Сёння адзначаюць Дзень аховы навакольнага асяроддзя


«Бой пластыкаваму забруджванню» – гэткі дэвіз сёлета мае Дзень аховы навакольнага асяроддзя, які адзначаецца 5-га чэрвеня. Як выглядае сітуацыя з сартаваннем і перапрацоўваннем пластыку ў Беларусі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ці задумваліся вы, колькі шкоды для планеты могуць прыносіць самыя простыя штодзённыя звычкі, напрыклад, узяць бясплатны пакецік у краме ці купіць пітную ваду ў бутэльцы? Бо ўсе гэтыя пакункі пасля становяцца адкідамі, частка якіх пойдзе на перапрацоўванне, але большасць трапіць у наваколле і перажыве не адное пакаленне людзей.

Гэтак, самае маштабнае стыхійнае сметнішча на Зямлі – «Вялікая пластыкавая пляма» – утварылася ў Ціхім акіяне і разрастаецца з кожным годам. І плошчаю ўжо большае за Францыю ды Украіну, сягаючы памераў каля паўтара мільёна квадратных кіламетраў. Нягледзячы на вялікую адлегласць, Беларусь гэтая праблема таксама датычыць.

«Гэта такі ланцуг, які вельмі важны для нас: мы жывем на адной планеце, і кожная змена ў акіяне, яна ўплывае на нас, нават калі вы далёка ад акіяну. Калі не стане акул ці яшчэ кагосьці, гэта ўсё прыйдзе і да нас зменамі ў нашым звычайным жыцці. Было даказана, што 2/3 рыбы, якую мы ямо, яны маюць у тым ці іншым памеры мікрапластык», – кажа навуковая супрацоўніца даследчай хімічнай лабараторыі, кандыдатка хімічных навук, аўтарка youtube-каналу «Янахімічыла» Яна Карслян.

Любы пластык у прыродзе распадаецца на мікра- і наначасцінкі, няўзброеным вокам яго не пабачыць. Але менавіта ён, трапляючы ў наваколле, змяняе яго.

«Для чалавека самае галоўнае, што вось гэтыя таксіны, якія выходзяць, яны ўплываюць на гарманальную сістэму. Гэта не такія змены, што чалавек памёр, атруціўся, гэтыя змены ўплываюць на нашае адчуванне, іх цяжка адсачыць», – тлумачыць Яна Карслян.

Вядома, што пластыкавую праблему можа дапамагчы развязаць сартаванне і перапрацоўванне. Але ў нашай краіне вага перапрацоўвання пластыку не такая вялікая: усяго 30–32% ад усяго сабранага. У тым ліку ўплывае на гэта і стаўленне людзей. Гэтак, каля 70% апытаных намі гледачоў сартуюць смецце, але з пэўнымі акалічнасцямі:

«Бутэлькі і слоікі здаю, а астатняе разам».

«Для сартавання патрэбныя адпаведныя кантэйнеры, а іх няма».

«Ведаю, як яны працуюць. “Датком”: усё ў адну кучу – і на сметнішча. Думаю, астатнія так жа сама».

«Стаяць 6 падпісаных кантэйнераў, якія грузяцца ў адну машыну».

Хаця нярэдка акурат збор другасных адкідаў адным смеццявозам – не парушэнне, а лагістычная неабходнасць, выкліканая ў тым ліку абыякавым стаўленнем да таго ж сартавання.

«Танней вывозіць усё гэта адначасова, бо людзі ўсё роўна іх выкідаюць абы як, і таму гэта скідваюць у адную машыну, каб пасля зрабіць сартаванне зноў. Але парушэнне, калі сметніца з агульным смеццем таксама трапляе ў гэтую машыну. Гэтага рабіць нельга, і калі людзі гэта заўважаюць, трэба тэлефанаваць у арганізацыю, якая вывозіць смецце», – тлумачыць менеджарка ініцыятывы «Зялёны тэлефон» Паліна Бурко.

Наколькі маштабная праблема забруджвання асяроддзя, ведаюць экалагічныя актывісты, якія штогод ладзілі ў Беларусі прыборку наваколля ад несанкцыянаваных звалак, што ўтвараюцца на месцах масавага адпачынку людзей.

Дзякуючы актывістам, з берага Дняпра вывезлі каля 12 кубаметраў смецця.
Фота: «Белсат»

«Гэта такія пятачкі, дзе няма добраўпарадкавання, дарожак, гэта зялёная лесапаркавая зона, куды можна зайсці і схавацца, і ты як бы па-за полем зроку. Такія месцы былі больш брудныя», – узгадвае арганізатар акцыі «Зробім!» у Берасці, экалагічны актывіст Рыгор Цярэнцеў.

Зрэшты, улады намагаліся пайсці і больш складаным шляхам: скараціць спажыванне пластыку, забараніўшы выкарыстоўваць аднаразовы посуд у грамадскіх сталоўках. Аднак праз паўгода, як адпаведная пастанова пачала дзеяць, з пераліку забароненага пластыкавага посуду выключылі некаторыя шкляначкі, трубачкі ды кантэйнеры і бутэлькі.

«Глабальнага выніку не было і наўрад ці быў бы. Але ж гэта падняло шмат шуму, і людзі пачалі звяртаць увагу, пачулі, што пластык небяспечны, што гэта ж забараняюць неяк. І дазволіла бізнесам, асабліва маленькім, шукаць альтэрнатывы», – тлумачыць менеджарка ініцыятывы «Зялёны тэлефон» Паліна Бурко.

Зменшыць спажыванне пластыку – проста. На каву можна хадзіць са сваім кубкам, за што шмат якія кавярні яшчэ даюць зніжкі на напоі. Ваду для піцця набіраць у шматразовую бутэльку, а для прадуктаў карыстацца торбачкамі з тканіны.

Аліна Скрабунова, «Белсат»