Для здароўя ці «для галачкі»? Медычны агляд зрабілі абавязковым


https://youtu.be/7l_D-juq5To?t=1497
Медычны агляд у Беларусі з пачатку гэтага года абʼявілі абавязковым і пагалоўным. То бок літаральна: яго мусяць прайсці ўсе – ад немаўлят да людзей сталага веку – паводле месца жыхарства або працы. Ідэя ўвогуле добрая, хоць і не новая, кажуць адмыслоўцы. Але не ўсё так адназначна.
«Для пацыента, для спажыўца гэта павінна выглядаць як вельмі простая нейкая дзея, – мяркуе каардынатарка Фонду медычнай салідарнасці Лідзія Тарасенка. – Прыйшоў чалавек на 1 дзень у бліжэйшую якую-небудзь паліклініку. А можа быць, ужо з сучаснымі тэхналогіямі – і не прыйшоў. Атрымаў па пошце пакет, адказаў на пытанні і здаў нейкія аналізы па кроплі крыві, адправіў назад па пошце».
Новы парадак аглядаў тлумачыць леташняя інструкцыя № 83 Міністэрства аховы здароўя. Згодна з дакументам, правяраць стан кожнага арганізму будуць незалежна ад наяўнасці або адсутнасці якіх-кольвек хваробаў.
Прафсаюзны актывіст, доктар Станіслаў Салавей бачыць у гэтым прафанацыю. Ён мае вялікі сумнеў, што такім чынам можна выявіць рак на ранняй стадыі або папярэдзіць інфаркт ці інсульт.
«Непазбежныя натоўпы ў паліклініках і амбулаторыях не маюць нічога агульнага са здаровым ладам жыцця, а траціць працоўны час на рэкамендацыю «харчавацца здорава і кінуць курыць» – проста злачынства. Дый няма яго, таго часу. І лішніх адмыслоўцаў для дыспансерызацыі – няма», – дадае Станіслаў Салавей.
Паводле рэспубліканскай базы вакансіяў, проста цяпер у Беларусі не стае:
  • 6236 дактароў;
  • 1332 фельчары;
  • 3425 медсёстраў.
Бракуе таксама лабарантаў і малодшага медычнага персаналу.
І вось яшчэ пытанне: як прымусіць чалавека прайсці агляд, калі ён не хоча ці не мае часу? Дакладнага адказу няма. На гэтую працэдуру даецца гэтак званае права аднаго дня – дадатковага выходнага, які аплочваецца наймальнікам. А дактары будуць выдаваць даведку, што пацыент быў у той дзень у паліклініцы. То бок… плюс яшчэ адна паперка!
«Дэяпансэрызацыя – гэта праца менеджменту. Там лекару рабіць наогул няма чаго, калі па-добраму, – кажа Лідзія Тарасенка. – А менеджарскай працы не відаць. Можа, яна дзесьці ёсць, старанна схаваная. Але ў нас няма ніякіх прыкметаў таго, што яна добра праходзіць».
Для якаснага менеджменту ў медыцыне Беларусі, як і ў іншых галінах, трэба ламаць усю сістэму, упэўненая Лідзія. Неабходна адмовіцца ад савецкіх стандартаў 70-ых – 80-ых гадоў мінулага стагоддзя і ўзяць на ўзбраенне сусветны досвед. Зрэшты, у краіне бесперапыннай, але стратнай «мадэрнізацыі» на гэта надзеі няма амаль ніякай. Нашто ж тады спатрэбіўся новы заезд па старых рэйках? Станіслаў Салавей даў вельмі простае тлумачэнне:
«Медычная галіна ў крызісе, цяпер трэба знайсці вінаватага. Хутчэй за ўсё, гэта будзе хтосьці з вышэйшых чыноўнікаў Міністэрства аховы здароўя. Ну, вось трэба выдаць, нібыта «бачыце, якія мы малайцы, вось такую ​​класную праграму прыдумалі, зараз усё як запрацуе!» А потым вінаватымі апынуцца дактары. Я гэта бачу проста як жаданне міністэрства стварыць патрэбную карцінку працы для аднаго… пенсіянера».
Падчас рыхтавання гэтага сюжэту ўсе суразмоўцы пагаджаліся, што сама па сабе дыспансэрызацыя – справа карысная і для кожнага жыхара, і для дзяржавы агулам. Але з цяперашнім станам медыцыны ў Беларусі, ды яшчэ такая маштабная – нерэальная.
Марына Яновіч, «Белсат».