Сяргей Гайдай: «Пасля 15 лютага наступ можна чакаць у любы час»


Украіна рыхтуецца да новага расейскага нападу. Старшыня Луганскай вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай кажа: «Фіксуем, што ўсё больш і больш тэхнікі прывозіцца, якую хаваюць дзесьці ў лясах, лесапасадках. Больш будуюць яшчэ нейкія ўмацавальных рубяжоў, адкуль, уласна кажучы будуць потым спрабаваць рабіць гэты поўнамаштабны наступ. Падвозяць боекамплект, які не так расходуюць, як раней».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Выданне «Financial Times» са спасылкаю на свае крыніцы піша, што наступ расейцаў можа пачацца за бліжэйшыя 10 дзён. Чаму менавіта такі тэрмін? Паводле Сяргея Гайдая:

«Таму што вось навучанне мабілізаваных, якіх яны ў межах так званай частковай мабілізацыі сабралі некалькі тысячаў, падыходзіць да фіналу. Але яшчэ трэба каля двух тыдняў лагістычна іх перамясціць з Беларусі і непасрэдна з Расеі. У прынцыпе, пасля 15 лютага наступ можна чакаць у любы час».

Пацвярджаюць такія тэрміны і аналітыкі Амерыканскага інстытуту вывучэння вайны. Яны ўлічваюць паказальныя фактары, напрыклад, перакідванне медыкаў з Расеі на тэрыторыю Луганскай вобласці. У той жа час расейская армія разам з наймітамі з ПВК Вагнэра працягваюць спробы наступу на Бахмут. Таксама ў Інстытуце вывучэння вайны кажуць, што Расея не здольная наступаць адразу на некалькіх кірунках.

Гэта вынікае, напрыклад, з таго факту, што хоць расейскія войскі працягваюць актыўна атакаваць у раёне Бахмуту, Вугледару і Крэмінной, тэмп наступу на іншых кірунках відавочна знізіўся. А якія перспектывы ў расейскага нападу? І ці хопіць Украіне зброі, каб яго стрымаць?

«Плынь зброі і тэхнікі бесперапынная. І часта тое, што анансуецца, ужо знаходзіцца на тэрыторыі Украіны. Збольшага гэта зброя Перамогі, якую мы хацелі б ужываць не столькі для абароны3 колькі для правядзення наступальных аперацый. Фармуюцца новыя злучэнні ЗСУ, якія павінныя не толькі адбіць напад, але і вызваліць Украіну ад гэтай крамлёўскай нечысці», – кажа вайсковы эксперт Паўло Лакійчук.

А што да анансаваных зменаў найвышэйшага вайсковага кіраўніцтва Украіны, у прыватнасці, міністра абароны Рэзнікава? На што гэта можа паўплываць?

«Валерый Залужны – на сваім месцы, усе генералы і камандуючыя сектараў і аператыўных камандаванняў – на сваім месцы, усе выконваюць баявыя задачы – згодна з планам. Тое, што адбываецца ў кабінеце міністраў, – натуральны працэс. Ні адзін чыноўнік – не вечны ў нармальнай дэмакратычнай краіне нават у ваенны час».

Дарэчы, яшчэ дзейны міністр абароны Рэзнікаў заявіў, што на беларускіх базах размяшчаюцца 12 тысячаў расейскіх вайскоўцаў. З ягоных словаў, гэтага не дастаткова, каб пачаць значны наступ з Беларусі на поўнач Украіны.

На карысць гэтага тэзісу сведчаць і новыя спадарожнікавыя здымкі вайсковага аэрадрому ў беларускай Зябраўцы. Паводле аналітыкаў кампаніі «Defence Express», на лётнішчы заўважна знізілася актыўнасць: не расчышчаная ўзлётна-пасадачная паласа, не заўважна нейкіх кардынальных змяненняў у размяшчэнні тэхнікі. У сваю чаргу і вайсковая выведка Украіны не ўзгадвае Беларусь у шэрагу магчымых кірункаў, з якіх расейская армія можа пайсці ў новы наступ.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»