БелАЭС: недалікі, няспраўнасці. Хто скажае інфармацыю?


Фейк-ньюз ад дыктатара. У афіцыйнай заяве Аляксандра Лукашэнкі ўтрымліваецца інфармацыя, якая не адпавядае рэчаіснасці. Абвінавачанні, што Літва нібыта плануе будаваць новую атамную электрастанцыю, прагучалі на адмысловай нарадзе, прысвечанай праблемам і няспраўнасцям Астравецкай АЭС. «Белсат» атрымаў афіцыйную рэакцыю літоўскага Міністэрства энергетыкі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Атамная нарада ў Лукашэнкі, прысвечаная праблемам другога рэактару Астравецкай АЭС, не абышлася без абвінавачанняў палітычных апанентаў. Як заявіў Лукашэнка, усе альтэрнатыўныя кандыдаты, сёння «беглыя», абяцалі зачыніць атамную станцыю пасля прыходу да ўлады (але гэта няпраўда), бо выконвалі замову канкурэнтаў на энергетычным рынку – Польшчы і Літвы.

«Польшча запланавала будаўніцтва 2-х атамных станцыяў, а можа, і трох. Літва таксама заяўляе аб будаўніцтве сваёй атамнай станцыі», – казаў Лукашэнка ўрадоўцам.

Так, Польшча праводзіць даследаванні аб магчымасці пабудовы АЭС, але геаграфічна далёка ад Беларусі. А Літва зусім зачыніла Ігналінскую атамную станцыю, а на рэферэндуме літоўцы забаранілі ўраду будаваць новую АЭС. І вось як Міністэрства энергетыкі Літвы пракаментавала «Белсату» заяву Лукашэнкі:

«На гэты момант няма ані рашэнняў, ані планаў будоўлі атамнай электрастанцыі ў Літве».

Літва пратэставала супраць пабудовы АЭС у Астраўцы, бо ад яе да Вільні ўсяго 50 км. Пры гэтым і планаванне, і пабудова, і ўстаноўка рэактару адбываліся з парушэннямі і інцыдэнтамі рознай ступені небяспекі. Напрыклад, першы корпус рэактару ўпаў з 4-х метраў падчас разгрузкі, а другі, які прывезлі на замену, ударылі аб слуп на чыгунцы.

Але Лукашэнка лічыць, што першы энергаблок адпрацаваў някепска для пачатку:

«З моманту ўключэння першы блок выпрацаваў ужо больш 12,5 млрд кВт⋅г, што дазволіла замясціць больш за 3 мільярды кубаметраў газу і ашчадзіць для краіны больш за 400 мільёнаў».

Гэтая інфармацыя таксама спрэчная. Першы энергаблок АЭС запрацаваў у чэрвені 2021-га, і некалькі разоў спыняў працу на працяглы час. Каб выпрацаваць 12,5 млрд кВт⋅г, ён мусіў дасягнуць каэфіцыенту выкарыстання ўстаноўленай магутнасці 72%. Пры гэтым у Міжнароднай агенцыі атамнай энергіі ад Беларусі значацца іншыя лічбы за 2021 год – 58%.

«Шмат журналістаў лічыла, колькі дзён рэактар працаваў, колькі не. І сапраўды лічба была блізкая да 50%, цяпер трохі даўжэй працуе… Я не ўяўляю, каб рэактар, які адпрацаваў з каэфіцыентам выкарыстання ўстаноўленай магутнасці 58%, цяпер мог дасягнуць фантастычных 72%. Ён жа не мог працаваць больш, чым на 100%, праўда?» – задае рытарычнае пытанне расейскі фізік-ядравік Андрэй Ажароўскі.

Хтосьці кажа няпраўду: або Лукашэнка, або МАГАТЭ, зазначае Андрэй Ажароўскі.

Што да ашчаджэння грошай за расейскі газ, то на тарыфах яно не адбілася. Наадварот, ад студзеня беларусы сталі плаціць за электрычнасць на 6% больш. А электрастанцыі кшталту ТЭЦ, якія і раней выпрацоўвалі падобную колькасць энергіі і дублявалі адна адну, мусяць працягваць працу і спажываць рэсурсы.

«І цяпер у нас з’явілася вялізная электрастанцыя. І яе трэба страхаваць. Нашыя старыя магутнасці не выпалі, тыя ж электрастанцыі як працавалі, так і працуюць, будуць працаваць ухаластую. Ніякай эканоміі не адбываецца», – тлумачыць беларускі эканаміст Аляксей Харкевіч.

Таму і трэба другі энергаблок, тлумачыць эксперт, каб падстрахоўваць першы рэактар на час адключэння.

Другі рэактар плануюць запусціць увосень.

«Гатоўнасць да здачы АЭС у цэлым у адпаведнасці з праграмамі ўводу ў эксплуатацыю прагназуецца ў кастрычніку 2023 года», – рапартаваў лукашэнкаўскі міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч.

Гэта на год пазней, чым планавала міністэрства, і на 5 гадоў пазней, чым было запісана ў міжурадавым пагадненні Расеі і Беларусі. Чаму такая затрымка, і чаму першы рэактар то запускаюць, то адключаюць?

З аднаго боку, сёння Аляксандр Лукашэнка прызнаў недахопы ў пабудове атамнай электрастанцыі і запатрабаваў запускаць другі блок павольней, але бяспечней, а пакуль усё дарабіць.

Сапраўды, у справаздачы «Росатаму» аб другім энергаблоку пазначаныя тысячы недапрацовак рознай ступені небяспекі.

Аднак Аляксей Харкевіч нагадвае, што з поўным запускам БелАЭС звязаныя ўмовы выплаты расейскага крэдыту:

«Наколькі мне вядома са сваіх крыніцаў, менавіта гэта выкарыстоўваецца ў якасці тлумачэнняў, чаму выплату пазыкі трэба адтэрмінаваць. Мяркую, менавіта з гэтым звязаныя дзіўныя рэчы ў працы АЭС. Грошай не хапае, выплаты не гатовыя».

У лютым Масква дала адтэрміноўку з выплатай крэдыту на год, да красавіка 2024-га.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»