«Danone» канчаткова пакідае Беларусь


Масавы сыход буйнога бізнесу з Беларусі працягваецца. Кампанія № 1 ва ўсім свеце на рынку свежых малочных прадуктаў – «Danone» – распачала працэс ліквідацыі юрыдычнай асобы ў Беларусі. З 2008 года, калі з’явіўся офіс «Danone» у нашай краіне, французскі вытворца займаў першыя месцы на рынку малочнага і дзіцячага харчавання. Пра што сведчыць закрыццё беларускага прадстаўніцтва?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Фінал 16-гадовага бізнесу ў Беларусі. Кампанія «Danone» ліквідуе даччыную кампанію ў нашай краіне. Інфармацыя пра гэта апублікаваная ў часопісе «Юстыцыя Беларусі». Юрыдычная асоба «ДанонБел» – апошняя, якая належала французскаму кангламерату ў Беларусі.

«Гэтае рашэнне сведчыць пра тое ж, пра што сведчыць рашэнне сыходу такіх брэндаў, як “Mercedes” ці “Apple”, ці іншых буйных брэндаў. Гэта азначае, што будуецца новая вялікая сцяна і мы застаемся на ўсходзе, на жаль», – зазначае прадпрымальнік, блогер, вядоўца праграмы «Атма$фера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч.

Брэнды «Danone» на паліцах беларускіх крамаў – гэта ўсім вядомыя «Простоквашино», «Растишка», «Активиа», «Даниссимо», «Aktimel» ды іншыя. Акрамя таго, французы вырабляюць дзіцячае і спецыялізаванае харчаванне пад знаёмымі назвамі «Тёма», «Малыш», «Малютка», «Nutrilon». На наш рынак «Danone» пастаўляе і прэміум-ваду «Evian».

Аляксандр Кныровіч зазначае, што сыход кампаніі будзе мець стратэгічныя наступствы для беларускіх спажыўцоў:

«Тут праблема, магчыма, у тым, што ў будучыні, так, крок за крокам не будзе ніякага далейшага развіцця. Таму тое, што ўкладаў у развіццё вялікі сусветны брэнд, і тое, якія магутнасці маюць беларускія прадпрыемствы, – гэта вельмі вялікая розніца. Але непасрэдна зараз мы не пабачым вялікай розніцы».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прадукцыя «Danone».
Фота: world.openfoodfacts.org

Беларускае незалежнае выданне «planbmedia.io» зазначае, што «Danone» – адзін са знакавых заходніх інвестараў, прысутнасць якога заўсёды падавалася ўладамі як прыклад прывабнасці беларускага інвестыцыйнага клімату. Кампанія шмат гадоў заставалася ў топе гульцоў малочнага рынку Беларусі. У 2022-2023 гадах французаў фактычна пазбавілі вытворчых прадпрыемстваў. Дзве з трох кампаніяў – «ДанонШклоў» і «ДанонПружаны» – перайшлі пад кантроль беларускага боку. Цяпер жа закрываецца і аптовая кампанія, зарэгістраваная ў Менску, якая была арыентаваная на працу з Расеяй.

Сітуацыю «Белсату» пракаментаваў эканаміст, які з меркаванняў бяспекі пажадаў захаваць ананімнасць:

«Укладанні ў Беларусь у маштабах бізнесу “Danone” не былі значныя для кампаніі, таму і сыход яе не будзе мець сур’ёзных наступстваў. Як паказвае практыка, пры сыходзе з Расеі кампанія спісала стратаў на $200 мільёнаў. Тое ж самае, але на парадак менш, відаць, будзе ў Беларусі. З-за агрэсіўнай пазіцыі расейскага кіраўніцтва ў пытаннях вайны ўкладанні ў Беларусь, якія відавочна рабіліся ў разліку на экспарт у Расею малочных прадуктаў, страцілі сэнс».

У кастрычніку 2022 года кіраўніцтва «Danone» абвесціла аб сыходзе з Расеі, але тады не каментавала планаў наконт беларускай часткі бізнесу. На пачатак года 99,99 % акцыяў «ДанонБел» належала французскаму канцэрну. Цяпер штаб-кватэра гэтак жа не рабіла заяваў наконт сыходу з Беларусі.

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»