«Тое, што цяпер можа адбыцца са зменаю заканадаўства, прынясе новыя праблемы пратэстанцкім канфесіям»


Асаблівая роля Праваслаўнай царквы ды шэраг забаронаў. На прававым форуме Беларусі для грамадскага абмеркавання з’явіўся праект новай рэдакцыі закону «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях». Што ж зменіцца і якая мэта гэтых змяненняў?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Дзейнасць, скіраваная супраць суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, распальванне варожасці ды забароненая сімволіка. У новай рэдакцыі закону «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» гэтыя паняткі займаюць не апошняе месца.

«Больш усё паставіць пад дэтальны кантроль, больш дадаць правоў такой рэгулюючай структуры, як упаўнаважаны па справах рэлігіі, каб ён больш меў улады над цэрквамі», – кажа праваслаўны святар Аляксандр Шрамко.

Абноўлены закон забараняе выкарыстанне любой сімволікі, апроч рэлігійнай. Мясцовыя органы ўлады змогуць ствараць камісіі для кантролю за рэлігійнымі арганізацыямі. Зліквідаваць жа царкву змогуць, калі палічаць, што яе дзейнасць не адпавядае канцэпцыі нацыянальнай бяспекі. Яшчэ адно новаўвядзенне: рэлігійная асвета не ёсць адукацыйнаю дзейнасцю.

«Рэлігійныя арганізацыі штогод павінныя будуць прадстаўляць у мясцовыя выканаўчыя органы ўсе дадзеныя пра свае школы, пра парадак, склад. То бок гэта ставіцца пад кантроль», – зазначае Аляксандр Шрамко.

Сярод новаўвядзенняў – замацаванне асаблівай ролі Праваслаўнай Царквы.

«Мы можам назіраць вяртанне да сумнай савецкай практыкі, альбо да практыкі Расейскай імперыі, дзе ёсць замацаваная ў заканадаўстве фактычна дзяржаўная рэлігія. У Савецкім Саюзе гэта рэлігія афіцыйна называлася “атэізм”, за часамі Расейскай імперыі гэта была Расейская праваслаўная царква», – падкрэслівае пастар царквы Святой Тройцы з Варшавы Зміцер Хведарук.

Нашыя суразмоўцы адзначаюць, што ў сённяшняй Беларусі Праваслаўная Царква актыўна падтрымоўвае рэжым Лукашэнкі. А тых, хто падае голас супраць, здымаюць з пасадаў. Гэтак было з гарадзенскім архіепіскапам Арцеміем, які публічна асудзіў фальсіфікацыю выбараў і гвалт сілавікоў у 2020-ым.

Сінод РПЦ аператыўна зацвердзіў адстаўку «апазіцыйнага» архіепіскапа з Горадні. Архіепіскап Арцемій.
Фота: newsbel.by

«Усе ўдзельнікі таго паседжання, сіноду, якія адпраўлялі ўладыку Арцемія “на спакой”, яны распісаліся ў сваім свядомым судзеянні ўсіх гэтых злачынстваў, якія творацца рэжымам», – адзначае праваслаўны святар Канстанцінопальскага патрыярхату Уладзімір Драбышэўскі.

Зазналі рэпрэсіі каталіцкія касцёлы і грэка-каталіцкія цэрквы. Дзесяткі святароў трапілі пад рэпрэсіі. Вернікаў шантажуюць, пагражаючы забраць святыні. Не спыняецца ціск і на пратэстантаў.

«Тое, што цяпер можа адбыцца са зменаю заканадаўства, прынясе новыя праблемы і выклікі пратэстанцкім канфесіям. Сто адсоткаў, што ім будзе цяжэй існаваць», – кажа Зміцер Хведарук.

Праект новай рэдакцыі закону «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» вынеслі на грамадскае абмеркаванне. Пакінуць свае заўвагі можна на сайце «Прававы форум Беларусі» да 15 чэрвеня.

Алесь Яшчанка, «Белсат»