Кляшчы атакуюць


Травень нясе з сабою цяпло. А значыць, людзі больш і больш пачнуць бавіць час на прыродзе. Вось толькі выпраўляючыся ў лес ці на возера, нават на шпацыр у парк, забываемся пра небяспеку, што тоіцца ў маладой траве і кустоўі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Кляшчы. Для чалавека гэтыя павукападобныя крывасмокі могуць быць пераносчыкамі жыццёва небяспечных хваробаў: клешчавага энцэфаліту і барэліёзу, або хваробы Лайму.

Пад канец зімы і напачатку вясны ва ўстановы аховы здароўя Беларусі з укусамі кляшчоў звярнуліся больш чым дзвесце асобаў – утрая болей, чымся летась. Пік зваротаў звычайна прыпадае на канец вясны і летнія месяцы. Паводле інфармацыі Мінздароўя, сёлета колькасць кляшчоў у беларускіх лясах вырасла на дзесяць адсоткаў.

«Сітуацыя на ўзроўні шматгадовых назіранняў. Мы проста папярэджваем цяпер людзей, аб павышанай актыўнасці кляшчоў. Каб яны звярталі ўвагу пры наведванні лясоў», – кажуць у Менскім гарадскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.

Кляшчы любяць цяпло, вільгаць і цень. Найбольш спрыяльныя для іхнага пражывання мясціны – змяшаныя лясы з высокаю травою, зарослыя яры ды берагі вадаёмаў. «Падхапіць» кляшча можна і ў сябе на лецішчы або ў межах гораду: парках, скверах ды нават у двары сярод шматпавярховікаў. Крывасмокі могуць перасоўвацца на птушках, дзікіх жывёлінах, дробных грызунах ці на поўсці хатніх гадаванцаў.

«Як правіла інфікаваныя кляшчы знаходзяцца ў траве, але могуць быць і на дрэвах. І мы канстатуем рызыку захварэць у гарадской зоне. На што яшчэ звяртаем увагу? Хатнія гадаванцы. Сабакі. Заўважаем, што колькасць крывасмокаў нават на апрацаваных сабаках вельмі расце», – распавядае Аляксандр Дуда, загадчык кафедры інфекцыйных хваробаў Нацыянальнага ўніверсітэту аховы здароўя імя Шупіка (Украіна).

Калі вас укусіў клешч, галоўнае – не панікаваць. Крывасмока можна выдаліць самастойна з дапамогаю пінцэта або баваўнянай ніткі: заціснуць пятлю як мага бліжэй да хабатка кляшча і выкручваць. Але лепш гэта зрабіць у траўма пункце больніцы ці ў паліклініцы.

«Кантраляваць месца ўкусу. Калі ідзе пачырваненне, то варта звярнуцца да вашага ўчастковага тэрапеўта», – распавядае Георгій Шылін, бацька дзяўчынкі, якую пакусаў клешч, і які нядаўна звяртаўся да лекара.

Сачыць пасля ўкусу варта і за агульным самаадчуваннем. Спраўджваць у сябе першыя сімптомы энцэфаліту ці барэліёзу.

«Энцэфаліт мае шэраг сімптомаў. Пачынаючы ад згубы памяці (у вас выпадаюць з памяці кавалкі падзеяў) да развіцця менінгаэнцэфаліту. Тады назіраюцца прыкметы раздражнення мазгавых абалонак. Вас ванітуе, рве, баляць вочы. Галаўны боль. Ванітаванне, якое не прыносіць палёгкі», – распавядае Аляксандр Дуда, загадчык кафедры інфекцыйных хваробаў Нацыянальнага ўніверсітэту аховы здароўя імя Шупіка (Украіна).

А вось заносіць кляшча на аналіз у лабараторыю вялікага сэнсу не мае, кажуць медыкі. Па-першае, там крывасмока правераць толькі на адную з магчымых хваробаў. Па-другое, тэст будуць рабіць занадта доўга. Да таго ж, напрыклад, патагенны Лайм-барэліёзу выявілі толькі ў трыццаці адсотках прынесеных да дактароў кляшчоў.

« Не заўсёды ўкус кляшча, нават калі ён інфікаваны энцэфалітам, азначае, што чалавек інфікаваны. Што зменіць гэтае веданне? Нічога. Клешч інфікаваны барэліёзам? Тады мы б маглі сказаць, што пачнем супрацьвірусную прафілактыку, але тэрмін выраблення тэстаў даўжэйшы за час, калі эфектыўная прафілактыка», – распавядае педыятр Мая Церакулава.

Лайм-барэліёз даволі паспяхова лечыцца з дапамогаю антыбіётыкаў, а вось пры барацьбе з клешчавым энцэфалітам крытычна важна пачаць лячэнне як мага хутчэй. Кошт зацягвання – магчымы паралюш і нават смерць. Пазбавіцца рызыкі захварэць можна праз вакцынацыю.

«Зрабіць вакцынацыю можна ў дзяржаўнай паліклініцы. Для гэтага трэба напісаць заяву, але чакаць прыйдзецца вельмі доўга. Лягчэй атрымаць прышчэпку праз прыватныя цэнтры. На жаль, яны ў нас болей эфектыўна праводзяць вакцынацыю ад энцэфаліту, чым дзяржава», – кажа Мая Церакулава.

Што праўда, у прыватных клініках вакцына можа быць не заўсёды, дадае Мая Церакулава.

Засцерагчыся ад укусу кляшча даволі лёгка. Збіраючыся на прыроду, ахвяруйце модным выглядам. Нягледзячы на спякоту, абярыце кашулю ці футболку з даўгім рукавом, пажадана з высокім каўняром і шчыльнымі манжэтамі. Гэтаксама аддайце перавагу нагавіцам, а не шортам. І найлепей заправіць іх у шкарпэткі ці абутак. Не забывайцеся пра галаўны ўбор. І карыстайцеся спецыяльнымі спрэямі-рэпелентамі. Перыядычна апрацоўвайце сваіх гадаванцаў, а пасля шпацыру агледзьце іх, каб пераканацца ў адсутнасці на поўсці і целе непажаданых пасажыраў-крывасмокаў.

Аляксандр Баразенка, «Белсат»