Заводы выстаўляюцца на аўкцыёны


З першага разу не атрымалася – спрабуюць ізноў. Будынак скідзельскага фармацэўтычнага заводу «Новалок» паўторна выставілі на аўкцыён, са зніжэннем першапачатковай цаны.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

На супольным беларуска-індыйскім заводзе, адкрытым у сакавіку 2019-га, планавалі стварыць семдзесят працоўных месцаў і штогод выпускаць семдзесят восем мільёнаў таблетак. Адной з прычынаў стратнасці прадпрыемства могуць быць махінацыі пры праектаванні – завышаюцца паказнікі вытворчых магутнасцяў, каб палепшыць інвестыцыйную справаздачу, кажа навуковы працаўнік Цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC» Алег Мазоль.

«Умоўна на рэальны рынак трэба абсталяванне на 30 мільёнаў таблетак, а замест гэтага прыпісваецца рынак і малюецца бізнес-план на 78 мільёнаў таблетак. Купляецца даражэйшае абсталяванне, пад яго бяруцца буйнейшыя, чым трэба, крэдыты, наверх ідуць справаздачы пра асвоеныя аб’ёмы, дырэктар атрымлівае прэміі, магчыма, бонусы ад тых, хто пастаўляе абсталяванне ці сыравіну», – кажа эканаміст.

Аднак, калі рэальна завод не можа прадаць заяўленай колькасці прадукцыі, праект не акупляецца. У гэтай сітуацыі кіраўніцтва заводу можа дамовіцца з урадам пра спісанне даўгоў, тлумачыць Алег Мазоль:

«У гэтым канкрэтным выпадку можна канстатаваць, што грошы на пакрыццё праектавых стратаў кіраўнік прадпрыемства з бюджэту не атрымаў, таму і пастанавілі абвясціць банкруцтва і такім чынам падсумаваць страты для краіны».

Стратным для краіны стаўся і Асіповіцкі вагонабудаўнічы завод. Маёмасць рэгіянальнага прадпрыемства, што заяўлялася як горадаўтваральнае, ужо тройчы выстаўлялі на аўкцыён.

Асіповіцкі вагонабудаўнічы – таксама супольнае прадпрыемства, беларуска-расейскае. Пастанову пра яго стварэнне прынялі ў 2008-м, а ў 2011-м Еўразійскі банк развіцця выдаў крэдыт на 63,5 мільёна долараў пад гарантыю ўраду Беларусі. Праз два гады завод пачаў працу, але на праектную магутнасць так і не выйшаў, у 2015-м адзначылі выпуск пяцісотага вагону, а 2017-м прадпрыемства абвясцілі банкрутам.

«Поўная віна чыноўнікаў, бо яны не мусяць браць удзелу ў такіх рэчах. Пры чым тут увогуле чыноўнікі? Яны гарантыі даюць ад імя дзяржавы, хаця кампетэнцыяў у іх няма, экспертызы таксама няма, аніхто з іх бізнесам ніколі не займаўся, не могуць ацаніць мадэлі вытворчасці», – кажа дарадца Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой Яраслаў Кот.

Банкрутуюць у Беларусі не толькі наваствораныя прадпрыемствы. Так, на продаж выставілі маёмасць віцебскага абласнога аграсэрвісу, а цягам папярэдніх гадоў у вобласці закрыліся пяць раённых філіялаў прадпрыемства. Раённыя аграсэрвісы ствараліся ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, каб дапамагаць калгасам. Патрэбы ў іх даўно няма, бо кожная гаспадарка мае ўласную тэхніку, тлумачыць адмыслоўца ў галіне сельскай гаспадаркі Мікалай Лысянкоў.

«Чаму яны пачалі выкараняць сябе толькі сёння, а не 5-10 гадоў таму? Бо 5-10 гадоў таму ўкладваліся грошы, працавала друкарка і можна было ўзяць сродкі і ўкласці. А ў прыватныя рукі перадаць – чыноўнікі баяцца пра гэта не толькі казаць, а нават думаць», – кажа Мікалай Лысянкоў.

Пра тое, што для змены сітуацыі трэба цалкам мяняць эканамічную сістэму ў краіне, кажуць усе нашыя суразмоўцы.

«Змяніць дзяржаву. Неабходна сістэму памяняць, дэцэнтралізаваць эканоміку, спыніць вайну, спыніць супрацу з Расеяй. Трэба даць магчымасць мясцовым уладам прымаць рашэнні», – кажа Яраслаў Кот.

Бо толькі абраная, а не прызначаная зверху, мясцовая ўлада будзе працаваць дзеля людзей, якія яе абіраюць, і адказваць за свае крокі, падкрэслівае эканаміст.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»