Што пакінуў пасля сябе Алесь Разанаў?


За саветамі яго лаялі за фармалізм, а сённяшнія беларускія ўлады – ігнаруюць ягоны юбілей. Сёння Алесю Разанаву споўнілася б 75 гадоў. Паэт не прагінаўся пад уладу ні ў маладым, ні ў сталым веку, улады ціснулі, але не здушылі талент. Што пакінуў нам у спадчыну адзін з самых значных беларускіх паэтаў 20 стагоддзя?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У Беларусі ніякіх афіцыйных мерапрыемстваў для ўшанавання памяці Алеся Разанава не праводзіцца. Гэтага нястомнага эксперыментатара заўсёды больш любілі ў Еўропе, дзе ён быў узнагароджаны прэміяй Гэрдэра, неаднаразова запрашаўся Міжнародным парламентам пісьменнікаў жыць і працаваць у Нямеччыне і Аўстрыі. Хаця ягоны творчы ўнёсак у літаратуру цяжка пераацаніць.

«Перадусім ён – наватар, ён практычна зрабіў рэвалюцыю ў беларускай паэзіі. Разанаў проста вынайшаў новыя формы: зномы, пункціры і іншыя, іншыя, якіх проста не толькі не было ў беларускай паэзіі, а не было і ў сусветнай паэзіі», – кажа паэт Алесь Аркуш.

Але сам Разанаў клапаціўся перадусім пра беларушчыну. Калі ў кастрычніку 1968 года рыхтаваліся да пяцідзесяцігоддзя Камуністычнай партыі Беларусі, студэнт філалагічнага аддзялення БДУ Алесь Разанаў разам з аднакурснікамі піша ліст на імя Пятра Машэрава, дзе пратэстуе супраць русіфікацыі.

«Была, канешне, атмасфера самой эпохі. За некалькі гадоў да таго адбылася адліга, дэсталінізацыя, разгарнула крылы філалагічнае пакаленне, здавалася, што можна», – распавядае паэт, перакладчык і даследчык літаратуры Андрэй Хадановіч.

Алеся Разанава выганяюць з універсітэту. Афіцыйна за тое, што не здаў залік па ваенным рыхтаванні. Дзякуючы заступніцтву Максіма Танка ён давучваецца ў Берасці, пасля чаго настаўнічае ў вёсцы Кругель.

Замест таго, каб расказваць вучням шаблонныя гісторыі пра класікаў беларускай літаратуры, Разанаў распавядае некананічныя гісторыі пра Скарыну, Каліноўскага, Багушэвіча – як пра духоўна нязломных герояў. Доўга працаваць у школе яму не далі.

У 1972 годзе Алесь Разанаў пераязджае ў Менск. Актыўна друкуецца, але цэнзура яго не пакідае без увагі: ад паэта патрабуюць савецкасці. А ён замест гэтага піша верш «Арышт Кастуся Каліноўскага», дзе царскія ўлады нагадваюць энкавэдыстаў. У другой палове дзевяностых, калі ўлады ігнаруюць беларускую мову, Алесь Разанаў узносіць яе:

I ціш, і гром, і звон, і шорах

Спляліся ніткаю радства, –

Калі з грудзей, нямых і чорных,

Аднойчы мова прарасла.

Адзін з апошніх значных праектаў Алеся Разанава – кніга перастварэнняў прадмоваў Францішка Скарыны да надрукаваных ім кніг «Бібліі». Як і Скарына, Разанаў пасля 2020 года стаў непатрэбны сваёй дзяржаве, дзяржаўныя выдавецтвы не запланавалі да юбілею паэта перавыдання ягоных твораў.

«Як не былі належным чынам ушанаваныя ні Рыгор Барадулін, ні Ніл Гілевіч, ні Генадзь Бураўкін, заслужаныя нашыя творцы, проста, відаць, таму што мы ніколі, як сёння, не мелі такой некультурнай, бескультурнай і небеларускай, антыбеларускай, кажучы наўпрост, улады», – кажа Андрэй Хадановіч.

Улады мяняюцца – напісанае застаецца. Алесь Разанаў пакінуў нам багатую спадчыну: ягоныя творы даступныя ў бібліятэках, можна спампоўваць электронныя кнігі ды слухаць аўдыявершы.

Васіль Дранько-Майсюк, «Белсат»