Новы закон аб правах інвалідаў і аб іхнай сацыяльнай інтэграцыі


Палегчыць жыццё людзей з інваліднасцю. Гэткая мэта новага закону, асноўныя палажэнні якога набываюць моц сёння. Але ці новы закон запрацуе? Ён стаўся вынікам доўгатэрміновых абмеркаванняў прадстаўнікоў усіх асноўных міністэрстваў – з аднаго боку. І грамадскіх аб’яднанняў людзей з інваліднасцю – з іншага.

«Былі такія моманты калі спрэчкі прыводзілі да таго, што супраць нашых аргументаў аргументаў з боку дзяржавы не было, – кажа кіраўнік «Офісу правоў людзей з інваліднасцю» Сяргей Драздоўскі. – Тады гаварылася так: кропка, мы больш не абмяркоўваем, мы думаем так. І так і будзе».

Да новаўвядзенняў аўтары закону адносяць акцэнт на асветніцка-выхаваўчай працы, што мусіць сфармаваць паважлівае стаўленне да людзей з інваліднасцю. Замацаванне паняцця прынцыпу інклюзіі ў адукацыі. А яшчэ – стварэнне публічнай кадастравай карты даступнасці абʼектаў сацыяльнае інфраструктуры для людзей з інваліднасцю. Стваральнік сеткі кавярняў «Інклюзіўны барыста» Аляксандр Аўдзевіч не бачыць асаблівага прагрэсу ў выкананні апошняга з пералічаных пунктаў:

«Казалі ўлады, што будзе ўсё accessible – гэтага не адбылося. Калі новы нейкі Фізкультурна-аздараўляльны комплекс пабудавалі, то ён будзе даступным. Калі гэта стары нейкі басейн або комплекс, то ён так і застаўся недаступным для вазочнікаў».

На думку праваабаронцы Рамана Кісляка, правы інвалідаў у новым законе прапісаныя максімальна агульна. Да таго ж, ён звяртае ўвагу, што былі адмененыя пэўныя інструменты абароны людзей з абмежаванымі магчымасцямі:

«У мяне такі асцярожны песімізм. Я бачу, што ў гэтым законе адмяняецца дзеянне двух законаў: аб сацыяльнай абароне інвалідаў і аб папярэджанні інваліднасці і рэабілітацыі інвалідаў. Гэта вельмі магутныя прылады былі ў гэтай сферы. Пасля іх адмены, я не бачу нічога ў законе, што б іх замяніла».

На думку ж Сяргея Драздоўскага, асноўная хіба новага закону палягае ў адсутнасці прапісаных механізмаў абароны правоў людзей з інваліднасцю:

«Мы хацелі, каб закон быў прамога дзеяння, каб там былі прапісаныя правы людзей, механізмы абароны правоў людзей з інваліднасцю. Гэты закон прапісаны пад мінулае. Ён апісвае бачанне інваліднасці не як праблемы правоў чалавека, а як сацыяльна-эканамічную праблему для дзяржавы».

У Беларусі на сёння блізу шасці адсоткаў насельніцтва маюць інваліднасць. На думку экспертаў, новы закон не зможа палепшыць якасці жыцця гэтых людзей. Хаця б таму, што прымаўся дакумент з вельмі ўмоўнай аглядкай на іхнае меркаванне.

Ян Федаровіч, «Белсат»