Рэжым ліквідуе «Дзяцей Чарнобылю»


Ліля правяла дзяцінства ў Слаўгарадзе на Магілёўшчыне. У 1986 годзе тыя мясціны забрудзіў радыеактыўны попел з разбуранай Чарнобыльскай АЭС. Доўгія часы пасля катастрофы дзяцей з пацярпелых рэгіёнаў Беларусі вывозілі на аздараўленне за мяжу. Ліля трапіла ў праграму двойчы: у дзве тысячы трэцім і чацвёртым гадах.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэтым займаўся ўсім Чарнобыльскі фонд праз РайАНА, – патлумачыла дзяўчына. – РайАНА ўжо званіла бацькам і казала, куды хто едзе і калі. Вось так я трапіла ў Бельгію».

Беларускі камітэт «Дзеці Чарнобылю» – першая грамадская арганізацыі Беларусі, якая ў дзевяностых стала дабрачынным фондам. Яго заснавальнікам і старшынём быў Генадзь Грушавы – прафесар філасофіі і дэпутат Вярхоўнага савету ХІІ склікання, які пайшоў з жыцця пасля ракавай хваробы.

Ліля Гусарава – толькі адная з сотняў тысяч дзяцей, якім гэтыя фонды зарганізавалі аздараўленне за мяжою. Усе выдаткі за ейны адпачынак узяла на сябе бельгійская сям’я. Тыя вандроўкі Ліля цяпер узгадвае як самы чароўны час.

«Сямʼя, у якой я жыла, мяне вазіла на мора. Мы шмат ездзілі кудысь. Розныя там кавярні, дзіцячыя пляцоўкі. Я ўпершыню гуляла ў більярд, у гольф і гэтак далей. Яны былі цалкам адкрытыя да мяне. Яны мне шмат расказвалі асабістага, былі са мною вельмі добразычлівыя. Добра даволі ставіліся».

Беларускі журналіст Аляксандр Тамковіч у сваёй кнізе «Чарнобыльскі шлях. Ад трагедыі да Саду надзеі» сцвярджаў, што з 1986 года больш за 600 000 дзяцей з Гомельскай, Магілёўскай і Берасцейскай вобласцяў Беларусі выязджалі на аздараўленне ў Італію, Нямеччыну, Іспанію, Вялікую Брытанію, Ірландыю, Бельгію, Нідэрланды. Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская таксама з цеплынёю ўзгадвае, як яе прымала сямʼя ірландцаў.

Дзеці з Беларусі на адпачынку ў Лондане. Фота з асабістага архіву Алега Якавіцкага

Ковідная пандэмія часова прыпыніла вандроўкі паміж краінамі, а тым часам на дзейнасць недзяржаўных і некамерцыйных арганізацыяў абрынуў свой гнеў Аляксандр Лукашэнка. На нарадзе дваццаць другога чэрвеня 2021 года ён абураўся:

«Пад дзве тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі? Цяпер азірнуліся: гэта ж шкода для дзяржавы! Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і пераважна з павернутымі, прамытымі мазгамі за чужыя грошы!»

З таго моманту пад рэпрэсіі трапілі дабрачынныя, праваабарончыя, жаночыя, экалагічныя, асветніцкія, гістарычныя, спартовыя арганізацыі. Паводле праваабаронцаў, за два гады знішчаныя ці ў стадыі ліквідацыі ўжо больш за тысячу дзвесце суполак. Цяпер жа справу ліквідацыі Беларускага камітэту «Дзяцей Чарнобылю» разглядалі ў Менскім гарадскім судзе. Палітолаг Вадзім Мажэйка добра ведае сітуацыю і напісаў вялікі артыкул у выданні «Беларусский ежегодник»:

«Ліквідуюць шмат якія арганізацыі, якія, магчыма, небяспекі не ўяўляюць, але гэта проста агульны працэс. То бок ліквідуюць не тых, хто небяспечны, а пакідаюць толькі тых, хто свой, правераны, гарантаваны. Таму, адпаведна, пад удар трапляюць самыя розныя арганізацыі самага рознага кшталту».

У тэлеграм-канале «Белсату» мы запыталі ў нашых гледачоў, ці лічаць яны важнай замежную дапамогу ў справе аздараўлення дзяцей з рэгіёнаў Беларусі, пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы. Больш за 80% мяркуюць, што такая міжнародная супраца патрэбная людзям. Але не цяперашняй уладзе.

«Яна пазбаўляе ўразлівыя групы таго падтрымання, якое яны сапраўды атрымлівалі ад грамадскага сектару, а не мелі ад дзяржавы, – тлумачыць палітолаг Мажэйка. – Ну і, вядома, такое знішчэнне моцна аслабляе беларускае грамадства. Бо вось гэтыя гарызантальныя сувязі, грамадскія інстытуты – тое, што робіць грамадства моцным, дазваляе эфектыўна рэагаваць на крызісы».

Арганізацыі накшталт «Дзяцей Чарнобылю» цягам 37 гадоў дапамагалі хворым, дзецям, асобам з інваліднасцю. І гэтым значна ашчаджалі бюджэтныя рэсурсы: выдаткі на лекі, аздараўленне, рэабілітацыю. Пакуль жа дзяржава, забараняючы грамадскую самаарганізацыю і дабрачыннасць, нічога не прапануе наўзамен.

Марына Яновіч, «Белсат»