Новыя асаблівасці вонкавай рэкламы ў Беларусі


Тавары і паслугі, якія раней беларусам рэкламавалі вядомыя артысты, шоумены або спартоўцы, цяпер усё часцей рэкламуюць маляваныя яноты ды коцікі. Такая практыка пачала шырыцца летась на пачатку года.

Магчыма, рэч у тым, што на пачатку года ўлады завялі рэестр асобаў, якіх можна размяшчаць у рэкламе, і тых, якіх нельга. Пра гэта на ўмовах ананімнасці нам расказаў адзін з работнікаў сталічнага рэкламнага агенцтва:

«З пачатку года зʼявіліся спісы «нядобранадзейных» медыйных асобаў – тых, хто неяк звязаны з апазіцыяй або проста быў заўважаны на пратэстах у 2020 годзе. Спачатку трэба было проста выбіраць тых, каго ў гэтых спісах няма. Гэта ўжо значна ўскладніла працу, але потым зрабілася яшчэ больш складана. Напрыклад, сёння ты падпісаў кантракт на серыю рэкламнай прадукцыі з чалавекам, якога ў гэтым спісе няма. Вы пачынаеце здымку, траціце на гэта грошы, плаціце ганарары, размяшчаеце гэтую рэкламу (за гэта асобна яшчэ плаціце). А праз пару тыдняў гэтага чалавека заносяць у гэты спіс «нядобранадзейных», і рэкламу даводзіцца прыбіраць. Грошай, натуральна, табе ніхто не вяртае. Таму цяпер шмат хто ўвогуле адмаўляецца запісваць ролікі або рабіць рэкламныя здымкі з рэальнымі людзьмі».

Пад удар трапілі не толькі шоумены і рэкламныя мадэлі, але і кампаніі, якія купляюць рэкламу, – з 1 траўня мінулага года яны плацяць дзяржмыту ад 10 да 20 адсоткаў ад агульнага кошту паслугі. Атрыманыя грошы пры гэтым ідуць на падтрыманне дзяржаўных СМІ ў Беларусі.

А вось незалежным выданням доступ да рэкламы ў Беларусі проста закрылі. З пачатку мінулага года МАРГ увёў рэестр медыяў, якія маюць права публікаваць рэкламу. Нелаяльныя да рэжыму Лукашэнкі ў гэты спіс, натуральна, не ўваходзяць.

«Тое, што дзяржава вельмі хоча рэгуляваць рэкламны рынак – гэта праўда, – разважае экспертка ў галіне камунікацыяў Ірына Сідорская. – Я разумею гэта. І гэта, безумоўна, не вельмі добра для рынку – якія правілы гульні цяпер дзейнічаюць».

Зрэшты, правілы гэтыя аднолькавыя не для ўсіх. Для сацыяльнай рэкламы і рэкламы падзеяў, арганізаваных дзяржаўнымі органамі, ёсць мноства паслабленняў. Напрыклад, у грамадскім транспарце аўдыёвізуальную рэкламу ўвогуле забаранілі. Выключэнне – для так званай сацыяльнай рэкламы. Гэтак, цяпер у транспарце, дзе ўсталявалі маніторы, беларусам транслююць ролікі праекту «Беларусь. Гісторыя».

Больш за траціну з іх прысвечаныя савецкаму перыяду. Некаторых, напрыклад, абурыла: якое дачыненне да гісторыі Беларусі мае Валянціна Церашкова? У Менгарвыканкаме неабыякавым адказалі: «Вашае меркаванне пра змест сацыяльнай рэкламы прынятае да ўвагі».

І з улікам беларускай спецыфікі было б дзіўна, калі б бенефіцыярамі ўсіх пералічаных рэкламных абмежаванняў не зрабіліся сілавікі. Іхняя рэклама таксама ўвесь час мільгае як на білбордах, так і на гарадскіх экранах.

Ян Федаровіч, «Белсат»