Лукашэнка будуе таталітарызм?


У прамове Аляксандра Лукашэнкі перад працаўнікамі біятэхналагічнай карпарацыі абазначыліся рысы таталітарнай сістэмы, мяркуе палітолаг Павел Усаў. Спачатку зачысцілі грамадска-палітычную прастору. Цяпер на чарзе эканоміка: ад бізнесу патрабуюць працаваць, нягледзячы на страты ад штучнага рэгулявання цэнаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Дзяржава намагаецца рэгуляваць усе эканамічныя працэсы. Напрыклад, замарожванне цэнаў – гэта праява таталітарызму. З іншага боку – гэта прымус працаваць за той мінімум фінансава-эканамічны, які яны могуць атрымаць. Без прыбытку для сябе», – кажа Павел Усаў.

Палітолаг параўноўвае гэта з гараваннем у калгасе за працадні з часоў Сталіна. Яшчэ адна савецкая завядзёнка – спісваць крытычныя памылкі ўлады на сабатаж і падкопы шкоднікаў. Адсюль і вынікаюць абразлівыя выказванні Лукашэнкі на адрас прадпрымальнікаў, кажа Яраслаў Кот з Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжою.

«Лукашэнка спрабуе стварыць глебу для таго, каб звінаваціць прадпрымальнікаў у праблемах. Таму ён іх лае. Каб аддзяліць сваіх выбарцаў, якія зарабляюць мала, ад тых, хто нешта можа зарабіць. Маўляў, гэтая яны такія сволачы», – мяркуе Яраслаў Кот.

Лукашэнкаўскую сістэму эксперт параўноўвае з таталітарнаю сектаю, дзе трэба верыць лідару і не ставіць пад сумнеў ягоныя рашэнні. Пра нейкую эканамічную мэтазгоднасць гаворка не ідзе.

«Гэта – ролевая гульня. Вашая роля – уяўляць, што вы нібыта прадпрымальнікі. Мая роля – добры кіраўнік. А вы мусіце пляскаць у ладкі: маўляў, я – «красавец», «крэпкі мужчына», «крэпкі арэшак», – тлумачыць Яраслаў Кот.

Адначасова Лукашэнка спрабуе пераканаць, што лепшага выбару ў беларусаў няма, бо іх нібыта нідзе не чакаюць. Улады сур’ёзна непакояцца праз страту каштоўных кадраў. Таму запэўніваюць беларусаў у бессэнсоўнасці ўцёкаў з гэтай сістэмы, мяркуе медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі.

«Разбураецца інфраструктура. Бо некаторыя прафесіі – гэта штучны тавар. Гэтыя людзі вельмі важныя. І непажадана дазваляць ім некантралявана зʼязджаць з краіны», – тлумачыць логіку рэжыму Паўлюк Быкоўскі.

Ад пачатку года Беларусь ужо страціла 50 тысячаў працаўнікоў. З іх больш за 13 тысячаў – гэта айцішнікі. Таксама ў дэфіцыце – медыкі: адкрытыя вакансіі для 4600 лекараў і больш як 3600 медсёстраў.

Усталяванне таталітарызму ўдарыць не толькі па эканоміцы і ўзроўні жыцця – прагназуе палітолаг Павел Усаў. Заняпад ахопіць усе сферы.

«Гэта прывядзе да татальнай эканамічнай дэградацыі Беларусі, дэградацыі сацыяльнай і культурнай. З аднаго боку. А з іншага боку – думаю, да масавага адтоку насельніцтва, якое будзе імкнуцца пераносіць бізнес нават не ў Расею, а на Захад», – мяркуе Павел Усаў.

Лукашэнка, імаверна, будуе палітычную і эканамічную сістэму, як у Туркменістане або Паўночнай Карэі, мяркуе палітолаг. Бо іншых варыянтаў захаваць уладу самаабвешчаны прэзідэнт папросту не мае.

Валянцін Васіленка, «Белсат»