Еўразвяз рыхтуецца да эскалацыі «міграцыйнага крызісу»


77 праз Латвію і 94 праз Польшчу – столькі спробаў нелегальнай міграцыі зафіксавалі памежныя службы суседніх дзяржаваў толькі за апошнія содні. Памежная ахова Польшчы паведамляе, што сярод парушальнікаў былі грамадзяне Індыі, Эфіопіі ды Эрытрэі. Ці рыхтуецца рэжым Лукашэнкі зноў шантажаваць Захад чарговаю хваляй «памежнага крызісу»?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Асабіста я пакуль не бачу нейкіх перадумоў для такой маштабнай хвалі, якую мы назіралі восенню 21 года. Але паўтаруся, такую спробу нельга выключаць. У любым выпадку, гэта будзе жэст адчаю. Таму што нічога не атрымаецца дабіцца ў еўрапейцаў», – паведаміў усходазнаўца Руслан Сулейманаў.

А вось нямецкая паліцыя чакае далейшага росту нелегальнай міграцыі. Пра гэта паведаміла выданне «Bild». Прычына – Расея масава выдае візы мігрантам з Блізкага Усходу для іх наступнага пранікнення ў Еўразвяз праз Беларусь.

«Відавочна, што і ў Маскве і ў Менску даўно зразумелі, што гэтую тэму можна выкарыстоўваць для дэстабілізацыі становішча ў Еўрапейскім саюзе. Ну, і можна выкарыстоўваць прапагандысцкімі метадамі», – паведаміў палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

Такі «расейскі маршрут» актыўна рэкламуецца ў сацыяльных сетках. Уцекачы трапляюць у Расею пераважна з Турцыі. «Bild» сцвярджае, што напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў Рэджэп Таіп Эрдаган «адпускае» бежанцаў тысячамі «праз небяспеку паразы ў гэтых выбарах».

«Калі Еўрапейскія ўлады пабачаць у Бруселі, што ідзе гэта хваля праз Турцыю, яны пачнуць прамыя перамовы з аднаго боку з Турцыяй і краінамі з якіх паходзяць мігранты. У Еўразвязу ёсць вельмі добрыя эканамічныя аргументы, каб гэта спыніць», – дадаў Аляксандр Фрыдман.

Літоўскія памежнікі з пачатку гэтага года развярнулі 936 мігрантаў. За апошнія содні парушэнняў не зарэгістравана, але краіна гатовая да пагаршэння сітуацыі.

«Калі такі паток з’явіцца, то ёсць сістэма, ёсць дамовы, досвед урэшце, які дазволіць хутка рэагаваць і не дапусціць, каб былі масавыя парушэнні мяжы. Улічваючы і гэтыя фізічныя барʼеры, гэтыя перашкоды, тэхнічныя сродкі, якімі мы цяпер карыстаемся, з якімі мы значна мацнейшыя, чым летам 2021 года, калі пачаўся гэты крызіс», – кажа прадстаўнік у сувязях з прэсай службы аховы мяжы пры МУС Гіедрус Мішуціс.

Польскія памежнікі заяўляюць, што ўся працэдура перасячэння мяжы курыруецца беларускімі спецслужбамі і злачыннымі групоўкамі, звязанымі з імі. Гэтак, супрацоўнікі Падляскага аддзялення Памежнай аховы атрымалі доступ да навучальных відэаролікаў, у якіх даюцца падрабязныя інструкцыі аб тым, як займацца незаконнай міграцыяй.

Гэтыя матэрыялы размешчаныя ў сацыяльных сетках у групах, дзе замежнікі шукаюць працу. Заробак можа складаць ад 600 да 700 еўра за перавозку аднаго мігранта. З пачатку гэтага года ўжо затрыманыя 264 курʼеры, памочнікі і арганізатары незаконнай міграцыі. За такі ж перыяд мінулага года іх было 88. Затрыманым пагражае пакаранне да 8 гадоў пазбаўлення волі.

Андрэй Сульжыц «Белсат»