Знайшоўся новы «здраднік дзяржаве» з КДБ


Інтэрв’ю з агентам «Сімонам» ды магчымасць раскрыць легенду ІТ-шпіёна КДБ у Польшчы. Нашыя калегі з выдання «REFORM.BY», магчыма, знайшлі прычыну, з якой супраць журналісткі «Белсату» Кацярыны Андрэевай ужо ў турме завялі новую крымінальную справу аб «здрадзе дзяржаве» і пасадзілі на 8 гадоў на сакрэтным працэсе. Выглядае на тое, што КДБ распачаў зачыстку тых, хто мог памятаць іх агента, вельмі падобнага на беларускага ІТ-шніка ў эміграцыі. Знайшоўся і яшчэ адзін, раней невядомы, вырак аб здрадзе дзяржаве.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Журналісты выдання «REFORM.BY», магчыма, знайшлі аператыўніка КДБ, які 2 гады жыве ў Польшчы пад легендай звычайнага праграміста. Або знайшлі поўнага двайніка аператыўніка КДБ з Упраўлення Гомельскай вобласці, які фігураваў у расследаванні «Белсату» 6 гадоў таму, прысвечаным гамельчуку Сяргею Васільеву – агенту «Сімону».

«Ён і застаецца ў [аддзеле] канстытуцыйнай бяспецы. Я ж таксама ў канстытуцыйнай бяспецы. Нашто нам інфармацыйны аддзел?», – так КДБ-куратар Сяргея Васільева абмяркоўваў з ім справы ў Гомельскім упраўленні КДБ.

У расследаванні дапамог новы інструмент – аўтаматычны пошук па тварах на фатаграфіях. Так знайшоўся Аляксей Цыганкоў – поўны двайнік аператыўніка КДБ з Гомля.

«Пашукалі таксама гэтага чалавека, бо ніхто не ведаў, як яго завуць, хто гэта. Ён быў таксама па справе Васільева, які паказаў гэтыя кадры. Відавочна, гэта быў працаўнік КДБ», – тлумачыць галоўны рэдактар «REFORM.BY» Фёдар Паўлючэнка.

Што за справа Васільева? У 2016-м годзе з Беларусі ў Польшчу з сям’ёй уцёк фатограф Сяргей Васільеў, які больш за 20 гадоў супрацоўнічаў з КДБ. Тады ён даў інтэрвʼю журналістцы «Белсату» Кацярыне Андрэевай і перадаў запісы сустрэчаў з куратарамі КДБ.

«Атрымалася так, што я мусіў звярнуцца ў міліцыю па дапамогу. А яны мяне ўжо з часам, праз месяц-два, скіравалі ў КДБ, і там ужо падпісалі дамову», – распавядаў тады Сяргей Васільеў, ён жа агент КДБ «Сімон».

Васільеў распавёў, што за грошы ад КДБ і паводле загаду намесніка старшыні КДБ па Гомельскай вобласці ён стварыў і падтрымліваў сайт «Gomelbest.com», дзе самі КДБ-істы публікавалі кампрамат і паклёпы на дэмакратычных дзеячаў. Васільеў падкідваў актывістам наркотыкі ды ладзіў іншыя правакацыі.

Леанід Судаленка ўпэўнены, што менавіта Васільеў дапамог распачаць супраць яго крымінальную справу, нібыта гомельскі праваабаронца рассылаў парнаграфічныя матэрыялы з працоўнага кампʼютара.

«Вобшукі тады былі, кампʼютары ў нас павымалі. Мяне вінавацілі ў тым, што з IP-адрасу нашага офісу пайшла гэтая парнаграфія. Але гэты чалавек кажа, што ён на вуліцу Палескую на наш офіс прыходзіў. Пароль ад нашага Wi-Fi быў напісаны на дошцы», – узгадвае падзеі 2015 г. праваабаронца, былы палітвязень Леанід Судаленка.

Гісторыя з Васільевым атрымала нечаканы працяг проста цяпер.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Супрацоўнік КДБ Беларусі. Крыніца: Sputnik

«Пачалі капаць Васільева, што з ім, дзе ён. І з дапамогай Кіберпартызанаў высветлілі, што Васільеў знаходзіцца ў Беларусі і ён у турме. Што быў невядомы журналістам прысуд у ліпені 2021 года. Ён атрымаў 11 гадоў турмы за здраду дзяржаве», – распавёў галоўны рэдактар «REFORM.BY» Фёдар Паўлючэнка.

Аказалася, што ў 2019-м Васільеў чамусьці вярнуўся з Польшчы ў Гомель, і быў асуджаны за «спрыянне замежнай арганізацыі». А гэтым маглі палічыць менавіта інтэрвʼю Кацярыне Андрэевай на «Белсаце».

«Крымінальную справу суд разглядаў у закрытым рэжыме, яна мела грыф сакрэтнасці. Вырак – 11 гадоў пазбаўлення волі. Ці звязаная справа карэспандэнткі «Белсату» Кацярыны Андрэевай з крымінальнай справай Сяргея Васільева, нам дакладна не вядома», – тлумачыць прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар.

У лютым 2022-га года нашую калегу, палітзняволеную журналістку Кацярыну Андрэеву перавезлі з турмы менавіта ў Гомельскі следчы ізалятар, і Гомельскі абласны суд вынес вырак – 8 гадоў і 3 месяцы за здраду дзяржаве. Калі б не гэта, Каця ўжо год як была б на свабодзе.

Як мяркуе рэдакцыя «REFORM.BY», гэта магла быць зачыстка ўсіх, хто памятаў пра засвечанага агента Гомельскага КДБ, адпраўленага на Захад.

Калі гэты Аляксей Цыганкоў – аператыўнік КДБ – то ён можа быць небяспечным і для дзяржаваў, дзе ён знаходзіцца, і для беларускай дыяспары, кажуць у «BELPOL».

«”BELPOL”вызначыў усіх прадстаўнікоў КДБ, зафіксаваных на відэа з Васільевым. Якім чынам была выкарыстаная інфармацыя, звязаная з Васільевым, мы агучыць не можам. Усю інфармацыю, якая ў нас была і акумулявалася нашай арганізацыяй, мы перадалі адпаведным органам краінам Заходняга свету», – паведаміў нам Уладзімір Жыгар.

Чаму Сяргей Васільеў вярнуўся ў Беларусь, ці атрымаў ён палітычны прытулак у Польшчы? «Белсат» звярнуўся ў польскае міністэрства замежных справаў – і мы пакуль не атрымалі адказу.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»