3 снежня – Міжнародны дзень людзей з інваліднасцю


650 мільёнаў чалавек – каля 8% насельніцтва Зямлі – маюць інваліднасць. У абарону іхных правоў прынятыя сотні законаў, пастановаў і рашэнняў. Але ў жыцці, на жаль, вельмі часта атрымліваецца, што асоба з інваліднасцю застаецца сам-насам са сваёй хваробаю і сваімі праблемамі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Аляксандр Аўдзевіч родам з Ліды. Разбіўся на матацыкле, апынуўся ў інвалідным вазку. Але не здаўся, а стаў, бадай, самым вядомым вазочнікам у Беларусі. На сваім гэндбайку Саша аб’ехаў усю краіну, а пасля ўдзелу ў пратэстах 2020 года – і вялікую частку Еўропы. Цяпер у Варшаве стварае сетку кавярняў «Інклюзіўны барыста».

«Мая ідэя была якая: я ад пачатку раблю, каб гэта ўсё было даступна для людзей з інваліднасцю», – патлумачыў Аляксандр.

Людзі з інваліднасцю кажуць, што менавіта інклюзіўнасці ім бракуе ў Беларусі. Гэта датычыць працаўладкавання, навучання, наведвання спартовых, культурных і многіх іншых абʼектаў. Вядома ж, ёсць пэўныя вынікі ў стварэнні безбар’ернага асяроддзя, але пра роўныя магчымасці пакуль размовы няма.

«Мы яшчэ не жывем у нейкай такой супольнасці, дзе ўсе такія роўныя, усе ведаюць, што гэта – такая праблема, а гэта – такая, усе разумеюць, – кажа Аўдзевіч. – Не! Заўсёды ідзе такое спаборніцтва. Ну, можа гэта і ёсць такое нармалёвае становішча, дзе людзі апгрэйдзяцца».

«Апгрэйд» Сашы Аўдзевіча – гэта любімая праца, прыгоды, падарожжы ды дапамога іншым людзям з інваліднасцю.

Аляксандр Швед да нядаўняга часу жыў у Баранавічах. Працаваць ён хоча і можа, але трэцяя пажыццёвая група інваліднасці пасля аўтааварыі зрабіла пошук працы амаль непераадольным кўэстам. Каля 30 марных спробаў працаўладкавацца за 3 гады каго заўгодна давядуць да адчаю.

«Цэнтр занятасці, – паказвае дакументы Аляксандр. – Гэта пятнаццаты год. А яшчэ там чатырнаццаты ёсць, з трынаццатага года пачыналася. Мяне накіроўвалі. Мяне не бралі, не бралі, не бралі! Я падумаў, забіў на гэта ўсё і сказаў: да ну вас на фіг, я буду сам па сабе!»

Закон «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі», прыняты ў Беларусі сёлета, забараняе дыскрымінацыю з прычыны інваліднасці. Ён таксама гарантуе пенсіі, розныя віды льготаў і выплатаў, стварэнне безбарʼернага асяроддзя, забеспячэнне сродкамі рэабілітацыі ды шмат іншых пунктаў. Але, як кажуць самі людзі з інваліднасцю, у краіне, дзе «не да законаў», і гэты закон дзее не ў поўным абʼёме.

Тры гады таму ў Беларусі было амаль 7% насельніцтва з інваліднасцю. Цяпер – 6%, адзначыў Сяргей Драздоўскі, заснавальнік Офісу правоў людзей з інваліднасцю. Прычына, мяркуе Сяргей, – у тым, што дзяржаве невыгодна, каб людзі афармлялі інваліднасць.

«У Беларусі любая дапамога табе ў тваім стане, калі ёсць інваліднасць, залежыць ад таго, ці прызнаеш ты сябе інвалідам. А калі табе камісія не надае такі статус – ты пазбаўляешся ўсялякай дапамогі з боку дзяржавы».

Грамадзянам Беларусі, якія атрымалі інваліднасць у маладым узросце і не паспелі зарабіць працоўную пенсію, пры наяўнасці першай групы выплачваюць 373,81 рублёў, другой групы – 288,86 і трэцяй – 254,87 рублёў.

Вядома ж, пражыць на такія грошы проста немагчыма. Нягледзячы на статус «сацыяльнай дзяржавы». Людзі з інваліднасцю сутыкаюцца з тымі ж праблемамі, што і ўсе, – сцвярджае Сяргей Драздоўскі:

«Няма закона ў краіне, няма выбару ў краіне. Улада нелегітымная ў краіне. Але ж, калі мы кажам пра інваліднасць, чамусьці гэтыя пытанні не ўзнікаюць. Ведаеце чаму?.. Таму што гэтыя людзі жывуць па-за межамі нармальнага жыцця!»

Правілы забеспячэння даступнасці для інвалідаў, зацверджаныя днямі Саветам Міністраў, прадугледжваюць сітуацыйную дапамогу такім грамадзянам незалежна ад наяўнасці безбарʼернага асяроддзя на абʼекце. Але як будуць выконвацца гэтыя правілы – ну, паглядзім.

Марына Яновіч, «Белсат»