«Бабуліна кухня» трапляе ў Беларусь са сметнішча


Станіца Палтаўская ў Краснадарскім краі Расеі «праславілася» смеццевым палігонам, які атручвае ваду, глебу і паветра навокал. Паселішча нават трапіла праз гэта ў Вікіпедыю. І акурат побач з палігонам месцяцца рысавыя палі, прадукцыю з якіх прапаноўваюць беларускаму спажыўцу.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Рыс пад маркаю «Бабушкина кухня любимая» са станіцы Палтаўскай прадаецца ў крамах сеткі «Еўраопт». Не выключана, што прадукт можа назапашваць цяжкія металы ды іншыя шкодныя рэчывы. Педыятарка Мая Церакулава сцвярджае, што доўгатэрміновае ўжыванне такога рысу пагражае даволі сур’ёзнымі наступствамі.

Куча адкідаў на плошчы 10 гектараў залягае на 6 метраў у глыбіню і мае 15 метраў вышыні. Адлегласць да рысавых палёў – усяго 20 метраў. Паводле экаактывістаў, неабходнага гідраізаляцыйнага падкладу пад сметнішчам няма. Незалежная экспертыза вады з арашальных каналаў вакол гэтых палёў выявіла перавышэнне паказнікаў аміяку, свінцу, фенолаў, жалеза ды іншых рэчываў. Пра гэта распавяла жыхарка Палтаўскай, экаактывістка Наталля Гараева:

«Палігон вельмі стары, ён ляжыць проста на зямлі ў былым рэчышчы ракі, у плаўневай зоне. І ўсё, што там утворыцца, па грунтавых водах пераходзіць у ваданосныя пласты. Нашая грамадская рада неаднаразова фіксавала сцёкі фільтратаў у каналы з вадой, якія забяспечваюць рысавую сістэму».

Сертыфікат якасці рысу дзейсны 3 гады. Каб атрымаць яго, даволі 3 кілаграмаў прадукту, і ўсю шматтонную партыю могуць прызнаць годнай. Крупы з усёй Кубані звозяць на краснадарскі элеватар, там перамешваюць і аддаюць на фасоўку. І вось расейская рулетка пад маркаю «Бабушкина кухня любимая» трапляе ў Беларусь. Гэтыя звесткі перадалі ў Менскі гарадскі цэнтры гігіены ды эпідэміялогіі. Там параілі звярнуцца ў Дзяржаўны камітэт стандартызацыі Беларусі. Але і той не дае рады.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прадукты харчавання. Менск, Беларусь. 1 красавіка 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

«Ну, у нас жа няма мяжы з Расеяй, – адказала супрацоўніца Дзяржстандарту. – Таму – свабодны гандаль. Суб’екты гаспадарання могуць правозіць усё, што пажадаюць. А інфармацыі нейкай пра тое, што крупы няякасныя, у нас, на жаль, няма. Праверкі ж прызначаюцца толькі калі ў нас ёсць доказы таго, што прадукцыя небяспечная. Калі яна выпрабаваная ўжо недзе ці яшчэ што».

А ў кампаніі «Еўрагандаль» – уладальніцы сеткі крамаў «Еўраопт», дзе прадаецца рыс сумнеўнай якасці, – адмовіліся тлумачыць сітуацыю праз тэлефон і прапанавалі даслаць пісьмовы зварот праз электронны адрас або звычайнай поштаю. Але пра гэта і пісалі, яшчэ два тыдні таму. Толькі адказу пакуль не атрымалі. А тым часам прадукт трапляе ў рацыён беларусаў, якія ні аб чым не падазраюць.

«Есці яго яго непажадана, канешне, – папярэдзіла педыятарка Мая Церакулава. – Гэта ж не адзіны гатунак рысу, можна абраць іншыя. Але калі здарылася такое, што варыянтаў няма, ну, можна яго на содні замачыць, мяняць ваду часцей. Але гэта таксама нічога не гарантуе».

Барацьба жыхароў станіцы Палтаўскай з уладарамі небяспечнага палігону цягнецца не першы год. Пакуль безвынікова. Станічнікі ў адчаі звярталіся ў Дзяржаўную думу Расеі, да галоўнага расейскага камуніста Зюганава. І нават Лукашэнку прасілі, каб той распавёў Пуціну пра іхную бяду.

«Бацька, дапамажы, – крычалі са слязьмі яны ў відэазвароце. – Немагчыма тут жыць! Нас проста забіваюць. Экалагічны генацыд! Бацька, родненькі, толькі на цябе надзея! Перадайце, калі ласка, прэзідэнту, што людзі плачуць!»

Рыс часта ўжываюць у дыетычных стравах, ён рэкамендаваны для дзіцячага харчавання. У выглядзе кашы або супу – вельмі смачны і карысны. Але да выбару прадукту варта ставіцца вельмі ўважліва.

Марына Яновіч, «Белсат»