Газу – труба, а Еўропа нават не пачынала мерзнуць


https://youtu.be/7l_D-juq5To?t=1157
Цэны на газ у Еўропе ўпалі да гадавога мінімуму. Учора ўвечары каціроўкі апускаліся ніжэй за ўзровень $ 750 за тысячу кубаметраў. Сёння гандлююцца на $ 10 вышэй, што і так вельмі танна. Масква, шантажуючы Захад, які ўвеў супраць яе санкцыі, пралічылася: прынамсі ў гэтым сезоне ў Еўропе не будзе газавага голаду. Расейскае блакітнае паліва не занадта патрэбнае толькі пакуль цёпла і ветрана, ці агулам губляе актуальнасць?
Рэкордна высокія тэмпературы спрычыніліся да зніжэння попыту і цаны на блакітнае паліва. У Літве, Польшчы, Нямеччыне ў апошнія дні году слупкі тэрмометраў уздымаліся нават да 12 градусаў. Ці азначае гэта, што надворʼе ўратавала еўрапейцаў ад замярзання, якое ім прарочылі расейцы?
Мартынас Нагявічус – старшыня Канфедэрацыі ўзнаўляльных крыніцаў энергіі Літвы, мяркуе:
«Якая б не была зіма да яе канца, у сховішчах, якія ёсць у Еўразвязе, хопіць газу да канца зімы. Значыць няма такой нярвознасці, што нейкая фабрыка спыніцца. Значыць, не трэба рабіць закуп фьючарсаў па высокіх коштах».
Фʼючарсы – гэта кантракты на будучыню. Напрыклад на люты ці сакавік. У Еўропе на вечаровых гандляваннях 3-га студзеня катыроўкі працягнулі падзенне, згубіўшы яшчэ 10%. Сёння гандлююцца па $760 за тысячу кубаметраў. Расейскамоўных трэйдараў з міжнароднае платформы Іnvesting.com непакояць не толькі грашовыя страты:
«Сейчас Европа как накупит, по-дешевке… Звездно-полосатые только и будут успевать газовозы грузить».

«Вот как Европа замерзает!»

«Как бы у загнивающего запада газ не стал дешевле нашего!»

«Газ падает каждый день, это нормально? Коррекция должна же быть?»
Калі б зіма надоўга пайшла ў стабільны мінус, мы б назіралі адно невялікі рост цаны на прыродны газ, кажуць эксперты «Белсату». Сёлета ў снежні Еўропа і сапраўды назапасіла рэкордны кубаметраж газу ў падземных сховішчах – 90,2 млрд кубаметраў. Сховішчы былі запоўненыя на 83 %, што значна больш, чым у сярэднім за апошнія пяць гадоў.
«Еўропе цяпер не выбіраць – елка ці бярозка, галоўнае, каб цёпла было», – іранізаваў у верасні беларускі дыктатар, колючы дровы «для суседняй Польшчы». Нават прапагандысты адклалі сякеры, бо відавочна, што прынамсі ў гэтым сезоне Еўразвяз не стане прасіць дроваў у Лукашэнкі.
«Нават фінансавым спекулянтам, якія граюць на еўрапейскіх газавых хабах стала зразумела: далей нешта атрымаць, выкарыстоўваючы інфармацыйныя нагоды, якія дае Расейская Федэрацыя, не магчыма. То бок ужо ўсім стала зразумела, што энергетычнае шантажаванне Расеі не ўдалося», – канстатаваў эксперт у галіне энергетыкі Генадзь Рабцаў.
Рынак не адрэагаваў ростам нават на словы кіраўніка расейскага «Газпраму» Аляксея Міллера, які назваў «немагчымым на гэты момант» рамонт на пашкоджаных у выніку акту міжнароднага тэрарызму газаправодах «Паўночная плынь» і «Паўночная плынь – 2».
«Еўразвяз і Нямеччына павінныя даць канкрэтны палітычны адказ пра тое, што яны зацікаўленыя і хочуць, каб гэтыя ніткі былі адноўленыя. І далей – даць гарантыі далейшай бяспечнай эксплуацацыі гэтых нітак», – заявіў Аляксей Міллер. «І толькі пасля пакетнага вырашэння санкцыйных, эканамічных і юрыдычных пытанняў» – дадаў ён.
Заходняя Еўропа на такое не пойдзе, вынікае са словаў аналітыка Генадзя Рабцава:
«За апошнія 5 гадоў доля доўгатэрміновых і срэднетэрміновых кантрактаў (на газ па трубе – заўв. рэд) скарацілася з 75 % да 25 %. Па-другое, значна ўзраслі пастаўкі звадкаванага прыроднага газу. Доля расейскага газу ў Еўрапейскім імпарце скарацілася з 45 % да 6 %».
Абʼяднная Еўропа ў гэты час паскорыла праграму пераходу на ўзнаўляльныя крыніцы энергіі, якія не пакідаюць таксічных і парніковых газаў.
«Да прыкладу ў Літвы ёсць інвестары, якія хочуць інвеставаць больш чым 4 млрд у сонечныя электрастанцыі. Гэта вельмі шмат для Літвы і гэта азначае, што праз 3-4 гады ў кожны дзень, калі свеціць сонца Літва будзе вырабляць больш электраэнергіі, чым яна спажывае», – кажа Мартынас Нагявічус.
Тое самае – з выкарыстаннем энергіі ветру. Да поўнамаштабных вайсковых дзеянняў Расеі ва Украіне Еўразвяз планаваў адмовіцца ад выкарыстання прыроднага газу да 2030-га году. Цяпер у планах – адмова ад расейскага газу «раней чым у 25-ым годзе» і без стратаў для Еўрапейскай энергетычнай галіны.
Юлія Цяльпук, «Белсат»