Газавы шантаж Пуціна: чым адкажа Еўропа?


Расейскі дзяржаўны манапаліст «Газпром» цалкам спыніў трубаправод «Паўночная плынь – 1» яшчэ 31-га жніўня – да 3-га верасня. Тэрміны прайшлі, а труба газу не пампуе. Афіцыйная прычына – няспраўнасць на газапампавальным агрэгаце кампрэсарнай станцыі «Партовая», нібыта выцек алею. Кампанія «Siemens Energy», якая забяспечвала турбіны для «Паўночнай плыні», у суботу заявіла, што такая няспраўнасць рамантуецца на месцы і не можа спыніць працы ўсяго газаправоду.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Чаму ж «Газпром» не хоча забіраць адрамантаваную турбіну, якая чакае прадстаўнікоў гэтай кампаніі ў Нямеччыне? І з 8 турбінаў на станцыях задзейнічаная толькі палова. Астатнія ў рэзерве», – нагадвае эксперт у энергетычных пытаннях Генадзь Рабцаў.

Але пакуль што газаправод спынены на нявызначаны тэрмін. Еўразвяз успрымае дзеянні Масквы як палітычны ціск і зрыў дзейных кантрактаў.

«Пуцін робіць яшчэ адзін крок да спынення экспарту газу? Гэта было б парушэннем кантрактаў, і ўсе спадзяюцца, што гэтага не адбудзецца. А калі адбудзецца, будуць наступствы, але мы месяцамі рыхтаваліся да гэтай рызыкі», – заявіў у суботу еўрапейскі камісар у эканоміцы Паўлё Джэнтылёні.

Напрыклад, газасховішчы ў дзяржавах Еўразвязу запаўняюць на зіму з апярэджаннем графіку. Нямеччына фрахтуе яшчэ адзін плывучы тэрмінал для прыёму звадкаванага прыроднага газу танкерамі – усяго тэрміналаў будзе 5.

«Паўночная плынь – 1» мела магутнасць 55 мільярдаў кубаметраў газу на год. Мы дасягнем адзнакі 25–30 мільярдаў разам з прыватнымі і іншымі праектамі, а калі ўсе працэсы пойдуць хутка, то ў наступным годзе ў нас будзе зусім іншая сітуацыя, калі інфраструктура будзе гатовая», – заявіў міністр эканомікі Нямеччыны Робэрт Хабэк.

Як раней заяўляў Робэрт Хабэк, залежнасць Нямеччыны ад расейскага газу будавалася дзесяцігоддзямі, а новую інфраструктуру ўзводзяць прыспешанымі тэмпамі. Пры гэтым Расея не зможа цалкам замясціць еўрапейскага рынку, мяркуе эксперт Цэнтру Разумкова Уладзімір Амельчанка.

«Рынак Еўразвязу быў 155 млрд кубаметраў за год. А летась у той жа Кітай яны прадалі каля 10 млрд кубаметраў. Гэта зусім розныя лічбы», – тлумачыць Уладзімір Амельчанка.

Вынік адчуюць на сабе працаўнікі ўсяго энергетычнага сектару Расеі.

«Здабыча і нафтавай сыравіны, і прыроднага газу ў наступным годзе скароціцца – паводле некаторых ацэнак расейскіх экспертаў – прынамсі на траціну. І Расея будзе пазбаўляцца той энергетычнай зброі, якой яна цяпер карыстаецца», – прадказвае Генадзь Рабцаў.

Каб Крэмль не мог фінансаваць вайны супраць Украіны, дзяржавы G7 – «Вялікай сямёркі» – дамовіліся аб механізме «цанавога бар’еру» на расейскую нафту і заклікаюць іншыя дзяржавы далучацца. Канада, Францыя, Нямеччына, Італія, Японія, Вялікая Брытанія і ЗША забароняць страхаваць і фінансаваць транспартаванне танкерамі расейскай нафты вышэй за пэўны кошт за барэль – яго пакуль вызначаюць. Улады Расеі абяцаюць, што спыняць экспарт усім, хто будзе ўдзельнічаць у абмежаванні цэнаў на нафту, але эксперты сумняюцца, што гэтая пагроза выканальная.

«Калі яна яшчэ страціць рынак часткі краінаў Афрыкі, Цэнтральнай Азіі, Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну, Паўднёвай Афрыкі, то будзе проста катастрафічнае падзенне здабычы нафты ў Расеі, і гэта будзе катастрофа для ўсёй нафтавай галіны Расеі», – тлумачыць Уладзімір Амельчанка.

5 снежня набывае моц поўная забарона на паступленне расейскай нафты ў Еўразвяз – апроч той, што пад «цанавым барʼерам», а з 5-га лютага – забарона на нафтапрадукты.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»