Аляксандр Гутар узяў удзел у «пакаянным» відэа


Хочаш гуляць у чэмпіянаце Беларусі, але ў 2020-ым падпісаў ліст супраць ґвалту сілавікоў. Паводле Міністэрства спорту, выйсце адно: пакаяцца. Гэтым разам, каб вярнуцца ў БАТЭ, у «пакаянным» відэа разам з прапагандыстамі ўзяў удзел былы брамнік нацыянальнай зборнай Аляксандр Гутар.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Апошнім часам галкіпер выступаў за казахскі «Акс». Аднак праз дрэнныя паказнікі быў вымушаны скасаваць з камандаю кантракт. Каб ізноў працягнуць кар’еру ў Беларусі, яму спатрэбілася пакаяцца за выказванні ў 2020-ым.

«У 2020 годзе я ўзяў удзел у запісе відэа супраць гвалту, але мэту пераследаваў толькі адну – каб канфлікт хутчэй завяршыўся. Нікога ні да якіх радыкальных дзеянняў не заклікаў. На жаль, іншы бок перавярнуў усё на сваю карысць. Я заявіў, што ні ў чым браць удзелу не буду і ніякіх спісаў падпісваць не збіраюся. Я не ёсць і ніколі не быў нейкім апазіцыянерам, не цікавіўся і не цікаўлюся палітыкай. Я футбаліст і мушу займацца сваёй справаю», – заявіў былы брамнік зборнай Беларусі па футболе Аляксандр Гутар.

Таксама Гутар дадаў, што ні на адзіны «дэструктыўны канал» падпісаны не быў і іх не чытаў. Паводле галкіпера, патрыёты цяпер у сваёй краіне, а не за яе межамі.

«Калі ты ў Беларусі, то патрыёт, калі не – то не патрыёт. Дзіўна гэта чуць ад спартоўца, які сам выязджаў за межы краіны, каб зарабіць грошай, і тады гэта здавалася натуральным», – заўважыў Алег Гаруновіч, галоўны рэдактар «tribuna.com».

У стылі праўладных спартоўцаў Гутар заявіў, што для яго вялікі гонар выступаць за нацыянальную каманду.

Аляксандр Гутар.
Фота: wikipedia.org

«Я не да канца разумею, ці перастала ягоная жонка Марыя Някрасава быць патрыёткаю, калі мінула беларускую дзяржаўную мяжу. І ўвогуле, як працуе гэты прынцып вызначэння патрыятызму паводле геаграфічнай прыкметы», – падкрэсліў Алег Гаруновіч галоўны рэдактар «tribuna.com».

Крыху раней «пакаянным» відэа адзначаўся і былы гулец нашай нацыянальнай футбольнай зборнай Станіслаў Драгун. У 2020-ым ён падпісаў ліст супраць ґвалту, а пазней яму не дазволілі гуляць у Беларусі.

«Для мяне ні Гутар, ні Драгун ніяк у маіх вачах не змяніліся. Я не хачу іх называць ахвярамі, бо яны ў іншым месцы, за кратамі. Гэта проста прыстасаванцы, як ёсць», – распавёў Яраслаў Пісарэнка, блогер з каналу «Честнок».

Цяпер за кратамі – дзясяткі людзей, звязаных са спортам. Толькі напярэдадні за каментары ў сацыяльных сетках у Горадні сілавікі затрымалі двух прадстаўнікоў футбольнага клубу «Нёман».

Павел Алейнікаў, «Белсат».