Ліз Трас стала трэцяй жанчынай-прэмʼеркай Вялікай Брытаніі пасля Маргарэт Тэтчэр і Тэрысы Мэй


Смелая і бескампрамісная, у Вялікай Брытаніі можа зʼявіцца новая жалезная лэдзі. Там абралі старшыню ўраду і лідара Кансерватыўнай партыі. На змену Борысу Джонсану прыйшла Ліз Трас, якая раней займала пасаду міністра замежных справаў каралеўства. Як з новым прэмʼер-міністрам зменіцца палітыка Вялікай Брытаніі ў дачыненні Украіны ды краінаў Еўразвязу?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Вынікі ні для кога не сталі сюрпрызам – букмекеры ацэньвалі верагоднасць перамогі былой міністаркі замежных справаў Ліз Трас на 95%. А ейнага суперніка – былога міністра фінансаў Рышы Сунака – усяго толькі на 5%.

«Для мяне гонар быць абраным лідарам Кансерватыўнай і Юніянісцкай партыі. І я таксама хачу падзякаваць дасюлешняму лідару, майму сябру Борысу Джонсану. Борыс, ты дабіўся брэкзіту. Ты раздушыў Джэрэмі Корбіна. Ты ўкараніў вакцыну супраць каронавіруса і выступіў супраць Уладзіміра Пуціна», – з гэтых словаў пачала сваю прамову новая Ліз Трас адразу пасля абрання.

Ліз Трас стала трэцяй жанчынай-прэмʼеркай Вялікай Брытаніі пасля Маргарэт Тэтчэр і Тэрысы Мэй. Яна займала шэсць міністэрскіх пасадаў, праявіла сябе як надзейны саюзнікам NATO, жорстка выказвалася адносна Расеі ды Пуціна, выступала за выхад Вялікай Брытаніі з Еўразвязу. Ліз Трас 47 гадоў, і, магчыма, менавіта яна стане новай жалезнай лэдзі Вялікай Брытаніі. Прынамсі гэтак хоча самая Трас:

«Падчас гэтай перадвыбарнай кампаніі я выступала як кансерватар і буду кіраваць як кансерватар. І, сябры мае, нам трэба паказаць, што мы дабʼемся поспеху за бліжэйшыя два гады. Я маю смелы план для зніжэння падаткаў і росту нашай эканомікі. Я пераадолею энергетычны крызіс, разбяруся з рахункамі людзей за электраэнергію, а таксама развяжу доўгатэрміновыя праблемы, звязаныя з энергазабеспячэннем».

Стаяць перад Трас і палітычныя выклікі, пра якія нагадвае палітолаг Максім Ялі:

«Адносіны ў яе з Брусэлем, мякка кажучы, нацягнутыя, улічваючы ейную жорсткую пазіцыю што да Паўночнай Ірландыі. Так што хутчэй за ўсё складанасці ў двухбаковых адносінах паміж Вялікай Брытаніяй і Еўрапейскім Звязам будуць захоўвацца, там шмат спрэчных пытанняў аб гандлі, міграцыі, мытным кантролі».

Пад пытаннем эканамічныя і гандлёвыя стасункі з Кітаем, які Ліз Трас збіраецца абʼявіць крытычнаю пагрозаю для каралеўства. Пагаршэння стасункаў з Вялікай Брытаніяй чакае і Расея, чыю пазіцыю агучыў Зміцер Пяскоў: «Я б не хацеў казаць, што нешта можа змяніцца ў горшы бок, бо нешта горшае ўявіць складана. Але ў той жа час, на жаль, гэтага нельга выключаць. З улікам таго, што кандыдаты на пасаду будучага прэмʼер-міністра Вялікай Брытаніі відавочна канкуравалі адзін з адным у антырасейскай рыторыцы, пагрозах распачаць далейшыя крокі супраць нашай краіны».

Менавіта праз жорсткую пазіцыю ў дачыненні Расеі асоба Ліз Трас па пасадзе прэмʼер-міністра Вялікай Брытаніі была вельмі пажаданай для Украіны. Бо ў выніку перамогі Рышы Суната магла скараціцца вайсковая і фінансавая дапамога, якую Вялікая Брытанія надае Украіне, адзначае палітолаг Максім Ялі:

«А Вялікая Брытанія – гэта адзін з асноўных нашых геапалітычных і эканамічных партнёраў у супрацьстаянні з Расеяй. Таму адназначна ва Украіне сёння могуць падняць келіх шампанскага і выдыхнуць з палёгкаю».

Борыс Джонсан сышоў з пасады прэмʼер-міністра Вялікай Брытаніі пасля скандалу са шматлюднаю вечарынаю, праведзенай падчас пандэміі. Джонсан абʼявіў аб адстаўцы 7-га ліпеня, але выконваў абавязкі кіраўніка ўраду да выбараў. Ужо заўтра, 7-га верасня, Ліз Трас правядзе першае паседжанне Кабінету Міністраў у якасці кіраўніцы ўраду, а першае тэлефанаванне на новай пасадзе яна абяцала зрабіць прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму.

Вольга Васільева, «Белсат»