Пакатацца і не разбіцца: траўматолагі нагадваюць аб правілах бяспекі падчас катання на т'юбінгу


У Беларусі ў бліжэйшыя дні захаваецца мароз, час ад часу будзе падаць снег. І ў гэтым ёсць добрыя навіны – можна весела бавіць час на вуліцы. Але, як і ў папярэднія гады, траўматолагі заклікаюць трымацца правілаў бяспекі, каб забава не ператварылася ў трагедыю. Перадусім кажуць пра небяспеку т’юбінгаў – надзіманых паветрам круглых санак. У чым справа?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Увага, бацькі і дзеці! Пастарайцеся не страціць… магчымасці весела прабавіць разам зімовы час. Пакуль ёсць снег і мароз, трэба пакатацца на каньках, зляпіць снежную бабу і зляцець з горкі на лыжах і санках. Але бацькі мусяць звяртаць асаблівую ўвагу менавіта на горку, падкрэсліваюць медыкі.

«Калі вы прывялі дзіцё на горку ледзяную – не палянуйцеся, спусціцеся нагамі, ці не мае траса дэфектаў, ямкі, бугры, трампліны. І чым гэта ўсё сканчаецца, вось самае цікавае», – падкрэслівае траўматолаг Аляксей Носаў.

Калі горка сканчаецца слупамі, дрэвамі, сцяной, вадаёмам і аўтамабільнай дарогай, то гэтая горка небяспечная. Здаецца, усім вядомыя захады бяспекі. Яшчэ больш небяспечна, калі вы на такую горку прыйшлі з тʼюбінгам. Гэтыя надзіманыя санкі яшчэ называюць бублікамі, ватрушкамі, тобоганамі. Асаблівасць тʼюбінгу ў тым, што ён добра разганяецца, але практычна не кіраваны.

«Уявіце, што вы едзеце на сваёй машыне на летняй гуме па зімовай лядовай горцы. Яна цалкам губляе сваю кіраванасць, вы не можаце кіраваць сітуацыяй, і можа адбыцца любая траўма», – папярэджвае Іван Даўгалевіч, намеснік загадчыка кафедры траўматалогіі БДМУ.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: obninsk.name

Траўматолагі добра ведаюць, пра што кажуць. Ад канца лістапада больш за 1200 дзяцей у Беларусі атрымалі холадавыя і галалёдныя траўмы. Але што зіму, калі выпадае снег, менавіта пацярпелыя ад катання на тʼюбінгах для іх выходзяць на першы план.

«Мінулыя гады паказалі, што ёсць пацыенты з пераломамі костак чэрапу, з садном галаўнога мозгу, гематомамі. Некаторым з іх трэба выконваць захады хірургічнага ўмяшальніцтва», – распавядае Максім Мялешка, нейрахірург РЦДН.

Калі дзіцё атрымала істотную траўму на горцы, першае правіла аказання дапамогі: быць у бяспецы самому. Калі ёсць пералом, то нагу ці руку трэба зафіксаваць. Але не займацца самадзейнасцю – тэлефанаваць у хуткую дапамогу. Іншая рэч, калі адбыўся моцны ўдар галавой ці спінай.

«У ляжачым стане, не паднімаючы яго, не рухаючы з месца папрасіць парухаць пальцамі ног, рук, спытаць пра адчувальнасць. Калі ўсё нармальна і мінімальныя рухі ёсць, то можна адправіцца ў траўмапункт, і ўсё роўна правесці рэнтген-дыягностыку грудной клеткі і ўсіх аддзелаў хрыбетніка», – тлумачыць траўматолаг Аляксей Носаў.

Будзем шчырымі, у Беларусі не ўсе катаюцца бяспечна. Ездзяць на тʼюбінгах праз дарогу, або катаюць дзяцей за машынай. 5 гадоў таму ў цэнтры Магілёву на тʼюбінгу забіўся малады мужчына. Ехаў з гары ў парку Падніколле, яго занесла – удар аб слуп галавой. Каб такога не здаралася, медыкі раяць не катацца тʼюбінгам з любой бліжэйшай горкі, а выбраць іншыя, больш кіраваныя забавы.

«Лыжы, санкі, канькі. А пакуль вы гэтага не зрабілі, то трэба выконваць пэўныя простыя правілы. Катацца варта на спецыяльна абсталяваных трасах. Яны ёсць там, дзе і лыжныя трасы», – рэкамендуе нейрахірург РЦДН Максім Мялешка.

Мы спыталі гледачоў «Белсату», ці ёсць у іх побач такія спецыяльныя горкі для т’юбінг-спуску? 81 % адказалі, што няма і ніколі не было.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»