Беларусь стала 4-ым ў свеце экспарцёрам сыру?


Прыпіскі для дзяржаўных чыноўнікаў – справа не новая. Але цяпер выйшла на міжнародны ўзровень. Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання прыпісала Беларусі неіснуючыя дасягненні. Нашая краіна быццам бы летась трапіла ў сусветны ТОП-5 найбуйнейшых экспарцёраў сыру, заняўшы чацвёртае месца ў рэйтынгу. На справе ж займаем 37-ае месца. 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сыр, зроблены ў Беларусі. Сметанковы, сонечны, вяршковы, адыгейскі – прадукаваныя дзясяткамі гадоў. І новыя сыры, як пармезан і Maasdam.

Летась беларускія прадпрыемствы прадалі за мяжу на 73,5 т больш сыроў, чымся ў 2021-ым годзе, заявіла напярэдадні прадстаўніца Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Марыя Клімава.

«Таму сярод вядучых краін-экспарцёраў мы ўваходзім у першую пяцёрку краін-экспарцёраў разам з Новай Зеландыяй, краінамі ЕЗ і ЗША. Рэспубліка Беларусь у рэйтынгу заняла за мінулы год па экспарце сыру чацвёртую пазіцыю па дадзеных ФАО і Еўразвязу».

На старонцы Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН у агульным доступе ёсць толькі звесткі, што да экспарту краінамі свету харчоў за 2021-ы год. Пра Беларускі сыр ёсць адно – згадка ў кантэксце прагнозаў экспарту малочнай прадукцыі да 2031-га году.

«За апошнія гады Беларусь стала важным экспарцёрам, арыентуючы свой экспарт найперш на расейскі рынак з-за расейскага эмбарга ў дачыненні шэрагу буйных экспарцёраў малочнай прадукцыі», – каментуе Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Малочная прадукцыя на Камароўскім рынку. Менск, Беларусь. 24 лютага 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

У сусветна вядомых ранкінгах, як World’s Top Exports, 4-ю пазіцыю ў экспарце сыру займае Францыя, якая за мяжою выручыла з свае сыры $ 3,7 млрд. Беларусь – 37-я з абʼёмам экспарту толькі $ 60 млн.

Калі ж глядзець паводле абʼёмаў вырабленага сыру, Беларусь займае 18-е месца, што сведчыць пра больш нізкі кошт продажу на экспарт айчыннага сыру ў параўнанні з французскім, італьянскім, амерыканскім.

Расея – сапраўды, спажывец нумар адзін, што да беларускага сыру. Туды прадаем чатыры пятыя абʼёму экспарту айчынных сыроў, згодна са звесткамі за 2021 год, калі гандлёвую статыстыку яшчэ не хавалі ад грамадства. На другім і трэцім месцы былі пакупнікі з Аргентыны і Сербіі. Далей Казахстан і Украіна.

«Беларускага сыру даўно не было. Я ўжо нават не памятаю. Згушчонка беларуская, масла калісьці было вельмі добрае. Цяпер няма. Можа, з-за таго, што мы цяпер врагуем», – кажа прадавачка адной з кіеўскіх крамаў.

Спажыўцы з Украіны прызнаюць, што раней беларускую «малочку» любілі:

«Пасля паўнамаштабнага расейска-беларускага ўварвання ўсе іхныя тавары я абмінаю».

«Вельмі падабаліся беларускія цукеркі, былі смачныя, і сыры. Цяпер іх у продажы няма».

«Мы можам перадаць прывітанне Лукашэнку разам з яго сырамі: «пайшоў ты з д***».

Гэтак, беларускія сыры маглі пакінуць не толькі Украіну, але і рынкі іншых краінаў, якія выступілі супраць вайны.

Юлія Цяльпук, «Белсат»