Хто ўпарадкуе ваш двор?


Відэа дарогі ля дому на вуліцы Крупскай у Лідзе з’явілася днямі ў сацсетках. Балота стаіць у двары круглы год, бо пасля капітальнага рамонту двор не добраўпарадкавалі, хоць і абяцалі, пішуць жыхары.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У каментарах адгукаюцца ахвяры капрамонту з іншых раёнаў гораду:

«На Гагарына не лепш. Капрамонт дабіў нашыя дарогі ў двары. Цяпер там можна прайсці, толькі калі ўсё замерзне. А так гліна носіцца ў дом. І абяцалі выправіць не раз».

«Касманаўтаў, 6/2 пасля капрамонту – тое самае».

«Наш Паўночны – гэта ўвогуле асобная тэма… Яміны, лужыны, балота. Калі сюды прыйдзе цывілізацыя?»

«Са словаў суседзяў, абяцаюць кожны год, ЖКГ просіць, каб вышэй не звярталіся, а ў выніку ўсё адно і тое ж!»

У мясцовай жыллёва-камунальнай гаспадарцы, калі і хто прывядзе дваравую тэрыторыю да ладу, – не адказалі.

«Не ведаю, трэба пацікавіцца можа ў Кучынскага, намесніка дырэктара, там добраўпарадкаванне двара, так? Можаце ДЭП набраць, 54-31-08, гэта дыспетчар, ну ці Кучынскаму, намесніку дырэктара, калі вы дазвоніцеся яму», – параіла па тэлефоне адмыслоўца ў працы з насельніцтвам Лідскай ЖКГ.

Нашая суразмоўца мела рацыю, да намесніка дырэктара Лідскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзя Кучынскага цягам дня мы так і не змаглі датэлефанавацца. А дыспетчарка дарожна-эксплуатацыйнай вытворчасці (ці, у расейскім скароце, ДЭП) адказала нам:

«Я ўвогуле гэтым не займаюся. На 115 званіце. Дакладна не мы вырашаем гэтыя пытанні, не ў дыспетчарскай тут».

Праблема неўпарадкаваных пасля рамонту двароў існуе не толькі ў Лідзе. Падобныя здымкі няцяжка знайсці ў сацсетках.

Паводле заканадаўства, арганізацыя, што робіць капітальны рамонт дому, не абавязаная займацца ўпарадкаваннем двара пасля рамонту. Так заявіў прадстаўнік Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Рамашко падчас прэс-канферэнцыі, што днямі ладзіла БелТА. Добраўпарадкаванне адбываецца толькі тады, калі штосьці падчас рамонту пашкодзілі:

«Да прыкладу, калі дзесьці мянялі трубаправод і штосьці пашкодзілі ў працэсе, то аднаўленне прадугледжваецца. Што датычыць комплекснага добраўпарадкавання, то мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы могуць коштам іншых сродкаў выканаць у тым ліку і добраўпарадкаванне», – патлумачыў падчас прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства ЖКГ Андрэй Рамашко.

Але сам чыноўнік адзначыў, што так часцей бывае ў буйных гарадах, дзе капітальны рамонт робяць адразу ў некалькіх дамах, размешчаных побач. Што ж рабіць жыхарам Ліды, каб іхны двор давялі да ладу хутчэй? Больш актыўна і настойліва звяртацца да мясцовых уладаў, кажа каардынатар ініцыятывы «Горад для гараджанаў» Дзяніс Кобрусеў.

«У выпадку Ліды гэта адміністрацыя раёну, Лідскі раённы выканаўчы камітэт, які можа прымаць рашэнні ці ўключыць праект гэтага двара ў план добраўпарадкавання на наступны год. Бо ўсё завязана на мясцовыя бюджэты, і грошы размяркоўваюцца моцна загадзя», – тлумачыць Дзяніс Кобрусеў.

Таксама ён раіць далучыць да развязання праблемы мясцовых дэпутатаў і спраўджваць, куды ідуць сродкі з мясцовага бюджэту, а ўсе праблемы і недахопы фіксаваць, напрыклад, праз партал 115.БЕЛ. Чым больш актыўныя будуць жыхары, тым больш шанцаў, што чыноўнікі пачнуць займацца праблемаю, кажа актывіст.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»