Ці хочуць рускія вайны?


Грузія, 2008 год. Украіна – 2014-ты. Раней – Ічкерыя і Паўночны Каўказ. Час ідзе – крамлёўскі стыль не змяняецца: зладзіць правакацыю і «пад шумок» увесці свае войскі. Грузінскі публіцыст Алег Панфілаў выказаў сваё бачанне сітуацыі: каб захаваць імперыю – трэба было штось прыдумаць. Вось прыдумалі сабе чарговы галаўны боль з Украінай.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Правакацыяй сталася і інфармацыя пра беспілотнік, што нібыта напярэдадні заляцеў з Украіны ў Беларусь. Але прапагандысты так спяшаліся выдаць сенсацыю спажыўцам дзяржаўнага тэлепрадукту, што раскрылі і сапраўдны маршрут таго апарату. А ляцеў ён – відавочна – з беларускае тэрыторыі. Гэты фэйк толькі павесяліў гледачоў «Белсату». Сярод каментароў пераважалі такія:

JD: «Якое трызненне пра беспілотнік. Ганьба чарговая. Хлусня ганебная».

Весёлый таксист: «Ах-ха… Макет выдалі за беспілотнік».

Гэтак: «Гэта фраў А. прыляцела. Дажынкі і ўсё такое».

Але заходняя выведка папярэджвае: цяпер – зусім не да смеху! Афіцыйны прадстаўнік Пэнтагону Джон Кірбі абвясціў:

«У нас ёсць інфармацыя пра тое, што расейцы, відаць, захочуць арганізаваць фальшывую атаку, каб такім чынам апраўдаць свае дзеянні. Мы мяркуем, што ў рамках гэтага фальшывага нападу Расея выпусціць вельмі наглядны прапагандысцкі відэаролік, у якім будуць трупы і акторы, што сыграюць жалобу, і выявы разбураных месцаў, а таксама ваенная тэхніка ў руках Украіны ці Захаду».

Самыя сучасныя ўзбраенні ўжо прыбылі ва Украіну і праходзяць тэставанне. Таксама амерыканскія вайскоўцы і зброя – ужо ў Польшчы. І пакуль ідзе рыхтаванне да вайны, Дзярждэпартамент, са свайго боку, імкнецца ўлагодзіць справу мірам. Нэд Прайс, кіраўнік Дзярждэпартаменту, зноў заклікаў Маскву спыніць сваю дэструктыўную і дэстабілізацыйную кампанію хлусні, знізіць напружанасць і распачаць дыпламатычныя захады і дыялог для мірнага развязання.

Закавыка, апроч іншага, яшчэ і ў тым, што сённяшні ўзровень вайсковай навукі і тэхналогіяў узбраенняў значна павялічвае рызыку перарастання лакальнага канфлікту – у сусветны. Што непакоіць Еўропу. Міністр замежных справаў Польшчы Збігнеў Раў у якасці старшыні АБСЕ выступіў на пасяджэнні Хельсінкскай камісіі Кангрэсу ЗША і падчас сваёй прамовы папярэдзіў:

«Сітуацыя можа вельмі хутка выйсці з-пад кантролю і ўцягнуць Еўропу ў вялізны шматмерны крызіс бяспекі ў маштабах, якіх не было з часу Другой сусветнай вайны».

Украіна таксама мусіць ставіцца да такой пагрозы вельмі сур’ёзна. І на ўсялякі выпадак рыхтавацца да вайны. Украінскі вайсковы эксперт Алег Жданаў, каментуючы дзеянні Расеі, адзначыў:

«Яны спрабуюць пераканаць увесь свет, што іх там няма. І такая правакацыя магчымая, каб паказаць “агрэсіўнасць Украіны” і “намер змагацца з уласным народам”. Яны сцвярджаюць, што гэта ўнутраны канфлікт – але мы рэальна там ваюем з рэгулярнымі войскамі Расеі».

І вось яшчэ пытанне: дзе заканчваецца расейская армія – і дзе пачынаецца беларуская? Столькі тысяч вайскоўцаў з Расеі прыехалі ў Беларусь, што думкі пра акупацыю, здаецца, маюць ужо ўсе падставы. Былая служачая беларускай арміі Алена Смолдарава прымала некалі ўдзел у супольных вучэннях, таму мае бачанне знутры. Яна паведаміла, што беларускія вайскоўцы ўжо паводле дамовы падпарадкоўваюцца Расеі. Для таго яны і прывезлі гэтае войска, каб кантраляваць.

Паводле дадзеных вайсковых адмыслоўцаў Захаду, цяпер каля ўкраінскіх межаў размешчаныя больш за 100 тысяч расейскіх вайскоўцаў. На беларускай тэрыторыі яны пачуваюцца як удома.

«Расея акупавала Беларусь, каб змяніць Лукашэнку. Яны яго прыбяруць. Лукашэнка – ён жа псіхапат. І яны не могуць пралічыць, якія захады ён можа зрабіць» – мяркуе Алена Смолдарава.

Так што, разлічваючы на расейскую дапамогу, можа пралічыцца і сам Лукашэнка.

Кветкамі, усмешкамі, хлебам і соллю сустракалі беларускія войскі сваіх расейскіх саслужыўцаў. Але як толькі тыя пасунуцца ва Украіну – там іх чакацьме зусім іншая сустрэча. І кветкі, і пачастунак – таксама іншыя.

Марына Яновіч, «Белсат»