Кошты на какававыя зярняты б‘юць рэкорды: ці чакаць шакаладнага крызісу?


Падаражэнне ключавога інгрэдыенту для стварэння шакаладу – какававых зярнятаў – паўплывае на сусветны попыт прадукту. Яны выраслі ў кошце да новага гістарычнага рэкорду. За апошнія некалькі месяцаў біржавыя цэны падскочылі амаль у два з паловаю разы. Гэта можа азначаць, што шакалад і ўсе вырабы, дзе ён выкарыстоўваецца, у тым ліку глазураваныя сыркі, зробіцца вырабляць даражэй. Чаму склалася такая сітуацыя з какававымі зярнятамі на сусветным рынку і ці трэба чакаць падаражэння гатовай прадукцыі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Кошты на какававыя зярняты на сусветных біржах б’юць гістарычныя рэкорды, сягаючы 10-ці тысяч долараў за тону. Рост цэнаў абумоўлены дэфіцытам ураджаю ў ключавых вытворцаў Заходняй Афрыкі, што працягваецца ўжо некалькі сезонаў. Сёлета сітуацыя абвастрылася праз экстрэмальныя ўмовы надворʼя і хваробы сельскагаспадарчых культураў.

«На дрэве з‘яўляюцца струкі, а з іх – бабы. Таму, калі дрэвы былі заражаныя пратазойнаю віруснаю хваробаю, гэта аслабляе іх здольнасць прыносіць кветкі», – распавядае каардынатар акругі Осіна Эмэньюэл Агбэефэй.

Акрамя таго, цярпяць заходнеафрыканскія вытворцы і ад чорных капальнікаў. Гэтак, у Гане і Кот-дʼІвуары, на долю якіх прыпадае больш за палову сусветнага ўраджаю какававых зярнятаў, плантацыі дрэваў месцяцца на землях, якія ўтрымліваюць золата. Для здабычы каштоўнага металу пасадкі незаконна знішчаюцца. Толькі за апошнія гады такім чынам было страчана каля 20-ці тысяч гектараў.

«Калі ўлічыць колькасць разбураных фермаў, відавочна, што наступствы велізарныя. Гэта моцна ўплывае на нашую прадукцыйнасць. У выніку нелегальнай здабычы карысных выкапняў шмат фермаў перастала працаваць, некаторыя цяпер на мяжы закрыцця. Нам цяжка справіцца з такім уздзеяннем на гэту галіну вытворчасці», – кажа дырэктар камунікацыяў «Cocobod» Фіфі Боўфур.

Уплывае на падвышэнне коштаў і цяжкасці з карабельствам у Чырвоным моры. У сваю чаргу гэта прыводзіць да росту цэнаў на шакалад. Гэтак, у Францыі ўладальнікі крамаў мусілі змяніць цэннікі, каб падтрымаць свой бізнес.

Продовольственное эмбарго, продукты питания в магазине «Гиппо», импортные продукты, магазинный ассортимент
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Паліцы з прадуктамі ў краме «Гиппо». Менск, Беларусь. 8 снежня 2021 года.
Фота: Белсат

«Буйныя кампаніі, якія закупляюць шакалад, будуць глядзець ужо на іншыя краіны яго паходжання. Якасць нашай прадукцыі вельмі важная для нашага іміджу. Нягледзячы на высокія кошты, мы імкнёмся павялічыць асартымент прадуктаў у нашай краме», – адзначыла прэзідэнтка «Edwart Chocolatier» Жульет Білет дэ Вільмёр.

«Я спажываю менш шакаладу, чымся раней, бо кошт усё вышэйшы і вышэйшы. Але ўсё роўна мне хочацца выбіраць найлепшы тавар», – распавёў пакупнік з Парыжу.

Какававыя зярняты – гэта імпартны прадукт і для нашай краіны, таму яго падаражэнне не застанецца незаўважаным для вытворцаў і спажыўцоў прадукцыі.

«Натуральна, з улікам таго, што какава-алей і какава-бабы патрэбныя ў вытворчасці, у любым выпадку людзі хутчэй за ўсё адчуюць на сабе пэўны рост коштаў, які будзе назірацца на шакаладную прадукцыю ўнутры краіны», – удакладніла экспертка цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Настасся Лузгіна.

Нярэдка вытворцы шукаюць выйсце: ці то памяншаюць аб’ёмы, ці то ахвяруючы якасць, выбіраючы больш даступныя інгрэдыенты.

«Раслінныя тлушчы дазваляюць замяніць какава-масла на смак, але часцяком тут пакутуе якасць. Цалкам магчыма, што для патанення прадукцыі беларускія вытворцы будуць больш выкарыстоўваць вось гэтыя замяняльнікі», – распавяла экспертка цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Настасся Лузгіна.

Паводле прагнозаў экспертаў, сезон 2023-га і 2024-га гадоў, які завяршаецца сёлета ў верасні, дасць не больш за 700 тысяч тонаў какававых зярнятаў, што на 150 тысяч тонаў менш, чымся чакалася. Гэта ўжо называюць мінімальным паказнікам за апошнія 14 гадоў.

Павел Алейнікаў, «Белсат»