Адбылася найбуйнейшая расейская атака на Львоў


У выніку расейскага ракетнага абстрэлу ў Львове загінулі сама меней пяцёра асобаў, параненыя – сама меней сорак. Ракета трапіла ў жылы дом. У горадзе абвешчаная двухдзённая жалоба.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Сёння ў Львове быў здзейснены адзін з найбуйнейшых нападаў на цывільную інфраструктуру. Ёсць забітыя і параненыя», – заявіў мэр Львова Андрэй Садавы.

Ракеты «Калібр», што паразілі Львоў, спачатку ляцелі ў бок Кіева, паведаміў спікер Паветраных сілаў ЗСУ Юрый Ігнат у эфіры тэлемарафону. Іх запусцілі з акваторыі Чорнага мора на поўнач, выкарысталі Днепр і рэльеф мясцовасці, каб абысці ўкраінскую супрацьпаветраную абарону, аднак затым «Калібры» рэзка павярнулі на захад. Сем з дзесяці выпушчаных ракетаў удалося збіць.

«Побач з домам, у які трапіла ракета, ёсць сховішча. Яно ў належным стане і да моманту трывогі было адчыненае. Аднак з усяго дому ў сховішчы былі толькі пяцёра жыхароў. Вельмі крыўдна», – заявіў кіраўнік Львоўскай абласной васковай адміністрацыі Максім Казіцкі.

Са словаў мясцовых жыхароў, яны прызвычаіліся да перыядычных паветраных трывог і не заўжды рэагуюць на іх.

Наступствы абстрэлу Львова.
Фота: Оперативний ЗСУ / Telegram

«Я думаю, што мы тут, канешне, расслабіліся, напэўна. І ўжо не адчуваем такой небяспекі, але ўсё гэта паказвае, што нам не варта расслабляцца і наступны раз я абавязкова пайду ў сховішча», – кажа грамадская актывістка і журналістка Аліна Рудзіна.

У Львове працягваюцца пошукава-ратавальныя аперацыі, пад заваламі могуць заставацца людзі, паведамляла Нацыянальная паліцыя Украіны. Пашкоджаныя больш за трыццаць дамоў, каля пяцідзесяці аўтамабіляў, дзесяць інтэрнатаў, два ВНУ, Дом дзіцяці і санаторная школа. Таксама пацярпела электрападстанцыя – паўтараста асобаў засталіся без электрычнасці.

«Выбітыя вокны. Суседка таксама скардзілася. Наверсе суседка, якая нічога не чуе, яна не чула трывогі. Добра, што суседка зверху ёй патэлефанавала і вывела ў сховішча. Многія людзі спалі», – распавядае мясцовая жыхарка Наталля.

Папярэднім разам Расея атакавала Львоўскую вобласць 20 чэрвеня. Тры беспілотнікі пацэлілі ў аб’екты крытычнай інфраструктуры. Спікер Паветраных сілаў ЗСУ Юрый Ігнат заявіў, што дроны-камікадзэ змаглі даляцець да Львова, бо Украіне не стае сродкаў супрацьпаветранай абароны.

Ала Пірумава, «Белсат»