Выракі актывістам прафсаюзу РЭП


9 і 8 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму – такія выракі прагучалі сёння ў Менскім гарадскім судзе. Судзілі актывістаў незалежных прафсаюзаў, палітвязняў Генадзя Фядыніча, Васіля Бераснева і Вацлава Арэшку. Іх абвінавацілі ў распальванні сацыяльнай варожасці і ў нібыта шкодзе нацыянальнай бяспецы.

«Прысуд лідарам прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці – гэта прысуд усім дэмакратычным прафсаюзам, – упэўнены сябра Рады Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Дзяніс Садоўскі. – Гэта прысуд людзям, якія ўсё сваё жыццё працавалі, каб дапамагаць працоўным».

Заснаваны ў 90-х гадах мінулага стагоддзя Беларускі прафсаюз РЭП – бадай, самы масавы сярод незалежных. Там дапамагалі абараняць правы прадстаўнікам і іншых прамысловых галінаў, а таксама медыкам, педагогам, студэнтам. Абарона правоў працоўных, парушаных дзяржавай, неаднаразова станавілася прычынаю судовых працэсаў ужо над самым старшынём прафсаюзу РЭП Генадзям Фядынічам і іншымі актывістамі. Само гэтае грамадскае аб’яднанне было абʼяўленае экстрэмісцкім і закрытае. Палітык Анатоль Лябедзька патлумачыў, што ўся справа – ў глыбокай асабістай крыўдзе адной асобы:

«Прафсаюзы наўпрост звязаныя з прадпрыемствам. Гэта тое, што Лукашэнка лічыў сваёй вотчынай, сваім апірышчам. І тут атрымалася, што ў дваццатым годзе аказалася, што няма ніякага апірышча».

Незалежны прафсаюз РЭП, як і іншыя непадкантрольныя рэжыму арганізацыі, сярод першых патрапіў пад молат помсты і рэпрэсіяў пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў. Таму, адзначаюць праваабаронцы, сённяшні вырак Фядынічу, Берасневу і Арэшку – жахлівы, але цалкам заканамерны працяг падзеяў у краіне.

На сумленне так званай «суддзі» Алены Папковай – «аўтаркі» сённяшняга выраку – і ейных хаўруснікаў спадзявацца не выпадае, тут дзейсныя хіба санкцыйныя захады. Зрэшты, сусветная супольнасць выкарыстала яшчэ не ўсе свае магчымасці ціску на Лукашэнку з прыслугачамі. Міжнародная арганізацыя працы – сур’ёзная і ўплывовая сусветная інстытуцыя ў складзе ААН. Натуральна, яна не застанецца абыякавай да лёсу абаронцаў правоў работнікаў.

«У Міжнароднай арганізацыі працы не было ніякіх іншых варыянтаў, як прыняць 33 параграф у дачыненні да Беларусі, бо правы працоўных у Беларусі ніякім чынам зараз не абароненыя, і абараняць із зараз няма каму», – канстатаваў Дзяніс Садоўскі.

Дагэтуль Міжнароднаяя арганізацыя працы толькі аднойчы прымяняла 33 параграф свайго Уставу – супраць хунты ў Мʼянме. Тады тая краіна апынулася ў поўнай міжнароднай эканамічнай блакадзе, і генералы-узурпатары мусілі здацца. Менавіта тое пагражае зараз і Беларусі. Згодна з рэгламентам, санкцыі маюць выпрацаваць да канца сакавіка, а ўвядуць іх у чэрвені.

Сёння ж быў апублікаваны праект зменаў у законы аб грамадскіх аб’яднаннях і партыях. На думку праваабаронцаў з цэнтру «Вясна», гэтыя змены значна пагоршаць умовы існавання палітычных партыяў у Беларусі. А грамадскім абʼяднанням пагражае новая падстава для ліквідацыі.

Марына Яновіч, «Белсат».