Беларусь не аддавала Украіне цела забітай на вайне дзяўчынкі


Кіеўская вобласць. Бучанскі раён. Вёска Сэвэрынаўка. Праз тыдзень пасля поўнамаштабнага ўварвання расейскіх войскаў ва Украіну, трэцяга сакавіка 2022 года, менавіта тут сям’я Ганны і Дзяніса Яцюкоў разам з дзвюма дочкамі сядае ў машыну, каб з’ехаць ад вялікай вайны ў тыл – ва Умань. Не праехаўшы і дзесяці кіламетраў, на Жытомірскай трасе аўтамабіль трапляе пад абстрэл акупантаў. Ганна і Дзяніс гінуць на месцы. Дзве дзяўчынкі, 9-гадовая Лера і 15-гадовая Арына, застаюцца жывыя. Расейскія акупанты забіраюць дзяцей з сабой. Малодшую Леру яны высаджваюць у незнаёмым сяле, а параненую Арыну вывозяць у Беларусь.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Тады ўся Украіна: дзяржаўныя арганізацыі, валанцёры, СМІ, НКА – пачынаюць шукаць скрадзеную дзяўчынку. Больш за ўсіх пошукамі займаюцца сваякі Леры і Арыны. Дзядуля Валянцін і дзядзька з цёткаю Уладзімір і Аксана.

«Звярталіся ва ўсе службы. Пісалі ў міністэрствы Беларусі афіцыйныя лісты. Яны адказвалі, што ў іх няма ніякай інфармацыі. Там міністэрства, я нават зараз не памятаю, замежных справаў. Яшчэ нейкае міністэрства», – кажа брат Дзяніса Яцюка і дзядзька забітай Арыны Яцюк Уладзімір.

Амаль два гады родныя Арыны Яцюк спадзяваліся, што дзяўчынка жывая. Надзеі абрынуліся, калі стала вядома, што ўвесь гэты час цела Арыны было ў моргу беларускага Мазыра.

«Мы самі даведаліся ўжо калі па ДНК пайшло супадзенне. Цела было ва Украіне. Гэта значыць, ва Украіне ў Луганску. З Беларусі перавезлі з Мазыра туды ў Луганск. Недзе там у тыя краі», – распавядае дзядзька забітай Арыны Яцюк.

Гэтую інфармацыю паспрабавалі аспрэчыць прапагандысты з мазырскай раённай газеты «Жыццё Палесся». У сваім артыкуле яны сцвярджаюць, што цела Арыны Яцюк не магло быць у мазырскім моргу, бо той тады рамантаваўся. Аднак гэты артыкул раёнкі зняпраўджвае матэрыял іншых прапагандыстаў, з дзяржаўнага тэлебачання ад 12 сакавіка 2022 года, у якім паказвалі і казалі, што морг працуе ў штатным рэжыме і там, маўляў няма ніякіх забітых расейскіх вайскоўцаў.

Пасля падману і абыякавасці дзяржаўных органаў Беларусі цётка забітай дзяўчынкі, Аксана, знаходзіць сілы на спачуванне беларусам:

«Людзі пакутуюць! Семʼі пакутуюць! Дзеці пакутуюць! Дзеці не жывуць, не развіваюцца нармальным жыццём! Як у еўрапейскіх краінах, як у той самай Украіне было. Яны ведаюць: мір, праца, май, што ёсць закон, ёсць рэжым, ёсць парадак і будзе так, так і так. І інакш – ніяк. Вось гэта страшна. Яны баяцца казаць нешта».

У МЗС Беларусі каментаваць сітуацыю адмовіліся:

– Асабіста вы не лічыце злачынствам вываз украінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі?

– Мне аб гэтай сітуацыі нічога не вядома. Вы, калі ласка, тэлефоны ёсць, ёсць прэс-служба. Вось туды адпраўляйце запыты і чакайце адказу.

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка сцвярджае, што Арына і ейныя бацькі сталі ахвярамі злачынства Аляксандра Лукашэнкі і найвышэйшага вайскова-палітычнага кіраўніцтва ягонага рэжыму:

«Калі б Лукашэнка не даў тэрыторыю Беларусі для расейскага ўварвання, то, хутчэй за ўсе, і Арына, і яе бацькі былі б жывыя і сёння. Адказнасць за гэтае злачынства для Лукашэнкі магчымая толькі ў выпадку задзейнічання спецыяльнага трыбуналу за злачынства агрэсіі супраць Украіны. Праца над стварэннем якога, на жаль, зацягваецца».

15-гадовая Арына Яцюк, цела якой хавалі ў Беларусі.
Фота: Ksenija Jacuk / Facebook

Што да сваякоў Арыны Яцюк, яны, паводле Паўла Латушкі, ёсць ахвярамі злачынства гвалтоўнага знікнення сваёй пляменніцы:

«Асаблівасцю гэтага злачынства ёсць тое, што ахвярамі прызнаюцца блізкія, якія пазбаўленыя інфармацыі пра лёс зніклага чалавека. А само злачынства здзяйсняецца з удзелам дзяржаўных органаў. У гэтым выпадку – з удзелам дзяржаўных органаў, падкантрольных Лукашэнку. Гэтае злачынства можа быць кваліфікаванае як злачынства супраць чалавечнасці».

30 лістапада на пасяджэнні Савету міністраў замежных справаў АБСЕ ў Паўночнай Македоніі намеснік кіраўніка МЗС Беларусі Юрый Амбразевіч з’едліва каментаваў абвінавачанні на адрас Беларусі ў незаконным вывазе дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны:

«Тут адказ вельмі кароткі. Ніводнага прозвішча нам ніхто не назваў. Мы чакаем».

Паколькі вывезеныя дзеці ёсць суб’ектамі крымінальнай справы, Амбразевіч добра ведае, што іхныя прозвішчы не прагучаць. Нашая краіна стала памагатаю ў забойстве 15-гадовай Арыны Яцюк. Як згадваюць сябры ейнай забітай маці, дзяўчына любіла маляваць, захаплялася макіяжам. Налета яна скончыла б школу. Яе пахавалі ва Умані, побач з матуляю і татам.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»