 (вытворчасць ЗША) і бытавога таймера, а таксама пісталет Макарава і боепрыпасы да яго», – паведамілі ў Цэнтры грамадскіх сувязяў ФСБ.

Таксама ў ФСБ заявілі, што забіты беларус быў сябрам «нацыяналістычнага фармавання “Полк імя Кастуся Каліноўскага”».

Кіраўніцтва палка гэтую інфармацыю нашаму тэлеканалу не пацвердзіла і не аспрэчыла. Першым жа пра забойства грамадзяніна Беларусі раніцай паведаміў расейскі тэлеграм-канал «Astra». Паводле тэлеграм-каналу, забіты – 49-гадовы Мікалай Аляксееў. Свой пост яны суправадзілі фатаграфіяй мужчыны. У сваю чаргу, арганізацыя былых сілавікоў Беларусі «BELPOL» пацвердзіла, што Мікалай Аляксееў – рэальная асоба.

«Мікалай Аляксееў, нарадзіўся 3 траўня 1974 года ў Віцебску. Грамадзянін Рэспублікі Беларусь. Быў прапісаны ў вёсцы Дамашаны Смалявіцкага раёну. Займаў пасаду дырэктара прыватнага гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства “НіЮТАЛ”. Быў жанаты, засталіся чацвёра дзяцей».

Паводле дадзеных ФСБ, забіты беларус быў у міждзяржаўным вышуку. Мы праверылі Мікалая Аляксеева ў базе вышуку МУС Расеі, апублікаванай яшчэ трынаццатага лютага праектам «Медиазона». І сапраўды знайшлі ў ёй такую асобу. Нашыя калегі з выдання «Наша Ніва» змаглі звязацца з сынам Аляксеева. 24-гадовы Уладзімір пацвердзіў забойства свайго бацькі і расказаў, што ягоная маці паехала ў морг гораду Алонец і там ейны мабільны тэлефон забралі супрацоўнікі ФСБ.

«У таты чацвёра дзяцей. Я ягоная поўная копія. І быў ягоным любімчыкам. Мы з ім заўсёды былі разам. Тата быў выдатным чалавекам. Ён не мог у кагосьці стрэліць. Ён быў глыбокім вернікам, увесь час маліўся. Мы з ім разам у царкву хадзілі», – заявіў Уладзімір.

Мікалай Аляксееў.
Фота: Николай Алексеев / «ВКонтакте»

Характэрна, што пры рыхтаванні сюжэту мы не змаглі знайсці ў інтэрнэце нумару гэтага моргу. Але нам далі яго неабыякавыя жыхары гораду. Пры тэлефанаванні на нумар у нас паўсталі вялікія сумневы, што з намі размаўляў працаўнік моргу:

– Хацелі б удакладніць інфармацыю. У вас у моргу павінен знаходзіцца беларускі грамадзянін Аляксееў Мікалай. Калі яго цела будзе аддадзенае сваякам?

– Ну, гаварыце ўжо!

– Ну?

– Эээээээ….. Я слухаю вас. У чым пытанне?

– Маё пытанне ў тым, калі можна будзе забраць сваякам цела?

– Я не разумею, што вы хочаце?

– Вы можаце даць каментар…

– Не пудрыце мне галаву!

Другім разам мы паспрабавалі высветліць, хто ж на тым канцы проваду.

– Алё добры дзень!

– Добры дзень!

– Вы супрацоўнік моргу?

– Дык вы ведаеце, я нешта сумнявацца пачаў, дзіўныя пытанні…

– Прадстаўцеся, калі ласка, з кім я размаўляю?

– Увогуле гэта не вашая справа! Я вас слухаю, кажыце, што хацелі.

У сацыяльных сетках Мікалая Аляксеева шмат сямейных фатаграфіяў. Вось ён з дзецьмі і жонкаю. А вось ён займаецца ёгай. У стужцы «ВКонтакте» Аляксееў размяшчаў здымкі беларускіх палітвязняў Мікалая Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыкі. Забітых Рамана Бандарэнкі і Аляксея Навальнага. Апошні допіс Аляксееў пакінуў дваццаць чацвёртага лютага ў другую гадавіну поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. У статусе ў Мікалая напісана крыху змененая цытата трэцяга прэзідэнта ЗША Томаса Джэфэрсана: «Калі ґвалт робіцца законам – супраціў робіцца абавязкам».

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»