З'ядаем 40 % даходу


Жыхары ЗША выдаткоўваюць на ежу ў сярэднім 7 % даходаў. Жыхары Нігеру – 59 %. Беларусы – 40 %. Аналітыкі платформы «Picodi» прааналізавалі звесткі 105 краінаў свету і апублікавалі даследаванне, якое паказвае, якую частку прыбыткаў пакідаюць у харчовай краме людзі з розных краінаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Для беларусаў, у якіх пяцідзёнка, на верасень прыпадае 21 працоўны дзень. З іх 8,5 дзён працаваць будзем за ежу. Гэта вынікае з падлікаў платформы «Picodi», паводле якой, сорак адсоткаў сваіх даходаў мы аддаём на харчы.

У кастрычніку – 22 працоўныя дні, працаваць за ежу давядзецца 9 дзён. З краінаў Еўразійскай эканамічнай садружнасці выдаткі на ежу большыя ў Арменіі – 42 %, і ў Казахстане – 50 %. У Кыргызстане ж найлепшы паказнік – 24 % даходу.

Рэгуляванне цэн не ратуе беларусаў, падкрэслівае эканамістка Аліса Рыжычэнка:

«Я працую са статыстычнымі звесткамі на працягу 12 гадоў. І за ўвесь гэты перыяд узровень выдаткаў на прадукты харчавання не падаў ніжэй 35 % ад даходаў хатніх гаспадарак».

Трэнд на пагаршэнне досыць імклівы – на адсотак горш за два гады. Калі лічыць абагульнена, абапіраючыся на афіцыйны сярэдні заробак. А якую частку даходаў «зʼядаюць» нашыя гледачы, запыталіся на юцьюб-канале «Белсат-LIVE»: 78 % апытаных пазначылі, што выдаткоўваюць на харчы звыш 40 %.

Апытанне гледачоў:

«Усё дорага. Вельмі цяжка. Асабліва пенсіянерам».

«Сінія пальцы не далі ў 2020-м зрабіць краіны для жыцця. Цяпер маем крыштальны сасуд, ці выспу стабільнасці, як кажуць вусы».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прадукты харчавання. Менск, Беларусь. 1 красавіка 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Яшчэ амаль 33 % ад даходаў ідуць на нехарчовыя тавары. Больш чым 24 % – на камунальныя плацяжы. Такім чынам, у сярэднестатыстычнага беларуса не застаецца свабодных грошай (3 %).

Перадумоваў для пераменаў пры ўрадзе Рамана Галоўчанкі не прадбачыцца, кажа Аліса Рыжычэнка, таму што эканоміка – закрытая, інвестыцыі – недастатковыя, а ўнутры – адсутнасць справядлівай канкурэнцыі. Усё гэта не дазваляе натуральным чынам знізіць цэны праз павышэнне вытворчасці працы і зніжэнне сабекошту тавараў.

«Чаму ў Еўразвязе людзі выдаткоўваюць мала грошай на ежу? Таму што шматлікія харчы вырабляюцца ўжо за кошт аўтаматызаваных вытворчасцяў. Нашая краіна пад санкцыямі. Мы не можам сабе дазволіць увезці нейкія тэхналогіі. У нас няма ні грошай ні магчымасцяў на гэта. Мы не можам сабе дазволіць знізіць гэты кошт. У нас паўсюль максімальна задзеяная ручная праца», – кажа Аліса Рыжычэнка.

Адпаведна, даводзіцца плаціць заробкі занятым на вытворчасцях працаўнікам, што ўключана ў сабекошт набываных намі малака, мяса, хлебу і гэтак далей. Пры гэтым намінальны сярэдні заробак беларусаў – перадапошні ў рэйтынгу краінаў ЕАЭС – $ 633, ніжэй, чымся ў армянаў.

У той жа час заробкі ў рэальным сектары эканомікі і ў бюджэтнікаў растуць хутчэй, чым вытворчасць працы, што, ізноў жа, штурхне інфляцыю ўгару.

Юлія Цяльпук, «Белсат»