Перарэгістрацыя партыяў – рэжым баіцца паўстання


Дзве апазіцыйныя партыі падалі дакументы на перарэгістрацыю. Услед за Беларускай партыяй зялёных паперы ў Міністэрства юстыцыі адправіла партыя левых «Справядлівы свет».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«З’езд палічыў, што астатнія варыянты зʼяўляюцца горшымі. А іх два: самаліквідацыя ці ліквідацыя партыі, бо не падалі. Мы падалі [дакументы], і няхай улада вырашае, што ёй цяпер рабіць», – распавяла крыніца @pozirkonline

Як і зялёныя, «Справядлівы свет» не перадаў міністэрству спіс сябраў партыі, каб захаваць іхную бяспеку.

«Лукашэнка зразумеў, што калі рана ці позна даваць волю нейкай думцы, гэта прывядзе да новага паўстання, якога ён страшна баіцца цяпер», – адзначае Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік праекту @pozirkonline

Цягам апошніх дваццаці трох гадоў рэжым не зарэгістраваў ніводнай апазіцыйнай палітычнай партыі. Сёлета ж дзейныя партыі мусяць прайсці перарэгістрацыю паводле новых правілаў. Так, трэба мець не менш за 5000 сябраў у складзе і арганізацыйныя структуры ва ўсіх рэгіёнах краіны, замацаваць у статутах абавязковыя агульныя для ўсіх мэты, напрыклад, цытата, забеспячэнне грамадзянскае згоды. Закон прыняты з падачы міністра юстыцыі, які не мае юрыдычнай адукацыі. Зрэшты, яшчэ прызначаючы Сяргея Хаменку на пасаду, узурпатар адкрыта прызнаваў:

«Размоваў пра тое, юрыст не юрыст». (…) «Патрэбныя дысцыплінаваныя, адданыя людзі. Там нельга будзе цяпер лічыць да трыццаці, дваццаці ці нават да трох. Там трэба прымаць рашэнні або рэалізоўваць прынятыя рашэнні».

Лічыць міністр сапраўды доўга не збіраецца – яшчэ ў лютым, размаўляючы з ОНТ, ён ведаў, колькі з 15 партыяў пройдуць перарэгістрацыю:

«Колькасць партыяў зменшыцца да трох-чатырох».

Паводле палітычнага аглядальніка Аляксандра Класкоўскага, хутчэй за ўсё рэжым пакіне толькі «Белую Русь», Камуністычную партыю і Ліберальна-дэмакратычную партыю Гайдукевіча-малодшага:

«Там жа ёсць сацыяльна-спартыўная, аграрная і іншыя такія фанерныя бутафорскія партыі. Можа, і яшчэ адну, калі добра яны будуць старацца, таксама перарэгіструюць. Вось і ўся гэтая ўбогая, канешне, карціна, але сама ўлада цяпер такая ўбогая».

На сёння двое лідараў афіцыйна зарэгістраваных партыяў – палітвязні. Сярод іх – старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў, якога ўвесну змяшчалі ў карцар і не пусцілі развітацца з маці.

«Паведамленне аб тым, што маці пайшла ў іншы свет, ён атрымаў недзе амаль праз 2 тыдні пасля ейнага пахавання. І гэта, канешне, жудасна. Але цяпер аднавілася камунікацыя з ягонымі роднымі. Ад астатніх ён не атрымлівае ніякіх ані лістоў, ані тэлеграмаў», – распавядае былы старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Палітвязень, лідар партыі БНФ Рыгор Кастусёў ужо больш як месяц – у турэмным шпіталі. За кратамі ў яго знайшлі анкалагічную хваробу. БНФ як і АГП, не збіраецца падаваць ніякіх дакументаў:

«Закон аб палітычных партыях не адпавядае Канстытуцыі, значна пагаршае сітуацыю з палітычнымі партыямі і ўвогуле палітычнае жыццё ў краіне. Безумоўна, для нас як для арганізацыі прыярытэтнымі ёсць статутныя мэты ды задачы і бяспека нашых сябраў», – тлумачыць Вадзім Саранчукоў, выканаўца абавязкаў старшыні партыі БНФ.

У зняволенні цяпер – лідар «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» Павел Севярынец і старшыня «Народнае грамады» Мікалай Статкевіч, пра якога няма ніякіх звестак вось ужо 114 (!) дзён.

У панядзелак прадстаўнікі беларускіх партыяў правядуць прэс-канферэнцыю, прысвечаную так званай перарэгістрацыі.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»