Хто разбамбіў беларускія дарогі?


Сапраўднае стыхійнае бедства прыйшло ў беларускія гарады і вёскі: спачатку снег, потым – вясна. І цяпер у дварах ды на дарогах бруд і ледзь не жыццё людзей на балоце. Даводзіцца ўжываць эвакуатары, каб выцягнуць легкавыя аўтамабілі. А тэхніка і камунальныя службы дапамагчы не ў сілах. Мясцовыя ўлады просяць пачакаць. Можа, лета? Пакуль само высахне?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Горадня, мікрараён Зарыца-5. Сюды адмаўляюцца ездзіць таксісты. Тут можна пакінуць падвеску. Бо праехаць можна або ў мароз, або ў сушу. І гэтую дарогу разбурылі не бамбёжкі і не натаўскія танкі – яна заўжды такая.

А гэта аграгарадок Урыцкае пад самым Гомлем пасля сыходу снегу. Ужо гадоў 15 мясцовыя жыхары чакаюць новага асфальту. Ездзяць вось па гэтым.

Гэта ўжо Менская вобласць, Слуцкі раён, вёска Вялікая Сліва. Калі ідзе дождж, да дому пад’ехаць немагчыма, і падысці цяжка. Жыхары прасілі грэйдар – сельсавет адправіў заяўку, а грэйдара не даслаў.

На жаль, гэта звычайная справа і ў гарадах, і ў вёсках, кажа Юрась Губарэвіч. 20 гадоў таму ён стаў мясцовым дэпутатам у Белаазёрску, менавіта каб упарадкаваць двары і дарогі для сябе і суседзяў.

«Напрыклад, ёсць праблема з водаправодам, прыязджаюць службы, рамантуюць, перакопваюць дарогу, пакідаюць за сабой зруйнаваны асфальт. І гэта так застаецца, бо яны не абавязаныя займацца дарожным пакрыццём, і ніхто гэтым пакрыццём потым на займаецца», – кажа старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.

Менавіта так здарылася ў Добрушы Гомельскай вобласці. Да паказнога Дня пісьменнасці там перакапалі камунікацыі, паднялі асфальт і газоны, і так пакінулі. Цяпер жыхары дому №3 на праспекце Міра не могуць заехаць у двор, бо дарогі няма з восені. І рамонту пакуль не будзе.

«Зімой гэтага не робяць. Увосень не зрабілі з абʼектыўных прычынаў. Не хапіла сродкаў і магчымасцяў. Там да восені капалі. Але да вясны рамантаваць не будуць, бо мусіць высахнуць», – тлумачаць у Добрушскім раённым выканаўчым камітэце.

У выканкаме людзям кажуць: не можаце праехаць сваёй машынай дадому – хадзіце пешкі. А як хуткая дапамога не зможа праехаць, то выклічам ратаўнікоў з МНС. А пакуль чакайце, бо зіма.

«У нас не настолькі суворыя зімы, каб немагчыма было нічога зрабіць. І ўся Еўропа, у тым ліку паўночная, жыве пры абсалютна нармальных дарогах. Я сам падарожнічаў па Фінляндыі. Цудоўны асфальт», – распавядае Юрась Губарэвіч.

Чаму так? Бо ў Фінляндыі ёсць канкурэнцыя дарожных і камунальных кампаніяў, ёсць сапраўдныя тэндары і ёсць выбарнасць мясцовай улады. Таму фінскія раённыя дэпутаты зацікаўленыя ў тым, каб іх дарогі рамантавалі танна, але надзейна.

Аднак і беларусы могуць прымусіць дэпутатаў мясцовых саветаў сачыць за выканкамамі, каб тыя трымалі дарогі ў парадку, тлумачыць праваабаронца Павел Левінаў. Калі няма дарогі – трэба пісаць звароты ў раённыя адміністрацыі, гарвыканкамы і гэтак далей. Плюс пракуратура, як наглядны орган, мусіць прымаць звароты ад грамадзян пра невыкананне адпаведных працаў.

«Апроч таго, у нас адпаведна Канстытуцыі ёсць Камітэт дзяржаўнага кантролю. Можна звярнуцца туды наконт таго, што нейкія дзяржаўныя органы не выконваюць заканадаўства», – нагадвае Павел Левінаў.

Калі мясцовыя органы ўлады не рэагуюць – можна і патрэбна звяртацца ў суд з позвамі або са скаргамі на бяздзеянне, кажа Павел Левінаў. Некалькі гадоў таму праваабаронца разам з суседзямі праз судовае рашэнне прымусілі мясцовыя ўлады пашырыць праезд у двары, заасфальтаваць яго, павялічыць стаянку на 20 месцаў аўтамабіляў, ды выкласці ходнік брукаванкай.

«У Беларусі адсутнічае інстытут правасуддзя. Але, як праваабаронца, я перакананы, што трэба выкарыстоўваць тыя механізмы, якія не працуюць, бо гэта – прававы механізм», – падкрэслівае Павел Левінаў.

Таксама жыхары Віцебску, Полацку, Веткі ды іншых гарадоў актыўна ўжываюць пакуль дасяжны сродак дагрукацца да ўладаў, падпісваюць петыцыі з далучанымі фатаграфіямі разбітых дарогаў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»