Дармаедам налічаць падвышаную камуналку прамінулым днём


Лукашэнка ніяк не можа адчапіцца ад не занятых у эканоміцы. Цяпер улады прыдумалі спаганяць грошы з так званых дармаедаў прамінулым днём. Як гэта будзе працаваць на практыцы і каго датычыць?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Дзяржава перагледзіць спісы працаздольных асобаў, не занятых у эканоміцы. Калі высветліцца, што так званы дармаед павінен быў быць у спісе раней, чым ён там з’явіўся, то яму налічаць даплату за камуналку прамінулым днём. Гэта вынікае з пастановы Савету Міністраў, якая набудзе моц ужо заўтра, 4 лістапада.

«Эканамічнай логікі, канешне, няма, абсалютна няма. Адсюль напрошваецца адна выснова, што мэта не ў зборы грошай, а ў кантролі грамадзянаў яшчэ большым і сурʼёзным – і фінансуецца гэты кантроль за кошт дармаедаў», – кажа эканаміст Аляксей Харкевіч.

Пастанова ахоплівае найбольш важкія тарыфы за камуналку: ацяпленне, гарачую ваду і газ. Поўны тарыф на цеплазабеспячэнне (Br 126,3 за 1 Гкал) ад субсідаванага (Br 24,7 за 1 Гкал) адрозніваецца болей чым у 5 разоў. Такім чынам, сталічная двухпакаёўка на ўмоўна 50 квадратаў паводле льготнага тарыфу абыдзецца ў 25 рублёў, а паводле поўнага тарыфу – у 128 рублёў.

«Сто мільёнаў – гэта зараз беларускі бюджэт столькі атрымлівае ад існавання факту беларускіх дармаедаў. Уся размова ідзе пра 0,1 адсотка рэспубліканскага кансалідаванага бюджэту, то бок гэта зусім не тыя сумы, якімі можна ўратаваць беларускую эканоміку», – кажа эканаміст Аляксей Харкевіч.

Рэжым Лукашэнкі вядзе ажно два спісы працаздольных асобаў, не занятых у эканоміцы. Да першага належаць грамадзяне, якія жывуць у Беларусі. Гэты спіс абнаўляецца раз на квартал. Да другога належаць беларусы, што выехалі з радзімы больш чым на 30 дзён. Краіны ЕАЭС – выключэнне. І гэты спіс абнаўляецца раз на месяц паводле звестак Памежнага камітэту.

«І кожны чалавек з Еўропы цяпер будзе разумець, што калі яму неабходна вяртацца ў Беларусь, то ён будзе сплочваць гэтыя грошы, а тыя, хто не можа ці не хоча вяртацца, будзе ўвесь час павінны. А ў выпадку неаплаты пасля можна было гэтае жыллё і забіраць, то бок за неаплату жылля цябе можна адключыць, а пасля прымусіць прадаць у інтарэсах дзяржавы», – лічыць блогер, аўтар

Youtube-каналу «Реальная Беларусь» Арцём Шапараў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пратэст супраць дэкрэту №3.
Фота: Белсат

Лукашэнка падпісаў так званы Дэкрэт пра дармаедаў яшчэ ў 2015 годзе, але пасля моцнага грамадскага ціску спагнанне грошай з беспрацоўных замарозілі. І ўсё ж такі ў 2019-м улады вынайшлі спосаб, як завуалявана атрымаць так званы падатак на дармаедства – яны ўвялі падвышаныя тарыфы на камунальныя паслугі для тых, хто афіцыйна не працаўладкаваны.

«Лукашэнка будзе помсціць кожнаму беларусу, які выступіў супраць яго, кожнаму. І да каго яны цяпер яшчэ не дабраліся, яны дабяруцца. Такімі законамі ці іншымі – гэта не мае значэння, бо ў Беларусі ні закону, ні эканомікі. На жаль», – мяркуе лічыць блогер, аўтар Youtube-каналу «Реальная Беларусь» Арцём Шапараў.

Згодна пастанове, колькасць месяцаў і кварталаў, за якія чыноўнікі могуць налічыць падвышаную камуналку прамінулым днём, – неабмежаваная.

Аліна Скрабунова, «Белсат»