Жалезная заслона для студэнтаў?


Адтэрмінаванне ад набору на вайсковую службу для студэнтаў, якія хочуць вучыцца за мяжою, могуць адмяніць. Пра гэта паведаміў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У прыклад чыноўнік прыводзіць расейскіх студэнтаў, што навучаюцца ў беларускіх ВНУ. Менавіта для іх адтэрмінаванне не прадугледжанае.

«У нашых суседзяў, калі яны [студэнты] едуць вучыцца за мяжу, таксама няма адтэрміновак. Мы прыводзім заканадаўства ў адпаведнасць з тым, што ёсць у нашых суседзяў. У нас павінны быць роўныя правы і магчымасці», – заявіў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч.

«Чым больш такі бар’ер будзе стварацца для студэнтаў, тым больш узмоцнена будуць шукацца варыянты абыходу для таго, каб рэалізаваць сваё сапраўднае права на адукацыю, у тым ліку, і на перамяшчэнне», – сказала экспертка ў галіне адукацыі Святлана Мацкевіч.

Намеснік міністра адукацыі адзначыў, што змяненні не закрануць так званых мэтавікаў – студэнтаў, якіх накіроўваюць вучыцца на спецыяльнасці, якіх у Беларусі не прапаноўваюць, але органы дзяржаўнага кіравання або прадпрыемствы ў такім адмыслоўцы маюць вострую патрэбу. Працягне дзеяць адтэрмінаванне таксама для тых студэнтаў, якія ўжо навучаюцца за мяжой.

«Я прагназую, што колькасць будзе павялічвацца з кожным годам, таму што калі не прадстаўляюцца нармальныя паслугі на Радзіме, то значыць нармальна, што ажыццяўляецца пошук гэтай паслугі за мяжой», – дадала Святлана Мацкевіч.

Аднак відавочна, што рэжым не жадае так проста адпускаць беларускую моладзь вучыцца за мяжу. І як доказ таму – словы першага прарэктара Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэту Георгія Вяршыны:

«Маладыя людзі прынцыпова мусяць развіваць сваю краіну, вучыцца і жыць тут».

Але беларускія студэнты працягнуць пакідаць краіну, кажа наш эксперт.

«Шэрая зона, дзе вы маглі б самарэалізавацца і не апынуцца ні за кратамі, ні ўзяць бок катаў, звузілася настолькі, што калі мы не жадаем быць ні карнікамі, ні ахвярамі – трэба шукаць сябе па-за межамі краіны», – падзяліўся меркаваннем эксперт у галіне адукацыі і навукі Андрэй Лаўрухін.

Мяркуючы паводле статыстыкі, абітурыенты ўсё часцей абіраюць для вучобы замежныя ўніверсітэты. Напрыклад, колькасць беларускіх студэнтаў толькі ў Польшчы з 2016 да 2022-га года павялічылася амаль у два з паловаю разы, да 11 тысячаў. А ў літоўскіх ВНУ і тэхнікумах у гэтым навучальным годзе адукацыю атрымліваюць амаль паўтары тысячы беларускіх студэнтаў.

«Калі мы падлічым Чэхію і Германію, куды таксама едуць, то будзе не менш за 25 тысяч студэнтаў, якія зараз навучаюцца ў навучальных установах за межамі Беларусі. Гэта больш за 10 адсоткаў ад агульнай колькасці студэнтаў», – падсумаваў Андрэй Лаўрухін.

Ці вернецца гэты каштоўны рэсурс у Беларусь пасля змены рэжыму?..

Андрэй Сульжыц, «Белсат»