Напалеонаўскія планы «Беллёгпраму»


Прадукцыі з пачатку года выпусцілі амаль на 600 мільёнаў долараў, а экспарт з траўня вырас на 24 адсоткі. Бадзёрыя лічбы агучыла старшыня «Беллёгпраму» Таццяна Лугіна. І атрымала ад Лукашэнкі даручэнне – замяніць беларускай прадукцыяй заходнія брэнды, што адышлі з расейскага рынку. Задача рэальная, але пры пэўных умовах, мяркуе вядомы бізнесовец Аляксандр Кныровіч.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Трэба навучыцца рэагаваць на выклікі рынку, на новыя тэндэнцыі. І трэба навучыцца рабіць гэта ўсё досыць эканамічна. Бо тое, па якіх цэнах сёння прапаноўваецца прадукцыя беларускага лёгпраму, не лезе ні ў якія цэнавыя катэгорыі тых марак, якія называліся – “Zara”, “H&M” і іншыя», – кажа Аляксандр Кныровіч.

Наўрад ці «Беллёгпрам» дасць рады – распавёў на ўмовах ананімнасці эканаміст, знаёмы са станам рэчаў у галіне. Бо дзяржаўны сектар мае хранічныя хваробы.

«У луканоміцы паўнамоцтвы ўласніка размазаныя па бюракратычных структурах, даходы якіх непасрэдна не залежаць ад вынікаў дзейнасці прадпрыемства. На заробак кіраўніцтву заўсёды выстачыць нават пры сціплых поспехах. У выпадку правалу лягчэй знайсці вінаватых, чым ужыць антыкрызісныя захады. Вінаватыя – гэта сэканд-хэнды, ІП, азіяцкія канкурэнты, непатрыятычныя грамадзяне. Патрэбнае падкрэсліць», – кажа эканаміст.

З тымі ж сэкандамі «Беллёгпрам» ваюе не першы год. Прапаноўвалі нават вынесці іх за межы буйных гарадоў. У выніку забаранілі сэканд-хэндам гандляваць новым адзеннем. Затое цяпер, калі заходні імпарт ускладняецца праз санкцыі, рэжым хоча зарабіць на прадукцыі лёгкай прамысловасці. Вядомы мадэльер Саша Варламаў гэтага аптымізму не падзяляе. Бо прадпрыемствам «Беллёгпраму» не выстачае кваліфікаваных спецыялістаў.

«У першую чаргу, няма краўцоў. Гэта майстэрства, якое перадаецца з рук у рукі. Галоўнае – гэта не малюнак. Галоўнае – пасадзіць адзенне на чалавека, каб сядзела па фігуры і каб можна было зручна сябе пачуваць у гэтым адзенні», – кажа Саша Варламаў.

На думку стылісткі Ганны Прышывалкі, сама аператыўна на модныя трэнды і запыты рынку рэагуюць не буйныя канцэрны, а невялікія прыватныя вытворцы. Але ім выжываць у Беларусі ўсё цяжэй.

«Як толькі пачынаеш вылучацца, гэта стае небяспечным. Плюс умовы працы ІП, цэнаўтварэнне, набыццё добрых імпартных тканінаў. Усё гэта не спрыяе развіццю канкурэнцыі і нечага асаблівага на рынку», – кажа Ганна Прышывалка.

Нават у Заходняй Еўропе эканамічная сітуацыя не спрыяе дызайнерам. Напрыклад, у Нямеччыне закрываюцца школы для мадэльераў, кажа Саша Варламаў. Бо расце попыт на таннае, а не на раскошнае дызайнерскае адзенне. Што ўжо казаць пра Беларусь і Расею, дзе заробкі далёкія ад заходнееўрапейскіх. Мадэльер бачыць хіба адну паспяховую схему.

«Толькі калі вы распрацоўваеце нейкія лякалы, калі вы ўмееце закупляць вялікія партыі тканінаў у Паўднёва-Усходняй Азіі, замаўляецца таннае адзенне і паспяхова яго прадаяце», – тлумачыць Саша Варламаў.

У паўднёва-ўсходняй Азіі надзвычай танная працоўная сіла. Нават сусветна вядомыя брэнды пераносяць вытворчасць туды. «Беллёгпрам» жа мае ўтрымліваць у Беларусі больш як семдзесят прадпрыемстваў і забяспечваць іх работнікаў працаю. Эканаміст Яраслаў Раманчук мяркуе, што канцэрн можа разлічваць толькі на адміністрацыйны рэсурс: напрыклад, дамагчыся абмежавання імпарту.

«Пакуль у краіне працуюць такія арганізацыі, можна забыць пра свабоду гандлю і багаты асартымент: нас павольна, але верна прывучаюць да робаў, уніфікаванай формы і таму, каб цешыцца: “Вось, дасталі імпартныя чаравікі!”» – мяркуе эканаміст Яраслаў Раманчук.

На думку эканаміста, сітуацыя пагражае вяртаннем да сацыялізму савецкага ўзору. Калі якаснае імпартнае адзенне давядзецца здабываць праз кантрабандныя схемы і пераплачваць пры гэтым у разы.

Валянцін Васіленка, «Белсат»