«Да сустрэчы з Раманам Пратасевічам гэта была звычайная дзяўчына». 6 гадоў прысудзілі Соф'і Сапезе


Шэсць гадоў зняволення і $ 50 тыс выплат – вырак для грамадзянкі Расеі Софʼі Сапегі – сяброўкі былога галоўрэда телеграм-каналу NEXTA Рамана Пратасевіча. Палітзняволеную абвінавацілі ў распальванні сацыяльнай варожасці, незаконных дзеяннях у дачыненні асабістых звестак сілавікоў і яшчэ пяці артыкулах Крымінальнага Кодэксу. Распавядзем пра гэты і іншыя працэсы над палітвязнямі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Тэлеграм-канал «Чорная кніга Беларусі» папаўняецца прозвішчамі, здымкамі і звесткамі сілавікоў ды суддзяў, датычных да палітычных рэпрэсіяў. За нібыта адміністраванне гэтага каналу, але перадусім за распальванне сацыяльнай варожасці, 6 гадоў калоніі прысудзілі Софʼі Сапезе. Столь пакарання – 12 гадоў. Шэсць – максімальны тэрмін пры супрацы са следствам. «Камерсант» апублікаваў каментар абвінавачання:

«Ёй прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 6 гадоў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму».

Суддзя Гарадзенскага абласнога суда Віктар Сянько налічыў Сапезе Br 175 тыс кампенсацыі пацярпелым і судовых выдаткаў. Прыкладна год грамадзянка Расеі ўжо адбыла. Далей – некалькі варыянтаў:

«”Ад званка да званка” ці будуць нейкія ідэі з датэрміновым вызваленнем, умоўна-датэрміновым, заменаю на больш мяккае ці, магчыма, увогуле будуць просьбы аб яе экстрадыцыі і адбывання пакарання ў Расеі», – кажа юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка.

Ёсць таксама артыкул 441 Крымінальнага кодэксу, паводле якога могуць падоўжыць тэрмін ці выставіць чарговае абвінавачанне…

23-га траўня будзе год, як Софʼю Сапегу затрымалі разам з беларускім журналістам Раманам Пратасевічам. Спосаб затрымання выклікаў міжнародны скандал. У Менску падманам пасадзілі транзітны пасажырскі самалёт, заявіўшы пра бомбу на яго борце.

Замест выбухоўкі ідэнтыфікавалі ды арыштавалі Пратасевіча і ягоную спадарожніцу.

Прызнаных палітычнымі вязнямі і фактычна закладнікамі Лукашэнкі асобаў змушалі выказвацца супраць беларускай апазіцыі ды публічна агаворваць сябе. Матэрыялы дэманстраваліся ў эфіры дзяржаўных СМІ.

Звяртаючыся да Лукашэнкі, на лёс Софʼі спрабаваў уплываць ейны бацька Андрэй Сапега:

«Да сустрэчы з Раманам Пратасевічам гэта была звычайная дзяўчына. На момант пратэстаў у Менску яна знаходзілася ў Літве», – даводзіў ён у відэазвароце.

Агулам 6-га траўня 1160 чалавек, паводле вясноўцаў, адбываюць палітычныя тэрміны. 1420 палітычных вязняў – паводле праваабарончай арганізацыі «Dissidentby».

Павел Сапелка звярнуў увагу, што выракі паводле артыкулу 342 (грубае парушэнне грамадскага парадку) у апошні месяц зрабіліся больш жорсткімі супраць асобаў, якія 1-2 разы выходзілі на пратэсты.

«Раней вельмі часта ўжывалася «абмежаванне волі» з накіраваннем ці нават без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу. Па-другое працягваюцца суды па рознага тыпу справах – за знявагу прадстаўніка ўлады, Лукашэнкі… За паклёп на Лукашэнку», – падсумаваў праваабаронца.

За «грубае парушэнне грамадскага парадку» судзяць экс-кіраўніка «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Віктара Фенчука. Адказнасць – да 4-ох гадоў. Паводле гэткага ж артыкулу тры гады «хатняй хіміі» сёння прысудзілі экс-кіраўніцы арганізацыі «Радзіслава» і ўдзельніцы жаночых маршаў Вользе Гарбуновай.

У сталіцы ж распачаўся суд за нібыта «рыхтаванне тэрактаў» на леташні Дзень Волі ў Менску і Барысаве. 36-гадоваму пінчуку Вячаславу Малейчуку пагражае смяротнае пакаранне.

Юлія Цяльпук, «Белсат»