Мінабароны Беларусі: польскі верталёт парушыў беларускую паветраную прастору


У чацвер у паветраную прастору Беларусі заляцеў лёгкаматорны самалёт з Польшчы. Пра гэта ў сацыяльнай сетцы «X» расказаў начальнік Дэпартаменту міжнароднай вайсковай супрацы Міністэрства абароны Беларусі Валер Равенка:

«2 лістапада 2023 года польскі лёгкаматорны самалёт у працэсе патрулявання неаднаразова мінуў дзяржаўную мяжу Беларусі на глыбіню да 200 метраў. З пачатку верасня Польшча здзейсніла 5 такіх інцыдэнтаў, якія можна ахарактарызаваць як «на мяжы».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Міністэрства замежных справаў Беларусі даручыла польскаму боку расследаваць інцыдэнт. Паводле агенцтва «Ройтэрз», прадстаўніцтва польскай арміі дэталёва прааналізуе інфармацыю з Беларусі, спраўджваючы запісы авіяцыйных і радыёлакацыйных сістэмаў.

«Ва ўмовах таго, што Беларусь трактуюць як суагрэсара, а таксама ва ўмовах таго, што Польшча бароніць межы, абсалютна нармальна, што тэхніка лятае, правярае. І калі статыстычна на сто палётаў будзе адзін памылковы і яны пераляцяць мяжу – гэта абсалютна, на жаль, звычайная рэч», – кажа спецыяліст у нацыянальнай бяспецы, палітолаг Аляксандр Казак.

Нягледзячы на тое, што Равенка казаў пра пяць парушэнняў, афіцыйна паведамлялася пра тры. Нібыта 1-га верасня польскі вайсковы верталёт Мі-24 на вельмі малой вышыні мінуў дзяржаўную мяжу, а потым вярнуўся назад. Другі інцыдэнт, паводле Мінабароны, адбыўся 28-га верасня.

«Каля 15:20 паветранае судна пераляцела мяжу рэспублікі Беларусь дальнасцю да паўтара кіламетра. А 16:22 верталёт паўторна парушыў дзяржаўную мяжу, паглыбіўся на 300 метраў. Інфармацыя пацверджаная дадзенымі аб’ектыўнага кантролю», – паведамляў тады афіцыйны прадстаўнік камандавання ВПС і войскаў СПА Сяргей Качур.

І трэці афіцыйна названы Міністэрствам абароны інцыдэнт – цяперашні. Польскі бок гэтых парушэнняў беларускае мяжы не прызнаў. Больш за тое, за месяц да першага з іх – 1-га жніўня – сама Польшча заяўляла пра тое, што два беларускія вайсковыя верталёты парушылі паветраную прастору краіны каля Белавежы. Бачылі іх і жыхары памежжа.

«Праляцелі тут, развярнуліся і паляцелі да беларускай мяжы».

«Гэта не звыклыя верталёты, што на мяжы лётаюць нашыя. Гэта нейкія іншыя», – сведчылі мясцовыя жыхары.

Hавiны
Мінабароны: На тэрыторыю Беларусі двойчы залятаў верталёт з Польшчы
2023.09.28 22:18

Пасля гэтага Міністэрства абароны Польшчы пастанавіла ўзмацніць войска на мяжы з Беларуссю. Афіцыйны ж Менск факту парушэння тады не прызнаў. Але, на думку Аляксандра Казака, маніторыць мяжу беларускі бок пачаў больш пільна.

«Гэта будзе прыводзіць да размоваў з паверанымі, з амбасадарамі, консуламі, да выказвання нотаў недаверу або занепакоенасці. А ў самым горшым выпадку – да збіцця такога самалёту, верталёту», – лічыць Аляксандр Казак.

Афіцыйнай рэакцыі польскага боку на заяву пра парушэнне паветранай прасторы на момант рыхтавання матэрыялу няма.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»